БІБЛІЯТЭКА
Масток да гісторыі Краю
Міхась Скобла. Дзярэчынскі дыярыюш. Менск: Беларускі кнігазбор, 1999. — 272 с. іл.
Дзярэчын — мой край, маё мястэчка. У гады дзяцінства пашчасьціла засьпець знакамітыя дзярэчынскія кірмашы. Тады, у канцы 60-х, яны яшчэ захоўвалі своеасаблівую атмасфэру старажытнага беларускага таргавішча. Праўда, зразумеў гэта нашмат пазьней, калі ўжо тых кірмашоў ня стала.
Мая вёска Лупачы цягнулася да гэтага мястэчка. Туды да царквы выбіраліся цётка Зіна і бабуля Настуля, туды езьдзілі дзядзькі зь вёскі па важныя закупы, звычайна пад час кірмашоў. Дзед Сёмка апавядаў то страшныя гісторыі пра кірмашовых злодзеяў, то сьмешныя — пра кірмашовыя прыгоды. Як аднойчы сярод тлуму яму непрыкметна разрэзалі кажух на грудзях, дзе ў кішэні былі схаваныя грошы, якія таксама аказаліся парэзанымі. Як спрытны ашуканец прадаў аднаму вяскоўцу каня, прывязанага да возу, на якім спаў падгулялы праўдзівы гаспадар каня і калёсаў.
І цяпер яшчэ ад аднаго ўспаміну смакуюць у роце цукеркі-падушачкі, залатыя цукровыя пеўнікі на палачках, сьметанковыя лёды, ад якіх дранцьвела нёба. Ніколі пасьля ня еў такіх смачных лёдаў... Выдатна памятаю тысячагалосы гоман са звонкім-звонкім адметна беларускім фанэтычным ладам, калейдаскоп твараў, ашаламляльны для хлопчыка зь лясной вёскі, дзе ня часта пабачыш новага чалавека. Памятаю краязнаўчы музэй, што быў у камяніцы каля месца былога палацу Сапегаў. Цяпер ня стала ні камяніцы, ні музэю, ня ведаю нават, калі й чаму.
На пачатку 80-х гадоў у Расейскім Ваенна-гістарычным архіве ў Маскве выпадкова натрапіў на плян Дзярэчына 1850 г. і перанёс яго на кальку, змаляваў амаль мэханічна, хоць тады ня меў на тое ніякай выразнай патрэбы. Але праз 16 гадоў копія спатрэбілася — для “Дзярэчынскага дыярыюшу”.
“Дыярыюш” напісаны дзярэчынцам, і гэтая акалічнасьць наклала на кнігу невынішчальны адбітак, напоўніла яе пяшчотай, настоенай на глыбокіх дзіцячых уражаньнях. Асабістыя эмацыйныя адносіны да аб’екту і здаровы сэнс у інтэрпрэтацыі гістарычных крыніц — вось, напэўна, галоўныя прычыны, што вызначылі посьпех аўтара.
Паэт Міхась Скобла напісаў кнігу не пра гісторыю населенага пункту — знакамітага ў мінулым мястэчка, а пра гісторыю яго людзей. Калі аўтар зьвяртаецца да нейкіх статыстычных матэрыялаў (а гэта здараецца даволі часта), дык найперш для таго, каб выявіць, якое значэньне тыя матэрыяльныя факты мелі для жыцьця дзярэчынцаў. Напэўна, гэта галоўнае, што адрозьнівае яго працу ад безьлічы савецкіх выданьняў кшталту “Масты”, “Ашмяны”, “Шчучын” і да т.п. Адрозьнівае яшчэ й таму, што тыя тэксты пісаліся калябарантамі, а гэты — патрыётам Краю.
