Славамір АДАМОВІЧ

Вялікая Кастрычніцкая Рэвалюцыя

(тэзісы да «Маршу Свабоды-2»)

 

У часы пераменаў іншы раз бывае цяжка адрозьніць сьмех ад плачу, сьлёзы ад расолу, вячэрні фал палюбоўніка ад ранішняй вэртыкалі аматара піва. Блукаючы па памежжы эпох і цывілізацыяў, людзі асьцерагаюцца пакідаць дзірван продкаў і проста панічна баяцца ступаць у сьвежую ральлю будучыні. Людзі пераменнага часу блытаюцца ў сымбалях, словах, сэнсах, зьместах... Але Прырода ня церпіць блытаніны. І тады прыходзіць Рэвалюцыя — каб усталяваць новую гармонію, новую клясыфікацыю, новую гіерархію.

 

1995 год

Красавік-травень: ганебны фільм, ганебны рэфэрэндум. Ціцянкоў ірве нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг. Беларускіх патрыётаў звальняюць з ВНУ, школаў, органаў улады і газэтаў.

 

1996 год

Год радыкальнага пералому. Усё пачалося па-сапраўднаму: вулічныя баі зь міліцыяй і спэцпадразьдзяленьнямі, параненыя з абодвух бакоў, арышты, сухія і мокрыя галадоўкі палітычных вязьняў, пратэсты сусьветнай супольнасьці, эміграцыя па палітычных матывах... Летам 96-га, знаходзячыся за межамі Беларусі, Зянон Пазьняк загаварыў пра нацыянальна-вызвольны рух. Маладая Беларусь на поўны голас загаварыла пра нацыянальна-вызваленчую рэвалюцыю.

 

Ад НВР да НВР

Зянон Станіслававіч не зманіў і не памыліўся, калі сказаў пра нацыянальна-вызвольны рух. Ён проста спазьніўся гадоў на 8-10. Рэч у тым, што якраз у 1996-м эпоха Нацыянальна-Вызвольнага Руху (НВР) завяршылася. За 10 гадоў, калі за пункт адліку браць 1986-ы, нават самыя моцныя целам і духам маглі прыстаць. Слабейшыя прысталі дакладна. Рэванш акупацыйна-марыянэтачнага рэжыму Лукашэнкі спляжыў шмат якія заваёвы папярэдняга дзесяцігодзьдзя: беларускамоўныя садкі і школы, напрыклад. Аднаўляць іх ва ўмовах акупацыі няма жаданьня. Але хоць і стомленыя, дзесьці нават дэмаралізаваныя, людзі нашыя разумеюць, што яны народ занадта ваяўнічы, каб не супраціўляцца злу гвалтам. Няма ў беларусаў і свайго Майсея, і сарака гадоў у запасе няма, каб сноўдацца па пустэльні (у нашым выпадку — па асушаных балотах). Вось чаму зь вясны 1996 году пачынаецца адлік новай эпохі — эпохі Нацыянальна-Вызвольнай Рэвалюцыі (НВР).

 

Сымболіка лічбаў і месца

Сымбалічнае месца, дзе перадавыя шэрагі маладых дэманстрантаў 17 кастрычніка ўступілі ў бой зь міліцыяй — скрыжаваньне вуліцаў імя Пуліхава і Першамайскай. Варта нагадаць, што Іван Пуліхаў па заданьні падпольнай сацыял-рэвалюцыйнай (эсэраўскай) групы разам з таварышкай па партыі А.Ізмайловіч 14 студзеня 1906 году зрабілі замах на менскага губэрнатара Курлова, які 18 кастрычніка 1905 году расстраляў мітынг рабочых на менскім чыгуначным вакзале.

Паводле прысуду трыбуналу Пуліхава павесілі. Для постраху менчукоў ужо мёртвае цела кінулі на браму турмы, на якой яно знаходзілася 4 дні. БелСЭ не паведамляе, што гэта за турма і дзе судзілі героя.

 

Варштаты Рэвалюцыі

Каб зразумець настрой беларускай патрыятычнай моладзі, варта зазірнуць у «НН» на паласу «Варштаты». Вось радкі зь некаторых вершаў.

Вадзянік Няміскі:

«І ўлады нашы не ад бога —
Расплата іх не абміне.
Ня трэба слухаць больш нікога,
Бо на вайне як на вайне!»

Макс Багдан:

«І пачвараў сячы двухгаловых,
Каб галоў не пладзілася больш.
Прагані псэўдародныя мовы
Старшабрацкіх расеяў і польшч».

 

Дзеці Кастрычніка

Тры хлапчукі дапамагалі мне 17-га ад самага пачатку «Маршу». На кароткім мітынгу ў парку Дружбы народаў да нас падыйшлі дзьве настаўніцы, параілі сваім вучням быць асьцярожнымі, не забывацца пра ўрокі. Ідучы па вуліцы Багдановіча, хлапчукі ўспомнілі, што хацелі есьці. Забеглі ў краму, купілі булачак і газіроўкі. Маладыя арганізмы патрабавалі дадатковай энэргіі. На Першамайскай яна зьліецца з энэргіяй кінутага каменя.

 

Магія слова

Рэвалюцыя! — і напінаецца прэс жывата, цьвярдзеюць цягліцы, адмабілізоўваецца інтуіцыя, вастрэе розум, зьяўляецца апэтыт...

Рэвалюцыя — слова крывавае, як калядная сьвежына.

Таварыш! — чуеш ты вокліч за сьпінаю і ўжо менш напружваесься, набываеш надзею, верыш у перамогу... Рукі ў замок, таварыш, будзьма разам! Страху няма. Мы — рэвалюцыя!

Піянэр — гэта дасьледчык, гэта той, хто пачынае першы, першаадкрывальнік. 17 кастрычніка тысячы ўдзельнікаў «Маршу Свабоды» сталі піянэрамі Беларускай Нацыянальна-Вызвольнай Рэвалюцыі. Нашчадкі назавуць яе Вялікай Кастрычніцкай.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0