З вышшай адукацыяй, а лічыць ня ўмеюць

 

Пішу я Вам зь вёскі Заказанка, якую ўсе знаюць. А вось я, калі вашы газэты чытаю, нічога не пайму, што ў вашым Менску робіцца. Народ бунтуе ці не бунтуе? А калі бунтуе, дык хто яго бунтуе?

Вось скажыце мне, колькі народу было на Маршы Свабоды ў тую сераду? Уключаю расейскі канал, кажуць 25 тысяч, і нейкі з РНЕ пабіў карэспандэнта Каўпакова за тое, што НТВ кепска хваліць перамогі расейскага войска ў Чачэніі. Уключаю беларускі канал, кажуць 3,5 тысячы, і ўсе чыста п’яныя, у наркатычным ап’яненьні, падкупленыя Амэрыкай за 108 мільёнаў даляраў, а Каўпакова пабіў засланец Шарэцкага для стварэньня карціны для спонсараў. Уключаю другі расейскі канал, кажуць 10 тысячаў было, і Каўпакова пабіў беларускі дэмакрат у знак пратэсту супраць чачэнскай вайны. Уключаю БТ, Чыкін кажа: было 6 тысячаў, аж тралейбусы праехаць не маглі, так мала народу было.

Ну, думаю, у тэлевізары сьпяшаюцца хутчэй-хутчэй, разважыць ім няма калі, у газэтах усю праўду прачытаю. Прыходзіць мне «Звязда». Чытаю першую старонку, БелТА піша: хацелі сабраць 150 тысячаў, а сабралі ў 100 разоў меней. Гэта, калі мяне правільна ў польскіх трох клясах вучылі, значыць, што было на Маршы 1,5 тысячы. Чытаю другую старонку, Юрась Ляшкевіч піша: выступіў на мітынгу Лябедзька, сказаў, што нас тут 50 тысячаў. А адзін міліцыянт сказаў, што, «па прыблізных падліках, было людзей у шэсьці ня менш за 20 тысячаў. Аднак пры такой колькасьці людзей даць канкрэтную лічбу вельмі складана. Але кіраўнік прэс-службы УУС Менску паведаміла нам, што паводле апэратыўных зьвестак у акцыі ўдзельнічалі тры з паловай тысячы чалавек».

Добра, гэта газэта дзяржаўная, у іх там ня ўсё ў парадках, пачытаю я незалежныя. Паехаў у Берасьць, купіў свабодную прэсу. Чытаю «Народную Волю»: «По главному проспекту белорусской столицы, носящего имя славного сына белорусского народа Франциска Скорины, под бело-красно-белыми знаменами и транспарантами двигалось 25—30 тысяч человек» (я ня вельмі пайму, што тутака напісана, але ясна — 25—30). Разгортваю «Деловую», чытаю: «Чтобы отпраздновать День Конституции, на улицы Минска вышло около пяти тысяч человек».

Не, я панімаю, вам даць канкрэтную лічбу складана і ўсё такое. Але ж совесьць то трэба мець. Гэта ж дурны скажа, паўтары тысячы йдзе па вуліцы ці пяцьдзясят! Гэта ж, знаеце, калі ўсіх, хто жыве ў сяле Страдычы выставіць, пойдзе 1,5 тысячы, а калі ўсіх, хто жыве ў горадзе Кобрыні — 50. А калі тыя так званыя міліцыянеры, дзелавыя журналісты і іншыя Чыкіны назахоплівалі сабе пасадаў, дзе, мусіць, і па сто, і па дзьвесьце мільёнаў грошай у месяц палучаюць, а яны напраўдзе такія умсьцьвенна адсталыя, што трох ад пяцідзесяці адрозьніць ня могуць, дык такіх круцялёў трэба біць, каб на карку не сядзелі. І ня толькі іх біць, але й тых, хто іх у інстытуты такіх бязмозглых прыймаў — бо няйнакш добра ў руку далі, каб пралезьці. А як інакш такія агімолкі маглі іспыты здаць?

Вы там усе з вышшым абразаваньнем, мы вас вучылі, гарбаціліся ўсё жыцьцё над бульбай і буракамі, у інстытутах вас трымалі, кармілі, паілі, а вы, выходзіць, лічыць не навучыліся! Дык мы бяз вашых унівэрсытэтаў і інтэрнэтаў за тры клясы польскае школы лічыць навучыліся! Эх, узяць бы ды зьдзерці з вас тыя грошы, што памарнавалі на вашу круцельскую дурную вучобу, дык хоць на дактароў на старыя гады было б.

А далібог, вазьму калок, прыеду ў Менск на Дзень Волі! Тады навучу вас і шчытаць, і пісаць!

Іван Залупа з Заказанкі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0