“Дыярыюш” можна лічыць узорам гістарычнага нарысу, бо яго тэкст пададзены літаратурна і дастаткова прафэсійна з пункту гледжаньня гістарычнай навукі. Скоблавы інтэрпрэтацыі дакумэнтальных крыніц вызначаюцца карэктнасьцю і добрай мерай здаровага сэнсу, чаго часта не хапае і прафэсійным гісторыкам. Напрыклад, аўтарская этымалёгія назвы мястэчка ад слова “дзярэча”, што азначала выдабываньне пчалінага рою з калодаў, выдаецца намнога бліжэйшай да праўды за жучкевіцкае “драчун” (адкуль толькі Жучкевіч выкапаў маскоўскага забіяку ў самым цэнтры гістарычнай Літвы!?).
Па-майстэрску выкарыстаны мэтад аналёгіі для высьвятленьня рэпэртуару сапежынскага тэатру ў Дзярэчыне. Ня маючы прамых сьведчаньняў, аўтар зь вялікай ступеньню верагоднасьці аднавіў яго паводле захаваных зьвестак пра п’есы, пастаўленыя ў тэатры ў Ружанах і паводле вопісу драматургічных твораў з фамільнай бібліятэкі Сапегаў. Атрымалася зграбна і пераканаўча.
Варта адзначыць добрую карэктарскую падрыхтоўку выданьня, што сьведчыць пра прафэсійнасьць выдавецтва і выгодна вылучае яго сярод іншых новапаўсталых за апошнія гады. Ня шкодзяць агульнаму ўражаньню ад кнігі некалькі дробных памылак, як недакладнае датаваньне праекту карчмы на адной з ілюстрацый ці не зусім зразумелае мастацкае афармленьне вокладкі.
Аўтар ствараў “Дыярыюш” пра людзей старога Дзярэчына ў першую чаргу для сучасных дзярэчынцаў. Інтэлігентная публіка зь Менску ўспрыме гэтую кнігу як чарговую добрую працу пра адну зь беларускіх мясьцінаў. А ў Дзярэчыне хто асабліва ведае цяпер пра былую славу сваёй сёньняшняй вёскі, калі пра яе й напамінкаў амаль не засталося — зьнішчаныя, як той сапежынскі палац, канфіскаваны за паўстаньне 1830 г. і абрабаваны расейскім царом (Мікалай І асабіста правяраў сьпісы вывезеных каштоўнасьцяў!).
Выдаецца важным таксама, што Міхась Скобла перакінуў масток ад сучаснасьці да мінуўшчыны найперш для маладых дзярэчынцаў. Мяркуючы з зараду эмоцыяў, аўтар не пацярпеў ад страты рамантычнай веры ў “мудры народ”, якую ад рэфэрэндумаў 1995-96 г. да сёньня ня можа перажыць частка беларускай інтэлігенцыі. Не пацярпеў, бо ніколі падобных ілюзіяў ня меў. Наш сялянскі народ (дарэчы, як і сяляне ўсіх народаў) стагодзьдзямі прывык вырашаць праблемы штодзённага выжываньня, за якімі мала месца высокім імкненьням да дзяржаўнай незалежнасьці, роўнасьці і свабоды. Пісьменьнікаў ці мастакоў вясковая грамадзкая думка найчасьцей лічыць гультаямі, дармаедамі, якія маюць лёгкі хлеб, пэцкаючы паперу. У 1863 г. беларускія сяляне лавілі паўстанцаў Каліноўскага па лясах і выдавалі іх царскім войскам. У нас гэта яшчэ можна было неяк вытлумачыць рэлігійнай ці “этнічнай” розьніцай сялянаў і паўстанцаў. Аднак тое ж самае, і нават ў больш страшных праявах, адбывалася ў Польшчы, напрыклад, пад час т.зв. кракаўскага паўстаньня, калі польскія сяляне-каталікі лавілі па галіцыйскіх лясах польскіх паўстанцаў-каталікоў і выдавалі іх аўстрыякам, а яшчэ часьцей забівалі на месцы.
