Вайсковыя парады

25 сакавiка ў Грэцыі адбылiся вайсковыя парады ў розных гарадах з нагоды Дня Незалежнасьцi. Над Акропалем праляцелi баявыя самалёты i гелікоптэры.

Грэцыя сьвяткавала. Беларусь таксама.

Гарадзенскай мiлiцыi загадалі паказаць ашчэр, каб у сталiцы лiшне не крытыкавалi за лiбэралiзм. Шэсьце пад сьцягамi мiлiцыянты спачатку не хацелi пускаць на вул.Савецкую, хаця яна пешаходная. Прапусьцiлi, але праз 200 мэтраў з баявымi выгукамi дарогу загарадзілi 50 амонаўцаў у сталёвых шлемах i зрабiлi «жывую барыкаду». Усё адбылося пад носам у каменнай статуі маршала СССР Васіля Сакалоўскага, што родам зь вёскi Козьлiкi Беластоцкага павету. Некалькi хвiлiнаў доўжылася напружаньне. Шэсьце мусiла з Савецкай збочыць на Дамiнiканскую, а пасьля на Вялікую Траецкую. Амонаўцы паўзводна са сваiмi індзейскiмi крыкамi ўцяклi гэтаксама раптоўна, як прыбеглi.

Мiтынг адбыўся. Трыбуна — ГАЗ-66. Сьпяваў В.Шалкевiч. Вельмi спадабалася публiцы велiзарная шайба з партрэтам нашага шаноўнага Рыгоравiча — хакеiста нумар адзiн, якую змайстравалі гарадзенскія рабочыя. Спалiлi расейскі сьцяг, а бел-чырвона-белы i эўрапейскі ўзьнялi на флягштоках.

Прынялi рэзалюцыю i падтрымалi задуму склiкаць Усебеларускi зьезд. Было больш за 2 тысячы чалавек.

Сяргей Астраўцоў,
Горадня


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0