БТ вачыма беларуса

Нямое ТВ

 

Прыціхлі размовы пра адкрыцьцё другога беларускага каналу. Ніхто не хавае, што грошай няма й на адзін. На БТ зрываюцца заплянаваныя здымкі, скарачаюцца камандзіроўкі і выезды — бэнзыну таксама няма. Размовы ідуць адно пра скарачэньне эфіру ды штату. Дзяржава адмаўляецца трымаць наскрозь дзяржаўнае тэлебачаньне. Улады кажуць: самі павінны выжываць. Але ці ня ўлады вінаватыя, што беларускі «блакітны экран» шэры ва ўскосным і простым сэнсе, бо ня можа й слова сказаць без прымусу? Што ў краіне няма каму даваць для тэлебачаньня рэкляму? І што замест злабадзённых тэмаў у эфіры ў любой прыгодзе чуеш адно — «аляксандар лукашэнка».

У атмасфэры ўсеагульнага заняпаду ды амаль усеагульнай абыякавасьці, што пануе на БТ, не зьдзіўляесься, калі бачыш перадачы з такімі жахлівымі хібамі, якімі вызначыўся на мінулым тыдні «Тураб’ектыў». Неблагі ў прынцыпе расповед пра Чэхію ішоў голым тэкстам па відэашэрагу без аніякай музычнай агучкі, якой патрабуюць перадачы такога роду. Болей за тое, нават пасьля таго як у закадравай начытцы гучалі фактычна запрашэньні паслухаць песьні ці праскія аркестрыкі, далей ішло нямое кіно. З кадрамі тых аркестрыкаў. Можна паверыць, што ў працоўнай запарцы не заўважылі, як гук не запісаўся. Але каб ніхто не сабраўся праверыць, што пускаюць у эфір?! Маўляў, не палітыка, дык хай там хоць чорта лысага...

У наступную сераду ў 18.20 пасьля доўгага перапынку выйдзе чарговая праграма сэрыі «Цені і постаці». Сэрыя распавядае пра асобаў беларускае гісторыі і культуры, якія заслугоўваюць ушанаваньня, але практычна забытых. Гэты выпуск прысьвечаны слыннаму опэрнаму артысту першай паловы ХХ ст. Сэлеху-Качанскаму. «Забытаму», бо быў несавецкім чалавекам. Матэрыял для праграмы здымаўся ў Менску і Пецярбургу. Пра колькіх беларускіх славутасьцяў можна было б распавесьці, зьезьдзіўшы ў тую ж Прагу — але дзе тыя грошы?..

Арцём Лук’яновіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0