Ахова спадчыны мэтадам зачысткі

 

У раньнія гады станаўленьня, як думалася, беларускай дзяржаўнасьці, Савет Народных Камісараў Беларусі прыняў дакумэнт аб ахове помнікаў даўніны. Дзяржава брала пад апеку каля сотні аб’ектаў архітэктуры, мастацтва і прыроды. Там былі Менскае замчышча, Камароўскае балота, дамініканскі, езуіцкі, бэрнардынскія касьцёлы ў Менску, касьцёл і царква ў Заслаўі, будынкі Віцебску, Полацку. Але калі дзяржава разгарнула вайну з «рэлігійным цемрашальствам», шэраг выдатных помнікаў дойлідзтва зьнішчылі. У Менску ў 1934 г. ня стала Сьвятадухаўскай царквы на Высокім рынку, якая да гэтага была перабудаваная ў ХІХ ст. У Віцебску ў 1936 г. узарвалі Ўваскрасенскую царкву і ў 1937 годзе моцна пашкодзілі Ўсьпенскі сабор. Але ў перадваенны час цалкам яго зьнішчыць ня здолелі. Дабілі выдатны позьнебарочны помнік пасьля вайны, калі тэхналёгіі зьнішчэньня, як і патрэбная для гэтай справы тэхніка ды іншы рыштунак былі даведзеныя да неабходнай дасканаласьці.

Шмат якія з прынятых пад ахову помнікаў былі зьнішчаны пасьля вайны. У Менску, да прыкладу, зьнесьлі рэшткі пашкоджанага ў вайну дамініканскага касьцёла. За яго, між іншым, зь Нямеччыны нават спагналі кантрыбуцыю.

Вайна Савецкага Саюзу зь Нямеччынай дала магчымасьць сьпісаць шмат якія страты на ліхалецьце ваеннага часу. Праз колькі гадоў пасьля перамогі над гітлераўскім фашызмам менавіта на ваенныя разбурэньні быў аднесены знос многіх унікальных помнікаў даўніны. У 1957 годзе магілёўская ратуша была разбураная ўжо пасьля таго, як у ёй пачаліся рамотныя работы. У тым самым 1957 годзе ў Віцебску амаль цалкам былі вынішчаныя старасьвецкія будынкі, архітэктурныя дамінанты гораду. Тое ж у гэты час і нават раней адбывалася ў Слоніме, Пінску, Горадні, ва ўсёй Беларусі. І толькі пасьля ўсесаюзнага скандалу, які ўзгарэўся, калі зьнішчылі ў 1961 г. царкву Зьвеставаньня ХІІ ст. у Віцебску, руйнаваньне старой архітэктуры было прыпынена. Але ненадоўга. У канцы 60-х — пачатку 70-х г. распачалося разбурэньне грамадзянскай забудовы на вуліцы Леніна ў Віцебску. У тыя ж часы праводзілася руйнаваньне Нямігі ў Менску.

Да апошніх падзеяў спрычыніўся сам Пятро Машэраў. Творчая інтэлігенцыя паспрабавала стаць на абарону адной са старажытнейшых сталічных вуліц. І тады першы сакратар ЦК КПБ прапанаваў творцам памяняцца з жыхарамі няміскіх мураванак сваімі ўтульнымі кватэрамі. Пісьменьнікам ды мастакам ня стала ні розуму, ні адвагі, каб запатрабаваць правядзеньня рэстаўрацыі перад іхным перасяленьнем у будынкі ста-двухсотгадовай даўніны. Ня той быў досьвед, ня той узровень мысьленьня.

Баль правіла прыдворная архітэктурная зборня. Выхаваная на прыкладах «белакаменнага дойлідзтва Расеі», яна праз адсутнасьць нечага такога ў Беларусі не ўспрымала нацыянальных асаблівасьцяў у архітэктуры, як і ўвогуле не прымала праяваў беларускасьці ні ў чым. Ім няўцям было, што беларускія землі разьвіваліся ў кантэксьце эўрапейскіх культурных плыняў. Яны не дапускалі магчымасьцяў выяўленьня ў беларускай архітэктуры прыкметаў раманскага стылю, фармаваньня ўласных традыцыяў готыкі, рэнэсансу, барока. Такой рознастылёвасьці, нязнанай на бязьмежных расейскіх прасторах, не маглі ўспрыняць выпеставанцы савецкай адукацыйнай сыстэмы, хоць многія архітэктары прыйшлі з навучальных установаў Ленінграду, які яшчэ выяўляў прыкметы некаторай культурнай адметнасьці, але ж таксама быў прасякнуты духам «трэцяга Рыму». Пра той пэрыяд вядомы ананімны паэт напісаў: «Быў час, быў век, была эпоха...» Ня менш выразна пра атмасфэру тых гадоў напісаў неананімны наваполацкі паэт:

«Размаўляю па беларуску —
Як у трамваі глядзяць на зайца,
Пазіраюць на мяне этрускі
Ад Асьвеі да Лунінца».

