З такой ініцыятывай выступіў ганаровы донар Ігар Каваленка. Сярод першых прыярытэтаў будучага аб’яднання называецца змаганне за дэмакратыю ў краіне.

Зараз выпрацоўваюцца статутныя палажэнні, якія тычацца задачаў, мэтаў і місіі донарскай арганізацыі. Адначасова ідзе збор неабходнай колькасці подпісаў для пачатку арганізацыйна‑рэгістрацыйнага працэсу.

Ідэя стварэння арганізацыі з’явілася ў звязку з падрыхтоўкай донарскага страйку, які мае адбыцца з 20 па 27 чэрвеня. Донары ўздымаюць і пытанне дэмакратыі ў краіне, бо не хочуць, каб дэпутаты маглі прымаць законы без шырокага грамадзкага абмеркавання.

Цяпер пад ініцыятывай аб стварэнні грамадскай арганізацыі донараў сабраныя першыя некалькі дзесяткаў подпісаў. Салідарнасць з магілёўцамі выказваюць донары Мінска і Гомеля.

Дарэчы колькасць донараў, якія збіраюцца ўдзельнічаць у страйку, дасягнула 200 чалавек. Усяго ў Магілёве каля 6000 донараў, але гэта разам з тымі, хто ўжо даўно не здае кроў і хто здаваў кроў толькі аднойчы. Ігар Каваленка распавёў, што ягоны тэлефон не змаўкае. Тэлефануюць людзі, якія хочуць далучыцца.

Між тым 8 чэрвеня Ігар Каваленка наведаў ідэалагічны аддзел Магілёўскага гарвыканкаму. Ініцыятара страйку сарамацілі за ягоныя антыгуманныя дзеянні.

Паводле афіцыйных ідэолагаў, донары, збіраючыся перастаць здаваць кроў і плазму, пойдуць супраць чалавечнасці. Маўляў, яны аддаюць людзей, якія не атрымаюць кроў, на пагібель.

Аказваецца, донарства перастала быць дабраахвотнасцю самаахвярных людзей і стала абавязкам. Ігар Каваленка кажа, што аргументы чыноўнікаў не збянтэжылі яго толькі таму, што ён быў гатовы да нахабства.

Каваленка распавёў чыноўнікам, што донар гэта не прафесія, донарам можа стаць кожны, хто мае жаданне дапамагаць людзям. Ён прапанаваў ідэолагам самім пайсці й здаць кроў. Але тыя адмовіліся. Яны, як бы й ня супраць і абавязкова зрабілі б гэта, але бракуе часу, вельмі занятыя, усё забірае праца.

Ігар Каваленка кажа, што ён, як і большасць донараў, здае кроў не для таго, каб атрымаць ад дзяржавы ільготы. Але вельмі не прыемна, калі не адчуваеш удзячнасці за тое, што робіш.

14 чэрвеня ў Менску ў Інстытуце пералівання крыві пройдуць урачыстасці з нагоды Дня донара. Туды запрошаны і Ігар Каваленка. Ён збіраецца абавязкова выступіць, калі яго дапусцяць да трыбуны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?