Непрыкметна для шырокай публікі ў нас чарговы раз папрацавала місія МВФ. Цяпер, са слоў незалежных экспэртаў, ва ўрадзе чухаюць патыліцу: як дакласьці на самы верх, што "кароль голы"?

Раней наша высокае начальства лічыла МВФ ледзь ці не варожай арганізацыяй. Яшчэ летась Лукашэнка казаў, што ейныя экспэрты "разбурылі Бразылію", а нас МВФ ненавідзіць за высокія тэмпы эканамічнага росту.

Гэтым жа разам госьці былі ўганараваныя стрыманым камплімэнтам ад віцэ-сьпікера Забалотца: "Апошнія вашыя даклады з аналізам эканамічнай сытуацыі сталі меней палітызаванымі, вы прыйшлі да рэальных ацэнак без палітычнай перадузятасьці". Ён усьцешыў місію і наступным паведамленьнем: "Мы прынялі рэкамэндацыі што да значна болей жорсткай бюджэтна-падаткавай палітыкі".

Ёсьць, праўда, падазрэньне, што гэта робіцца не дзеля таго, каб спадабацца МВФ, а таму, што банальна канчаюцца грошы :-) Жыцьцё змушае беларускіх чыноўнікаў адсоўваць у бок ранейшыя стэрэатыпы ("яны нам падкідаюць") ды прыслухоўвацца да парадаў міжнародных экспэртаў.

Канешне, іх таксама ня варта абагаўляць. У МВФ свае шаблёны, і карыстацца імі трэба з розумам.

Але ж тут гаворка пра відавочнае. Калі коратка, то квінтэсэнцыя цяперашніх парадаў палягае ў тым, што ў сярэднетэрміновай пэрспэктыве трэба значна зьнізіць дзяржаўнае ўмяшаньне ў эканоміку. Увогуле ж высновы місіі цалкам супярэчаць бадзёрай заяве пра тое, што наша эканоміка нібыта ўжо вытрымала жахлівы і вераломны ўдар з усходу. Ні халеры ня вытрымала, усё яшчэ наперадзе.

Місія МВФ прагназуе, што сёлета праз падаражаньне энэрганосьбітаў мы страцім 5,5% ВУП, а далей будзе толькі горай. Інфляцыя сёлета можа сягнуць да 13,3% (нават паводле Мінстату яна большая, чым летась). Дарэчы, ці ведаеце вы, што пасьля ліквідацыі "нафтавага афшору" доля нашага экспарту ў Эўразьвяз спаўзла за першы квартал зь леташніх 50,2% да 40%? Калі так пойдзе, дык іхнія санкцыі сапраўды стануць ня страшнымі… :-)

Са слоў незалежнага эканаміста Яраслава Раманчука, праблема зараз яшчэ і вось у чым: ніхто з урадоўцаў "ня хоча несьці правадыру кепскія весткі пра тое, што беларуская эканамічная мадэль мае патрэбу ў сур'ёзным карэктаваньні, калі не ў капітальным рамонце". Гэта ня дзіўна: памятаеце, як Лукашэнка на нядаўняй нарадзе наўпрост заявіў, што нам лібэральныя штукарствы не патрэбныя? Звыш таго, у ніводнага ведамства няма выразнага бачаньня альтэрнатыўнай эканамічнай палітыкі. Нарэшце, кажа Раманчук, ва ўрадзе працягваюць містычна верыць, што Аляксандар Рыгоравіч "зноў неяк выкруціцца".

Але апошнія заявы Пуціна надзеяў на гэты конт не даюць.

Самае пікантнае палягае ў тым, што, як раскапаў той самы Раманчук, яшчэ ў 1995 годзе Чыгір і Багданкевіч (тады адпаведна прэм'ер і старшыня Нацбанку) зьвярталіся ў МВФ па дапамогу. Дзеля таго, каб "істотна зьменшыць ролю дзяржавы і маштабы адміністрацыйнага ўмяшаньня ў працэс цэнаўтварэньня і разьмеркаваньня рэсурсаў, пашырыць выкарыстаньне рынкавых мэханізмаў, правесьці іншыя сыстэмныя рэформы…".

Далейшы сюжэт вам добра вядомы. Рэфарматары вылецелі з абоймы. Было вырашана, што ў кабалу да буржуінаў мы, гордыя славяне, ня пойдзем! Пачалося стварэньне "беларускай мадэлі", якая колькі гадоў спраўна функцыянавала ва ўмовах энэргетычнага раю. Беларусы, кладучы руку на сэрца, шыкавалі не па сродках. Летась заробкі вырасьлі на 17,6%, а прадукцыйнасьць працы — толькі на 8%. Ня трэба быць экспэртам МВФ, каб сказаць, што такія нажніцы рана ці позна вылезуць бокам.

Замяніць Чыгіра ды Багданкевіча махровымі кадрамі з антырынкавым мысьленьнем было тады нескладана, зазначае Раманчук. А вось зараз, калі мы пратаўкліся на месцы 13 гадоў (між тым як маглі б даўно мець трансфармаваную эканоміку), адкуль і як набраць ва ўрад сьвежых мазгоў?

Няўжо давядзецца ісьці на паклон да "шалудзівых"? :-)

Ва ўсякім разе, лічыць незалежны эканаміст, афіцыйнаму лідэру варта моцна падумаць, як не давесьці "сябе і краіну да стану позьняга Кебіча".

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?