У тыя часы сапраўдным выбухам сталася публікацыя ў бюлетэні «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі» артыкула літоўскай дасьледчыцы Янкавічэне «Нацыянальныя рысы беларускай готыкі». Гэта ўжо выдавала на палітыку. З пасады паляцеў галоўны рэдактар выданьня. Праўда, пасьля зьнішчэньня Нямігі надышло адноснае зацішша. Нейкі рух у грамадзтве яшчэ зрабілі публікацыі першай паловы і сярэдзіны 70-х у «Строительстве и архитектуре Белоруссии», у якіх прапагандавалася ідэя пабудовы каскаду фантанаў на ачышчаным ад старасьвеччыны менскім Верхнім горадзе, скуль плянавалася распасьцерці «вид на водно-зелёный диаметр белорусской столицы». На пачатку 80-х грамадзкасьці нават удалося ўратаваць ад разбурэньня комплекс будынкаў на плошчы Свабоды — 2, 4, 6, 7, 8 у Менску. Праўда, у 1984 г. быў зруйнаваны дом на вуліцы Інтэрнацыянальнай, 28, дзе ў ХІХ ст. месьціўся гарадзкі тэатар, у якім была пастаўленая першая беларуская опэра «Сялянка» зь лібрэта Дуніна-Марцінкевіча на музыку Манюшкі.

Шлях фармаваньня сыстэмы аховы спадчыны ў Беларусі, як і ва ўсім Савецкім Саюзе, быў няроўным. У 1947 г. склалі сьпіс, у які ўключылі больш за 200 помнікаў беларускай архітэктуры. Але ў выніку «ўдасканаленьня» сыстэмы аховы спадчыны паводле пастановы, падпісанай Сталіным у 1948 г., ужо на пачатку 50-х у сьпісе налічвалася толькі каля 20—30 аб’ектаў. Нейкія спробы прыняцьця пад ахову невялікай колькасьці помнікаў былі зробленыя ў 1975 г. І толькі ў 1988 г. была прынятая пастанова Савету міністраў БССР за №38, якой зацьвярджаўся Сьпіс помнікаў гісторыі і культуры рэспубліканскага значэньня Беларускай ССР з падзелам іх на помнікі гісторыі, архітэктуры, мастацтва і археалёгіі. У 1984—1988 г. Інстытутам мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру Акадэміі навук БССР быў выпушчаны ў сьвет шматтамовы «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларускай ССР». У 1984 г. з ініцыятывы грамадзкасьці Савет міністраў БССР прыняў пастанову за №350 «Аб грубых парушэньнях заканадаўства аб ахове помнікаў гісторыі і культуры», адным з пунктаў якой Збор помнікаў быў прыраўняны да афіцыйнага дакумэнту. Некаторае ўдакладненьне аб’ектаў спадчыны, якія ахоўваліся дзяржавай, адбылося з прыняцьцем аблвыканкамамі і менскім гарвыканкамам на пачатку 90-х гадоў сьпісаў помнікаў мясцовага значэньня.

Апошнім у шэрагу прававога афармленьня справы аховы помнікаў у нашай краіне можна назваць Закон Рэспублікі Беларусь «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны», прыняты ў 1992 годзе.

Хаця б павярхоўны агляд матэрыялаў, датычных тэмы захаваньня спадчыны, дазваляе казаць пра актыўную прысутнасьць у ёй дзяржавы. Аднак жа відавочным зьяўляецца і тое, што за доўгія гады дзяржава так і ня выпрацавала трывалай сыстэмы, якая б надзейна бараніла помнікі даўніны ня толькі ад пашкоджаньняў, але і ад зьнішчэньня. Так было ў мінулыя гады. Такая тэндэнцыя захоўваецца і сёньня. Больш за тое, сама ж дзяржава зьяўляецца ці не найпершым разбуральнікам помнікаў. Абсурдная сытуацыя: з аднаго боку дзяржава робіць дэкляратыўныя захады дзеля абароны нацыянальнай спадчыны і ў той жа час яна практычна руйнуе старасьвецкія мураванкі.

