Спорт сьпірту не таварыш

На Століншчыне пасварыліся дзьве мясцовыя газэты — дзяржаўная і прыватная.

 

Аляксандар Ігнацюк, які раней працаваў у рэдакцыі столінскай раёнкі «Навіны Палесься», напрыканцы мінулага году заснаваў і здолеў зарэгістраваць на Століншчыне ўласную газэту — «Вячэрні Столін», якая адразу набрала даволі высокі ў гэтым рэгіёне наклад — каля 4,5 тысячы асобнікаў. Новая прыватная газэта пачала друкаваць інфармацыю, якая вельмі адрозьніваецца ад афіцыйнай, і тое не спадабалася мясцоваму начальству. Аднак адкрытых выпадаў супраць «Вячэрняга Століна» дагэтуль не было.

Некалькі тыдняў таму ў «Навінах Палесься» зьявіўся артыкул пра раённыя спаборніцтвы па настольным тэнісе пад назваю «Пазайздросьцім». Першае месца ў спаборніцтвах заняла прафінансаваная «Вячэрнім Столінам» каманда з аднайменным назовам. У сваім артыкуле «Навіны Палесься» дазволілі сабе выразы кшталту «выйгралі ігракі, якіх наняло за нядрэнныя грошы кіраўніцтва газэты «Вячэрні Столін», а таксама абвінавацілі пераможцаў у адсутнасьці сумленьня, якое тыя нібыта прадалі за грошы. У адказ «Вячэрні Столін» на першай паласе надрукаваў матэрыял «Пазайздросьцім: «Вячэрні Столін» выбірае спорт, а «Навіны Палесься» — сьпірт», а таксама фотаздымкі, на якіх рэдактарка афіцыйнай «раёнкі» Валянціна Мірановіч п’е «на брудэршафт» зь нейкім начальнікам, а таксама ізноў п’е, але ўжо ў рэдакцыі — разам з калегамі. У сваім артыкуле рэдактар Аляксандар Ігнацюк адзначае, што да апошняга моманту не хацеў сварыцца і прасіў зьмясьціць у адным з нумароў «Навінаў Палесься» абвяржэньне, бо ніякіх вялікіх грошай ён насамрэч нікому не плаціў, адно што выдаткаваў сродкі, неабходныя камандзе паводле афіцыйнага каштарысу дзеля ўдзелу ў чэмпіянаце. Іначай каманда ўвогуле не змагла б узяць удзел у спаборніцтвах. Аднак абвяржэньне «Навіны Палесься» друкаваць адмовіліся.

Заснавальнік незалежнай газэты ў бліжэйшы час зьбіраецца зьвярнуцца ў суд па абарону свайго гонару і спагнаць з «Навінаў Палесься» некалькі мільёнаў дэнамінаваных рублёў, якія, са словаў рэдактара, пойдуць на ўпарадкаваньне футбольнага стадыёну ў Рэчыцы.

Мінула ўжо больш за два тыдні, а «Навіны Палесься» ніводным радком не адрэагавалі на гучны артыкул канкурэнтаў.

Пакуль невядома, як адрэагуюць на гэта столінскія ўлады, аднак відавочна, што цяпер і ў раённай газэты, і ў раённай улады зьявілася добрая нагода, каб пазбавіцца і канкурэнта, і выданьня, якое не баіцца ўздымаць непрыемныя для «вэртыкалі» праблемы.

Аляксей Дзікавіцкі зь Пінску


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0