Леў Сапега вачыма Эдварда Радзінскага

 

Радзинский Э. Кровь и призраки русской Смуты. Москва. «Вагриус». 1999. 368 С., наклад 10000, ISBN 5-7027-0928-4

Славу й шырокую вядомасьць расейскаму гісторыку-архівісту і драматургу Эдварду Радзінскаму, расейскаму Стэфану Цвэйгу, прынесла тэлевізія. Жвавасьць ацэнак, майстэрства апавядальніка й падкрэсьлены псыхалягізм аповеду — вось што вабіць гледачоў і чытачоў ягоных кніжак.

Нягледзячы на тое, што прыметнік «беларускае» ў новай ягонай кнізе ўжываецца толькі раз, цікава будзе азнаёміцца зь ёй ужо таму, што на яе старонках дзейнічаюць такія постаці нашае мінуўшчыны, як Сьцяпан Батура, Жыгімонт Ваза, Леў Сапега, Алена Глінская. Зразумела, гэтыя пэрсанажы не маглі стаць галоўнымі героямі кніжкі. Э.Радзінскаму больш даспадобы такія добра вядомыя вобразы расейскай гісторыі, як Іван Жахлівы, Сталін ці, у гэтым выпадку, таямніца паходжаньня Лжэзьмітроў. Тым ня менш, аўтар заўсёды інтрыгуе непрадказальнасьцю тлумачэньня той ці іншай асобы, канцэнтруе ўвагу на асобных дэталях, прыкмячае нейкія раней не заўважаныя дробязі, што дае яму магчымасьць пабудаваць уласную схему, адметную.

Вось, напрыклад, якім бачыцца Э.Радзінскаму хросны бацька Смутнага часу — Леў Сапега:

«З новым каралём Жыгімонтам Трэцім Гадунову ўдалося заключыць выгадны мір. Польскі пасланец Леў Сапега, канцлер літоўскі, пасьля доўгіх спрэчак падпісаў дваццацігадовую дамову аб замірэньні з Масковіяй». «Пад час заключэньня міру й быў пакладзены пачатак таму, што у далейшым стане прычынай гібелі Барыса. Узьненавідзеўшы Гадунова, які перагуляў яго па ўсіх артыкулах мірнай дамовы, Сапега сустрэўся ў Маскве з рэшткамі партыі радавітай маскоўскай знаці. У гэтых размовах, верагодна, і нарадзілася небясьпечная ідэя».

«Канфідэнцыйныя адносіны з Сапегам у князёў склаліся даўно, тады, калі ён яшчэ бываў у Маскве ў часы Гадунова. Так што яны не баяліся паведамляць яму сьмяротна небясьпечныя праекты». «Рэч Паспалітая была падрыхтаваная да прыезду Атрэп’ева канцлерам Львом Сапегам, зь якім баяры ўвайшлі ў дачыненьні яшчэ ў бытнасьць яго ў Маскве. Менавіта таму, згодна з польскімі крыніцамі, пасьля наведваньня Масквы мудры канцлер выклаў каралю надзвычайны плян знішчэньня небясьпечнай Русі рукамі самазванцаў».

Не аспрэчваю цалкам высноваў, якія робіць Э.Радзінскі, але выкладзенае аўтарам бачаньне праблемы патрабуе камэнтару.

З ініцыятывай «вечнага міру» выступіў менавіта Леў Сапега, хаця ідэя была старая й зь ёй насіліся вельмі даўно (нават да гэтай пары яна не дае спакою некаторым прыхільнікам славянскага зьвязу). Мэтай Сапегі было падпісаць ня толькі трывалы мір, але зь цягам часу займець адзінага гаспадара для трох дзяржаваў: Польскай кароны, ВКЛ і Масковіі. Такім чынам стварыць самы моцны зьвяз у Эўропе, які мог ня толькі супрацьдзейнічаць асманскай агрэсіі, але заняў бы дамінуючае становішча ў Старым сьвеце. Але замест «вечнага міру» быў падпісаны так бы мовіць, мір сабачы — на 22 гады.

У беларускай літаратуры нат такі мір падаецца як Сапегава перамога, бо на той момант Жыгімонт Ваза, спадчынны кароль Швэцыі, быў пазбаўлены кароны на радзіме сваім дзядзькам. Таму своечасовае заключэньне Сапегам міру ратавала Рэч Паспалітую ад пэрспэктывы вайны на два франты. Але Сапега сапраўды застаўся вельмі незадаволены, бо ні «вечнага міру», ні славянскага дыктату ў Эўропе не атрымалася. А пра тое, што Сапега сапраўды гэтага й хацеў, сьведчыць шмат што. Спадзяваньні на сапежынскае пасольства былі вельмі вялікія. Нездарма пасольства ўзначаліў пэрсанальна вялікі канцлер — для дыпляматычнай практыкі тых часоў гэта вынятак, а ня правіла.

