пазытывы

Пушчы і рудні

 

Шматвэктарнасьць беларускай палітыкі дапоўнілася яшчэ адным накірункам. Начальства паглядзела долу. Мінулы тыдзень стаў сьвятам беларускай горнай справы.

Сталыя чытачы «НН», напэўна, памятаюць нумар, дзе распавядалася пра старажытныя капальні крамяню ў Беларусі. Так, беларусы пасьпяхова корпаюцца ў глыбінях сваёй зямлі ужо не адну тысячу гадоў.

Спачатку крамень, потым балотная руда, зь якой выраблялі падобнае да губкі крычнае жалеза; вохра дзеля фарбаваньня кажухоў і твараў на выпадак узброеных міжпляменных канфліктаў. Потым зьявіліся шкляныя гуты, дзеля наяўнасьці добрага пяску й вапняку.

Па вайне сьвідраваньне зямлі набыло плянавы характар і дало добры плён. Да сёньня разьведана больш за 4000 радовішчаў 30 розных карысных выкапняў. Запасы некаторых вельмі вялікія. Сталыя чытачы «НН» добра памятаюць таксама Лёнданскую лекцыю Прэзыдэнта БНР доктара Абрамчыка. Мазырскае, Давыдаўскае і Старобінскае радовішчы, напрыклад, утрымліваюць 22 млрд. тонаў соляў. Як пагрузіць яе ў цягнік, дык той цягнік дзевяноста разоў абкруціцца кругом Зямлі. Але спачатку яе трэба адтуль дастаць, а на гэта патрэбна даляраў столькі, што калі іх ў радок пакласьці, дык ці не даўжэйшы ён будзе за той цягнік.

Апошнім часам узьняўся шум вакол мінэральнай вады. Сапраўды, яе пад намі багата, цэлае мора. Знайшлі 63 крыніцы з запасам 15572 кубамэтры ў суткі. Ёсьць і вельмі насычаныя мінэраламі расолы. Зь іх збіраюцца дабываць рэдкія рэчывы, бор і ёд, каб потым прадаваць за мяжу. Даставаць можна 160 т брому і 1,2 т ёду штогод. Ніхто, праўда, ня кажа, што рабіць з расолам, які будзе заставацца.

Знойдзеныя ў нас гэтаксама буры вугаль і сланец, але нізкаякасныя. З вугалю тога атрымаецца хіба што брыкет, калі зьмяшаць яго з торфам. Альбо трэба рабіць ягоную хімічную перапрацоўку, а гэта зноў — інвэстыцыі.

Наш край пэрспэктыўны на жалеза і каляровыя мэталы, бурштын, тытан. Пад Налібоцкай пушчай ёсьць жалеза, і вельмі многа, і ня надта глыбака ляжыць. Але каб яго дастаць, трэба тую пушчу сьпілаваць, выкапаць кар’ер велічынёй з Арызонскі кратэр, пабудаваць абагачальны камбінат — найбуйнейшы ў Эўропе, чыгунку, спусьціць на камбінат усю ваду зь Нёмна і рабіць файны акатыш, зь якога немцы маглі б выплаўляць сталь. Добра, але пушчы шкада.

Як мне падаецца, уся гэтая мітусьня з карыснымі выкапнямі ёсьць водгукам аднаго пытаньня: адкуль узяць грошай, каб заткнуць нечым зяпу ўсім: і выбарцам, і бунтаўнікам.

Без узмацненьня гвалту над навакольным асяродзьдзем магчымы экспарт граніту, вапняку, мягрэлю і чыстай крэйды, цагельнае і ганчарнае гліны. Бяз шкоды экалягічнай абстаноўцы можна прадаць за мяжу 100 млн.т торфу і 1 мільярд кубамэтраў сапрапелю. Экспарт высакаякаснай мінэральнай вады можа складаць да 300 м3/сут.

Калі ж зірнуць на праблему шырэй, то выявіцца вельмі важны выбар: Беларусь плянуе быць падобнай да Анголы ці да Чэхіі? Мець багатую прыроду, канечне, выгадна. Але гандаль толькі тым, што Бог даў, нейкі сумны, накшталт таго, як бедны чалавек нырку прадае.

Да таго ж апошнім часам зьявіліся дзьве вельмі дрэнныя тэндэнцыі: скарачэньне аб’ёму вывазу галоўных тавараў беларускага экспарту і сыравінная накіраванасьць экспарту за межы СНГ. Туды ідзе пад 100% калійных угнаеньняў, блізка 90% неапрацаванага лесу, каля 80% чорных мэталаў. Адначасова за межы СНГ экспартавана менш за 10% станкоў, грузавых аўтамабіляў, халадзільнікаў.

А ўмеем жа і інакш. Унікальную ўстаноўку па выпрацоўцы звышчыстага крэмнію з адкідаў хімічнай вытворчасьці купілі за паўмільёна даляраў інвэстары з Беларусі ў маскоўскім НДІ хімічных тэхналёгіяў, маючы на мэце запусьціць новую вытворчасьць на наваполацкім заводзе “Вымяральнік”, каб рабіць крэмній, удвая таньнейшы, чым на сусьветным рынку.

Пісьменна і зь мінімальным засьмечваньнем уласнай хаты здабываць кампанэнты тэхналёгіяў ХХІ ст. трэба вучыцца. Перапрацаваць карысныя выкапні самім і выгадна прадаць за сапраўдныя грошы на хапок не атрымаецца. Патрэбная сыстэма, час і вольныя людзі.

Міхал Залескі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0