Праблемы заваёвы і захаваньня дзяржаўнасьці вырашае эліта. Новую польскую дзяржаву ў 1918 г. збудавала эліта, у тым ліку і зь Беларусі, якая пайшла ў легіёны Пілсудзкага і падтрымала іх матэрыяльна. Нам такой эліты, зь вядомых прычынаў, забракла. І нам сёньня яе патрэбна ствараць, бо ня маем іншага выйсьця. Ствараць і зь сялянскіх дзетак таксама, а навука гісторыі радзімы, роднай мясьціны — адзін са спраўджаных для таго сродкаў.
Амаль адначасова з выйсьцем у сьвет “Дыярыюшу” яго галоўны фундатар Валянцін Дубатоўка, ясная справа — стопрацэнтовы дзярэчынец, разьмясьціў у дзярэчынскім касьцёле памятную шыльду ў гонар таго абрабаванага маскалямі паўстанца Каэтана Сапегі. Ды яшчэ запрасіў на яе адкрыцьцё галаву роду Сапегаў — князя Францішка. Прыехаў стары князь з далёкай Кеніі на радзіму, пастаяў на ёй, пахадзіў зь непакрытай галавой. Для дзярэчынцаў, што назіралі за ім, то быў яшчэ адзін масток — да годнасьці, якая заўсёды пачынаецца з павагі да сваёй гісторыі.
Алесь Краўцэвіч, Горадня
Магілёўская старасьвеччына
Магілёўская даўніна. 1999 год. — Магілёў, 1999. — 192 с. —Наклад 1000 ас. ISBN 985-6568-07-2
Невядома, у чым сакрэт трываласьці гістарычнага штогадовіка «Магілёўская даўніна» — ці ў здольнасьці выдаўцоў знайсьці грошы, ці ў энэргіі аўтараў і рэдактараў, ці ў надзейнасьці гістарычных падмуркаў. Падмуркі, натуральна, рэч добрая, але не вырашальная. Да 1917 году выходзіла ж ня толькі «Магілёўская», але і «Віцебская», «Полацка-Віцебская», «Менская» і «Гарадзенская даўніна», але сёньня мы маем толькі «Магілёўскую». З абласных цэнтраў Менск, дарэчы, самы неініцыятыўны ў дасьледаваньні і папулярызацыі сваёй лякальнай гісторыі. Затое магілёўскія выданьні нават цяжка пералічыць. Каб чытач зарыентаваўся, дарэчы будзе нарыс «Магілёўскае кнігадрукаваньне» (ад 1990 году) з апошняга штогадовіка.
Выпуск 1999 году «Магілёўскай даўніны» атрымаўся як ніколі грунтоўным. Эмануіл Іофэ працягвае досьледы лёсаў беларускага жыдоўства ў нарысе «Габрэі Магілёва ў XVІ — пачатку ХХ ст.», маецца працяг працы протаярэя Міхаіла Кузьменкі «Магілёўская япархія ад часоў далучэньня да Расеі да 1918 году». Гэта ўнікальная для сёньняшняй Беларусі праца, хоць яна і была напісаная яшчэ ў 1967—1971 гадах у бытнасьць аўтара «сапраўдным студэнтам» завочнага навучаньня Маскоўскай Духоўнай Акадэміі. Больш грунтоўна і кваліфікавана за Кузьменку нашы царкоўнікі ня пішуць (ня будзем казаць ужо пра велізарныя памеры гэтай кандыдацкай дысэртацыі, поўная назва якой «Магілёўская япархія ад яе заснаваньня да 1918 году»). «Да пытаньня аб палітаніміі ўсходняй Беларусі ў помніках грамадзкай думкі ХІ—ХVІІ ст.» Віктара Старасьценкі — гэта яшчэ адзін агляд тэрмінаў «Русь», «Літва», «Белая Русь», які заўсёды дарэчы. Вылучаецца артыкул Валерыя Касмылёва «Лютаўскае (1661 г.) паўстаньне ў Магілёве». Пра нацыянальнага героя Язэпа Пора-Левановіча ведаюць збольшага хіба толькі ў Магілёве. Антымаскоўскае паўстаньне 1661 году застаецца ў гістарыяграфіі нявывучаным. Зьвесткі ў крыніцах ёсьць, але яны не супастаўленыя, дасьледнікі яшчэ не абмяняліся сваімі думкамі, якім крыніцам можна даць веры, а якім не. Каб «Магілёўская даўніна» распачала такую дыскусію, быў бы плён.
