ВЫХОДЗЬЦЕ, КАБ СЬВЕТ ВАС ПАБАЧЫЎ

 

Рада Беларускае Народнае Рэспублікі
прэзыдыюм
Атава, Канада, сакавік 2000г.

 

Дарагія Суродзічы.

Зноў надыходзіць нашае вялікае нацыянальнае сьвята, угодкі таго слаўнага дня, 25-га Сакавіка 1918 году, калі беларускі народ пасьля доўгага зьняволеньня абвесьціў сьвету, што ён, так як і іншыя народы, сам хоча вырашаць свой лёс ды быць гаспадаром у сваім доме.

Гэта сталася 82 гады таму, зь якіх 75 былі, магчыма, найбольш страшнымі ў жыцьці нашага народу таму, што мы ня здолелі тады абараніць нашую маладую дзяржаву ад найбольш дзікага ў гісторыі чалавецтва надыходзячага бальшавіцкага тэрору.

Уключыўшы нас у свой Саюз, пераконваючы нас, што мы быццам бы сувэрэнная рэспубліка, нас чужакі нішчылі, зьдзекваліся з нашай гісторыі, нашай мовы, вывозілі ў канцлягеры Сыбіру, каб мы на іх працавалі. Змушалі нашу моладзь аддаваць жыцьцё на карысьць чужой імпэрыі. Угаворвалі нас адначасна і ўгаворвалі ўвесь сьвет, што мы ня здольныя даць сабе рады, што нам нібы патрэбны «старэйшы брат». А паколькі народ наш быў поўнасьцю ізаляваны ад рэшты сьвету ды ня ведаў, як жывуць іншыя народы, паверыў акупантам. Паверылі ім таксама і іншыя краіны, бо ж толькі такую інфармацыю атрымоўвалі ад маскоўскіх прапагандыстаў.

У 1991-м годзе Бог нам даў зноў волю. Без праліваньня крыві. Даў як падарунак. Як той Біблейны талент, думаючы, відаць, што мы, народ разумны і працавіты, будзем ведаць, як яго памножыць. На жаль, ня сталася яно так. З дапамогай «старэйшага брата» да ўлады прыйшоў правадыр, адзінай мэтай якога — загнаць народ зноў у няволю.

Дарагія мае суродзічы, нашая бацькаўшчына знаходзіцца цяпер у вялікай небясьпецы. І дзеля гэтага нам усім трэба ўсьведаміць сабе, што мы жыцьцяздольныя, бо ж мы здолелі перажыць цэлае тысячагодзьдзе, ня гледзячы на ўсе беды. Што мы народ разумны і працавіты, і таму ня толькі можам даць сабе рады без «апекі» з Усходу, але здольныя здабыць сабе людзкія ўмовы жыцьця, калі нас пакінуць у спакоі. Што наш край у сапраўднасьці не бяднейшы за Данію ці Швайцарыю. А тое, што ён невялікі, у сьвеце цяпер лічыцца плюсам. Данская каралева Маргарыта ў сваёй нядаўняй прэс-канфэрэнцыі ў Лёндане якраз гэтаму заўдзячыла дабрабыт Даніі.

Дык зь верай у будучыню ня дайма, дарагія суродзічы, чужаком распараджацца нашай доляй. Нелегальны працэс інтэграцыі яшчэ не закончаны. Яшчэ час затрымаць яго. Але для гэтага трэба, каб усе мы «выйшлі шчыльнымі радамі», трэба паказаць сьвету, што мы жывём і хочам жыць. Прашу кожнага, хто называе сябе беларусам, каб паказаў, што ён годны беларусам звацца. Тыя, што на бацькаўшчыне, выходзьце на вуліцы, каб сьвет Вас пабачыў. Тыя, што на чужыне, зрабеце ўсё, што ў Вашых сілах, каб зацікавіць сьвет доляй нашага народу. Каб не дайшло да Чачэніі ў нашай «ціхай і ветлай» Беларусі.

Вітаю Вас з угодкамі абвешчаньня Незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі і жадаю Вам, як і заўсёды, дарагія суродзічы, мужнасьці і вытрываласьці ў змаганьні за вольную, незалежную і заможную Беларусь.

Жыве Беларусь!

Івонка Сурвілла, Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0