Ужо нават генэральная пракуратура Беларусі выказвала трывогу з нагоды парушэньня заканадаўства аб ахове спадчыны, што адбывалася не без удзелу Дзяржаўнай інспэкцыі Рэспублікі Беларусь па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і яе старшыні Д.Бубноўскага. Немалая чарада незаконных дзеяньняў дзяржінспэкцыі змусіла пракуратуру яшчэ ў ліпені 1995 году накіраваць у Кабінэт міністраў адпаведную інфармацыю і паставіць «пытаньне аб адпаведнасьці Д.Бубноўскага займанай пасадзе».

Старшыня Дзяржаўнай інспэкцыі, чалавек дасьведчаны, дзейнічаў паводле прынцыпу «нападзеньне — лепшы спосаб абароны». Адразу ж на імя прэзыдэнта Беларусі ім быў напісаны ідэалягічна правільны ліст, дзе сп.Бубноўскі прадстаўляе сябе ці не адзіным рупліўцам аховы помнікаў даўніны, прасякнутым клопатам пра старасьвеччыну, але «без уплыву вельмі небясьпечных для гісторыка-культурнай спадчыны палітычных страсьцяў». Дастаецца ў лісьце і пракуратуры за бязьдзейнасьць з прычыны яе нерэагаваньня на сыгналы ДЗІНАС, хаця пракурорскія работнікі не шкадуюць сілаў на разгляд зваротаў, «арганізаваных пэўнымі асобамі (якія не вылучаюцца павагай да Закону, але прэтэндуюць на ролю грамадзкіх і палітычных лідэраў)». Як вынікае зь ліста, пракуратура клапацілася не пра захаваньне заканадаўства, а мела «мэтай расчыстку шляху пэўным палітычным лідэрам, што не адбыліся, правядзеньне іх адрынутай грамадзтвам псэўданацыянальнай палітыкі празь дзяржаўныя органы і ўстановы».

Няма на пасадзе генэральнага пракурора сп.Капітана, які накіраваў на адрас Кабінэту міністраў прадстаўленьне зь непрыемнай для старшыні ДЗІНАС высновай аб неадпаведнасьці яго займанай пасадзе. Аднак па-ранейшаму старшынюе над аховай спадчыны Д.Бубноўскі, таксама ж, як і раней, працягваюць зьнішчаць у гістарычных гарадах старыя мураванкі.

Быў яшчэ і «адкрыты ліст старшыні Савету міністраў Рэспублікі Беларусь С.Лінгу па праблеме захаваньня гісторыка-культурнай спадчыны сталіцы Беларусі, гораду-героя Менску», які падпісалі 38 дзеячоў літаратуры, мастацтва і навукі. Сярод пералічаных у лісьце менскіх адрасоў, дзе некалі стаялі аўтэнтычныя помнікі архітэктуры, варта засяродзіцца на двух, дзе апошнім часам дарэшты зьнішчаныя прыкметы старой забудовы.

У дачыненьні да першага зь іх пракуратура Беларусі яшчэ 13.04.95 г. вынесла прадпісаньне аб спыненьні зносу будынкаў на пл.Свабоды, 19, 21. Адзін з ацалелых муроў, падперты мэталічнымі канструкцыямі, прастаяў да пачатку 2000 году. Але ў першыя студзеньскія дні ён быў зьнішчаны тым самым спосабам, як за пяць гадоў перад гэтым — увесь архітэктурны комплекс. Уражвае ня сам факт чарговага вандалізму да помніка дойлідзтва, а ўласна абгрунтаваньне гэтага незаконнага дзеяньня. У распараджэньні менскага гарвыканкаму №1р ад 4 студзеня 2000 году запісана літаральна наступнае: «Разгледзеўшы ліст Камітэту па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 03.01.2000 №06/1 (параўнайце даты: зайздросная апэратыўнасьць) аб актывізацыі работ па аднаўленьні комплексу дамоў 19, 21, 23 на пл. Свабоды ў г.Менску і неабходнасьці заканчэньня разборкі закансэрваваных канструкцыяў як першага самастойнага этапу аднаўленчых работ», Менгарвыканкам даручае «скончыць разборку з найбольш магчымым захаваньнем матэрыялаў, прыдатных для выкарыстаньня пры аднаўленьні фрагмэнтаў вышэйпералічаных будынкаў», «унесьці праектную прапанову ўзнаўленьня фрагмэнту гістарычный забудовы дамоў 19, 21, 23 з устаноўкай памятнага знаку на месцы іх разьмяшчэньня», «аднавіць фрагмэнт дамоў 19, 21, 23 з выкарыстаньнем захаваных матэрыялаў і ўсталяваць памятны знак згодна з праектным рашэньнем...»

