Прэзэнтацыя ў духу Маршу

Уладзімер Арлоў і Генадзь Сагановіч прэзэнтавалі свае «Дзесяць вякоў беларускай гісторыі» ў мурох легендарнага Беларускага ліцэю. Аўтары «Дзесяцёх вякоў...» ролю гэтай навучальнай установы для Беларусі акрэсьлілі так: «Ліцэй можа прэтэндаваць на сваё месца і ў нашай кнізе. Будзе зьдзейсьнены, напэўна ж, і праект кнігі пра ліцэй — нехта можа яе ўжо піша. Шмат старонак пра ліцэй можна знайсьці ў кнізе «Аняменьне», хоць і не адпаведны назоў яна мае: голас беларусаў не нямее, а гучыць мацней і мацней». На імпрэзе панаваў дух яшчэ нядаўна мінулага Маршу Свабоды—ІІ. «Няўжо Беларусі наканавана быць краем засьнежанага велікана, куды ніколі ня прыйдзе Вясна?» — запыталася адна ліцэістка. У.Арлоў адказаў гэтаксама вобразна: «Калі паслухаць дыктараў БТ, якія называюць апанэнтаў рэжыму «адмарозкамі», у нас усё большае «адмарожаных», і на карысьць гэтага сьведчыць Марш Свабоды—ІІ. Я з аптымізмам гляджу ў будучыню. Прагнозы — рызыкоўная рэч. Дастаеўскі напісаў у дзёньніку: «Зайздрошчу ўнукам і праўнукам, якім наканавана пабачыць Расею ў 1941 годзе»...

Аўтары «Дзесяцёх вякоў...» прызналіся, што пяцёхтысячны наклад амаль разышоўся, і цяпер паўстае патрэба перавыданьня. Раней У.Арлоў адмаўляў магчымасьць працягу кнігі ад 1918 году да сёньня, але гэтым разам нечакана выдаў пакуль яшчэ няпэўныя пляны: «Можа мы дапішам кнігу, калі пачнецца новае стагодзьдзе, бо з адлегласьці лепей будзе відаць панараму падзеяў».

Віктар Мухін


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0