спорт

Прарваліся ў эліту

эўрапейскага настольнага тэнісу нашы дзеўкі

 

Зь месяц таму, калі беларуская каманда пінг-понгу вярталася на радзіму з правальнага для беларусаў сусьветнага першынства ў Таіляндзе, айчынныя заўзятары пляваліся ды лаяліся. Сапраўды, аматары спорту не маглі быць у захапленьні ад 13-га месца беларусак ды 17-га радка мужчынскай каманды на тайскім мундыялі. Здавалася, што беларускаму настольнаму тэнісу хутка прыйдзе самы сапраўдны гамон. Нават наша беларуская зорка гэтага віду спорту Ўладзімер Самсонаў пачаў спакваля збаўляць абароты, аддаючыся, відаць, шалёнаму каханьню са сваёй сэрбскай пасіяй, якую ён склеіў на нейкім турніры ў Бялградзе. Хтосьці са спартовых фанаў ужо паставіў для сябе крыж на пінг-понгу ды пачаў горача сачыць за нашымі хакеістамі...

Але беларуская зборная настольнага тэнісу на пачатку вясны, скінуўшы зімовую мэлянхалічнасьць, упершыню прабілася ў супэрдывізіён Эўралігі. На шляху беларусак да запаветнай мары стаяла толькі каманда з Бэльгіі. Першая сустрэча суперніц мела адбыцца 7 сакавіка на бэльгійскім курорце Спа, што славіцца сваёй мінэральнай вадзічкай...

Можа, вада ў іх там і лепшая, чым Хомская і Менская-4, але добра махаць ракеткай бэльгійкі ня ўмеюць — беларуская дружына проста раздушыла суперніц — 4:0. Цяпер нашым дзяўчатам, каб прашчаміцца наверх, патрабавалася ўсяго толькі фармальна аформіць свой квіток у найвышэйшы дывізіён праз тыдзень у Менску. Без аніякіх праблемаў беларускі ў другі раз закацілі апанэнткам чатыры банкі, выйшаўшы ў супэрдывізіён супэркамандаў.

Чыё ж месца ў эліце зойме зборная Беларусі? З гэтай самай эліты вылятае... расейская каманда. Што ж, добры падарунак да Дня Волі. А 21 красавіка стартуе чэмпіянат Эўропы...

Богусь Біятлянёнак


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0