Колькасны склад пасольства сьведчыць пра грунтоўную падрыхтоўку «вялікага пасольства». Апроч «штабу», у які ўваходзілі князь Друцкі-Сакалінскі, віцебскі ваявода Іван Сапега, усьвяцкі стараста Андрэй Варапай, варшаўскі кашталян С.Варшавецкі, Я.Пасак, П.Дунін і іншыя, адной толькі аховы ехала больш за тысячу чалавек.

Аднак два найвыдатнейшыя розумы свайго часу, Леў Сапега й Барыс Гадуноў, не змаглі паразумецца. Кожны марыў найперш пра веліч і моц уласнай краіны. Б.Гадунову мроілася, што ён дасягнуў большага: паставіў на чале дзяржавы новую «адукаваную» дынастыю, даў мір падначаленым. І ня ведаў, што ягоны лёс і лёс ягонай сям’і ўжо трымае ў сваіх руках яснавяльможны пан Сапега.

Мае рацыю Э.Радзінскі, калі сьцьвярджае, што дамоўленасьць аб сумесных дзеяньнях з маскоўскім баярствам супраць Гадунова была дасягнутая, калі стала зразумелая марнасьць перамоваў. Але сама ідэя інтрыгі зарадзілася раней, бо сярод чальцоў пасольства ўжо знаходзіўся й той, хто хутка будзе насіць тытул цара Дзімітрыя Іванавіча.

На вялікі жаль для Масковіі, Сапега быў кніжнікам. У 1591 годзе да яго трапляе сапраўдны рарытэт, толькі што выдадзеная ў Лёндане праца Джыльса Флетчэра «Аб дзяржаве Расейскай». Ангельскі правазнаўца й пасол у Масковіі на старонках сваёй працы пісаў пра выраджэньне царскага роду ў Расеі — «які, як бачыцца, хутка зьнікне са сьмерцю асоб, зараз шчэ жывых... Гэты безнадзейны стан рэчаў унутры дзяржавы прымушае народ... чакаць умяшальніцтва якой-небудзь іншаземнай дзяржавы, якое, па меркаваньні яго, адно толькі дасьць збавеньне ад цяжкага ярма гэткага дэспатычнага праўленьня...»

Тутака хіба не хапала толькі дэталяў. Сапега хутка іх дадаў.

Першыя спробы пачаць інтрыгу адносяцца да 1598 г., калі сканаў апошні сын Івана Жахлівага — Фёдар. Менавіта ў 1598 г. ліцьвінскія віжы запісваюць зьвесткі пра тое, што знойдзены лісты ад Дзімітрыя Іванавіча.

Чуткі аб уратаваньні «добрага цара» ў народзе атрымалі самае шырокае распаўсюджваньне. Гісторыі вядомыя выканаўцы гэтага — браты Хрыпуновы. Пасьпяхова выканаўшы загад Сапегі, яны зьбеглі да свайго патрона ў ВКЛ. Сам Сапега быў занадта разумны, каб дазволіць некаму падлавіць сябе на брудных справах. У знак добрасуседзкіх зносінаў ён нават накіроўвае ліст Б.Гадунову пра тое, што ў межах Польскай кароны зьявіўся самазванец і нават знайшоў сымпатыі старога інтрыгана Юр’я Мнішка. Рэпутацыя гэтага чалавека была падмочана шчэ пасьля сьмерці караля Жыгімонта Аўгуста, таму лепшага кандыдата на ролю галавы змовы цяжка было знайсьці. Трэба пагадзіцца з Радзінскім, што ў вачах Сапегі Ілжэзьміцер Першы быў абы-чым, самазванцам, але ён павінен быў стаць у руках канцлера той зброяй, з дапамогай якой можна было дасягнуць мэты — злучыць дзьве краіны пад уладай Уладзіслава Вазы. Але свае карты канцлер раскрые толькі ў далёкім 1610 годзе. А ўсе самазванцы, Першы і Другі, больш вядомы як шклоўскі самазванец, ці Ілжэіван Зьмітравіч, Ян Фаўстын Луба, былі толькі пешкамі ў вялікай гульні пад назовам СМУТА, яую прыдумаў і ажыцьцявіў яснавяльможны пан Сапега.

Трактоўка Э.Радзінскага, як мы бачым, моцна адрозьніваецца ад разуменьня сытуацыі І.Саверчанкам ды В.Чаропкам, якія спрабавалі абяліць Сапегу ад абвінавачаньняў у справе, вырашэньню якой ён аддаў большую частку свайго жыцьця.

Г.Туровіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0