Папярэджаньне «Нашай Ніве»

 

«Усё нешта ня так у нашым каралеўстве: кіраўнікі дзяржавы імкнуцца пазбавіць яе самастойнасьці, моўныя ведамствы судзяцца зь беларускамоўнымі газэтамі, а ўправа аховы помнікаў, замест ратаваць, зносіць усю чыста спадчыну», — пісалі мы ў пазатым нумары. І вось: Дзяржкамдрук даў нашай газэце папярэджаньне «за распальваньне міжнацыянальнай варожасьці» за публікацыю ў тым самым нумары ліста нашай чытачкі зь Менску Т.Судзілоўскай «Зайздрошчу Чачэніі». Цяпер, дастаткова даць «НН» яшчэ адно папярэджаньне на працягу году, і газэта можа быць зачыненая.

Мы будзем абскарджваць вынесенае папярэджаньне ў судзе.

З пункту гледжаньня сусьветнай практыкі, газэту тут нельга ні ў чым абвінаваціць ужо таму, што «Зайздрошчу Чачэніі» — гэта ліст чытача, надрукаваны ў адпаведнай рубрыцы. З пачатку году мы надрукавалі 62 лісты ў рэдакцыю і водгукі. У іх выказваюцца розныя, часам супрацьлеглыя думкі, ідуць спрэчкі.

З пункту гледжаньня зьместу, у лісьце няма ніякіх нялюдзкіх заклікаў. Гэта енк болю, крык роспачы жанчыны, якая болей ня можа трываць таго жорсткага нацыянальнага і сацыяльнага прэсу, пад якім апынуліся шчырыя беларусы ў сёньняшняй псэўдабеларускай дзяржаве.

Што да прэцэдэнтаў. Праваслаўнае выдавецтва публікуе шматкроць большым, чым у «НН», накладам кнігу з заклікам «Бі жыдоў» — Дзяржкамдрук не дае выдавецтву папярэджаньня, бо нібыта публікацыя мае навуковы характар. Прафэсар Ігнацішчаў у газэце «Рэспубліка» сьцьвярджае, што беларусы як нацыя не існуюць, што гэта «тэрытарыяльная супольнасьць» у складзе адзінага «русского» народу, кшталту мэкленбурцаў у складзе нацыі нямецкай — такое адмаўленьне беларусам проста ў праве на існаваньне таксама ня лічыцца злачынствам. Дзяржаўная тэлевізія, урадавыя і няўрадавыя газэты на расейскай мове ўстаўляюць беларускія словы ў наўмысна зьдзеклівым кантэксьце — гэта ані не клапоціць наглядчыя органы. Што гэта, калі не палітыка падвойных стандартаў?

Беларусам адмаўляюць у праве на вастрыню ацэнак найперш дзеля рэалізацыі даўняй стратэгіі: зьвядзеньня беларускае думкі, слова, культуры да ідыёцкай усімзадаволенасьці, убогага шаблёну, вітрыны з арнамэнтам, пазбаўленай жывога цела. «НН» — гэта ня тая зацюканая беспэрспэктыўная беларушчына, якая адзіна задавальняе праціўнікаў умацаваньня беларускай дзяржаўнасьці. Вастрыня ж думак нашых чытачоў не прытупіцца, пакуль ня выпаўняцца запаветныя памкненьні незалежнага беларускага грамадзтва, пакуль ня зьнікне адкрыты ці старанна хаваны за папяровай роўнасьцю нацыянальны і сацыяльны прыгнёт.

У 1998 годзе «НН» ужо абскардзіла адно папярэджаньне Дзяржкамдруку і перамагла ў судзе, абараніўшы сваё права выдавацца клясычным правапісам. І зараз будзем абскарджваць, абараняючы права нашых чытачоў выказваць свае думкі ў газэце. Будзем трымацца свайго.

Рэдакцыя


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0