Завяршэньне разборкі як першага самастойнага этапу аднаўленчых работ? Але ж менавіта само распараджэньне вызначае дзеяньні па недапушчэньні аднаўленьня архітэктурнага комплексу на пл.Свабоды, 19, 21, 23. Замест яго тут будзе ўзноўлены «фрагмэнт дамоў... з выкарыстаньнем захаваных матэрыялаў», на якім загадана «усталяваць памятны знак». Беларускія ўлады, няйначай, стануць першымі, хто б устанавіў помнік уласнаму злачынству ў выглядзе надмагільля з памятнай шыльдай зьнішчанай гістарычнай забудове, якую яны ж павінны былі ахоўваць ад пашкоджаньняў.

Зрэшты, абсурднасьць падобных дзеяньняў нікога не павінна зьдзіўляць. Гісторыя з будынкамі 19, 21, 23 на пл.Свабоды — толькі адно зьвяно ў доўгім ланцугу вынішчэньня беларускай спадчыны. У сьнежні месяцы газэта «Культура» паведаміла пра вынікі разгляду адкрытага ліста творчай і навуковай грамадзкасьці па фактах нездавальняючага стану аб’ектаў спадчыны Менску. Як вынікае з даведкі, падпісанай тым самым Д.Бубноўскім, які спасылаецца на меркаваньне «спэцыяльна створанай для разгляду названага звароту міжведамаснай камісіі», выкладзеныя ў адрытым лісьце факты «ў асноўным не пацьвердзіліся, за выняткам аднаго факту прычыненьня шкоды гісторыка-культурнай спадчыны Менску 11-гадовай даўніны...»

Такім чынам, спадарове, цалкам абгрунтавана зьнішчаны ня толькі комплекс дамоў на пл.Свабоды, 19, 21, 23, але й цэлы квартал па вуліцы Камсамольскай ад Нямігі да вуліцы Рэвалюцыйнай. На ўсе гэтыя разбурэньні ёсьць дазвол Камітэту па ахове гісторыка-культурнай спадчыны. Як можна падпісаць паперы «на разборку аварыйных канструкцыяў» ды заплюшчыць вочы на зьдзяйсьненьне яе цяжкай землекапальнай тэхнікай, такую, што ад будынкаў і сьледу не застаецца, калі артыкул 28 закону забараняе «знос, перамяшчэньне, затапленьне, стварэньне пагрозы існаваньню, навукова неабгрунтаваныя зьмены або пагаршэньне (пагроза пагаршэньня) тэхнічнага стану матэрыяльных нерухомых каштоўнасьцяў»? Няясна. У тым жа артыкуле яшчэ пішацца, што «пералічаныя дзеяньні (за выняткам зносу) могуць быць дапушчаны толькі па рашэньні Ўраду Рэспублікі Беларусь, калі іх неабходнасьць выклікана правядзеньнем навукова абгрунтаваных, зацьверджаных ва ўстаноўленым парадку мерапрыемстваў па ліквідацыі вынікаў стыхійных бедзтваў, катастроф, ваенных дзеяньняў». Як вядома, паўстагодзьдзя, дзякуй Богу, як у Менску няма вайны. А гістарычныя будынкі зьнікаюць нават без рашэньня ўраду.

Падобна, што ў дзяржаўных інстытутах трывала заселі людзі, якім ужо замала перайначваньня пісанай гісторыі Беларусі. Пайшоў наступ на яе матэрыяльныя сьведчаньні. Ідзе зачыстка беларускай культурна-гістарычнай прасторы. Татальна. Да рэшты. Каб і сьледу не засталося ад «праяваў чалавечай творчасьці» мінулых часоў. Беларусам гісторыі нават ад 1917 году, падобна, замнога. Для тэрыторыі, яшчэ называнай Беларусяй, будзе дастаткова гісторыі і ад дня сёньняшняга, пераробленай, падпраўленай, са сваім «навамоўем». Прароцтвы Оруэла збываюцца.

Луцэя Баторына


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0