Віктар ШНІП

 

***
Я вучыўся ў Расеі ў савецкай Маскве
Піць віно і любіць гэты сьвет за сьвятло,
Што заплаўлена ў росах, блішчыць на траве,
Як у памяці тое, што ўчора было.

Я хадзіў па Маскве й я ня бачыў Масквы
Той, што ў кніжках вялікіх вялікай была.
Я ішоў у царкву і выходзіў з царквы,
Як выходзіць цяпло зь веснавога сьвятла.

І шумеў, як кагал, Беларускі вакзал,
І хацелася мне, як напіцца, дамоў.
І мне рускі паэт пра Расею казаў
І глядзеў на мяне з-пад манголаўскіх броў.

Той Расеі даўно ўжо на сьвеце няма,
Як і той Беларусі няма ўжо даўно.
І з Расеі да нас зноў прыходзіць зіма,
Мы ў Расею вязём свой табак і віно.

***
Ты ніколі ня будзеш героем,
Як ня будзе сабака ваўком.
Ты памрэш са сваім гемароем
За пісьмовым, як нары, сталом.
І ня будуць стаяць піянэры
Над труною тваёй на дварэ.
А зьбяруць з тваёй хаты паперы
І здадуць іх усе ў КГБ.
Але ж гэта ўсё будзе ня хутка.
І табе сёньня хочацца жраць.
Ды пажэрла ўсё тут прастытутка
І зьліняла, каб не спакушаць.
Ды ўсё ж прыйдзе вялікі начальнік,
Можа, заўтра, а можа — праз год.
І падорыць табе ён гарбатнік,
Хоць ты любіш вішнёвы кампот.
І ўжо ты са сваім гемароем
Будзеш сёрбаць гарбату штодня.
Ды ня станеш ніколі героем,
Як ніколі ня буду і я.

Баляда лёсу
Можа й заўтра, мо праз год, празь дзесяць,
Ды ўсё роўна ўсё ж цябе павесяць...
Сумна гэта ўсё, як на пажары,
Дзе ў суседнім доме на гітары
Хтось іграе і віно смакуе
І жанчыну, як пажар, цалуе.
І нічога не зьмяніць нікому.
Можна сёньня не прыйсьці дадому,
А пайсьці і сесьці ў электрычку,
Падчапіць, як насмарк, маладзічку
І паехаць зь ёю на прыроду
Падалей ад сьмерці і народу.
Можна ўсё, але праз год, празь дзесяць
Усё роўна ўсё ж цябе павесяць.
І вісець ты будзеш на асіне.
Міма будзе ехаць на машыне
Чалавек, які цяпер гаруе
І тайгу сыбірскую пілуе,
Бо ўсё роўна ці праз год, празь дзесяць,
Не яго тут, а цябе павесяць...
Сумна гэта ўсё, як на пажары,
Тлумна гэта ўсё, як на базары,
І нічога не зьмяніць нікому,
Як ня легчы мне ў труну жывому...

***
Іосіфа Бродзкага томік чытаю,
Нібыта сяджу зь ім за кружкаю чаю
У белай Расеі, якой я ня знаю.
І дым цыгарэтны тут дымам Айчыны,
І шыбіны ў вокнах, нібыта ільдзіны,
Сонца празь іх, нібы кроў, праступае,
Нібы за сьцяною на скрыпцы грае
Савецкі габрэй, што Айчыны ня знае...
Мы розныя людзі, але мы пад Богам,
Як подпісы чорныя пад нэкралёгам,
Як Бродзкага вершы пад вокладкай кнігі
І як пад зямлёю нясьпешнасьць Нямігі...

Баляда эмігранта
Ён быў эмігрантам з адвечных балот,
Дзе ў шчасьці жыве невядомы народ.
І ў Санкт-Пецярбургу ля весьняй Нявы
З табой гаварыў ён, як з паннай, на «вы».
І быў ён самотны, што ўцёк ад сахі,
Нібыта манах, што забыўся грахі.
І быў ён прыгожы, нібы Апалён,
Нібы ў дрогкім келіху адэкалён.
І ты ўпадабала, як сьмерць, чужака,
Як птушка на дрэве сухім чарвяка,
І ён анічога тут не зразумеў,
Бо жыць, як трава на асфальце, хацеў
І сьледам пайшоў за табой, як герой,
Па вуліцы цёмнай начною парой...
Ён быў эмігрантам з адвечных балот.
Цяпер ён вялікі, нібы кашалот,
Па весьняй і ціхай, як вечар, Няве
У Фінскі заліў без бацінак плыве.
 

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0