Зь іншых гістарычных сюжэтаў «Даўніна» распавядае пра грашовыя сыстэмы паводле магілёўскіх магістрацкіх кніг 1578—1580 гадоў (Шаміль Бекцінееў) і пра таямніцы магілёўскай абароны 1941 году (Мікалай Барысенка). Мастацтву Магілёўшчыны прысьвечана праца Надзеі Высоцкай «Мастакі Магілёва XVІ—ХVІІІ ст.» Гэта сьпіс мастакоў зь вельмі кароткімі зьвесткамі пра жыцьцё і працы. Тэкст атрымаўся «сырым» і з-за дрэнна расчытаных зьвестак. Польскае імя «Ежы» пададзена як «Иежи». Горад беларускай вайсковай славы Папова Гара зараз завецца Чырвоная Гара, ён не ў Магілёўскай вобласьці, а ў Бранскай. Пятроўскі Павел чамусьці ахрышчаны аўтаркай у Паўля, а знакаміты Юзаф Пешка — у «Иозефа». Наталя Трыфанава дасьледуе данатарскія выявы ўсходняй Беларусі, але, на жаль, перарабіла прозьвішча славутага абаронцы праваслаўя Багдана Статкевіча на Сцеткавіча. Пад рубрыкай «Крыніцы» надрукаваныя 2 тыя фашыстоўскія ўлёткі, што скідваліся чырвонаармейцам з самалётаў. Матэрыял ня варты «Магілёўскай даўніны». Затое падборка «Замах на Мсьціслаўскі касьцёл (1959-1962 г.)» мае вялікае значэньне як сьведчаньне пра тую барацьбу, што вялася за захаваньне славутага кармэліцкага касьцёлу ў Мсьціславе з фрэскамі пра падзеі вайны XVІІ стагодзьдзя з Масквой. Застаецца незразумелым, як дайшоў да нашага часу той касьцёл, калі пра яго неаднойчы пісалі: «патрэбна зьняць з уліку», «ня маюць ніякай каштоўнасьці» (гэта пра росьпісы «Разьня Трубяцкога»).
Маюцца яшчэ матэрыялы з этнаграфіі, гісторыі асьветы. З нарысаў па мікрагісторыі зьмешчаны праца Міхаіла Шымукенуса пра вёску Салтанаўку, вядомую з вайны 1812 году, нарыс Кацярыны Падрэз пра тапаніміку Задубровенскага пасаду Магілёва ў ХІХ—ХХ стагодзьдзях, працяг геаграфічна-статыстычнага слоўніка Магілёўскай вобласьці Генадзя Рыдзеўскага і Ігара Шарухі (гэтым разам пра Быхаўскі раён). Ёсьць «Весткі з экспэдыцыяў», «Хроніка», «Summary» і нават «Содержание» (у сэнсе «рэзюмэ» па-расейску). Чаго, на жаль, няма — гэта самой «Магілёўскай даўніны» ў менскіх крамах.
Валеры Пазьнякоў
НОВЫЯ КНІГІ, ДАСЛАНЫЯ Ў РЭДАКЦЫЮ
Анталёгія сучаснай палітычнай філязофіі / Укладаньне і ўводзіны Я.Кіма; Пераклад з ангельскай І.Карліхава, В.Лук’янава, В.Вайткевіча; Пад рэдакцыяй У.Роўды. — Менск: Тэхналёгія, 1999. — 461 с. — Наклад 1000 ас. ISBN 985-6234-69-7
Сучасная палітычная філязофія ў фокусе спрэчак філёзафаў у англасаксонскім грамадзтве. Кнігу можна набыць у краме «Тэхна” Беларускай акадэміі мастацтваў за паўтары тысячы.
Жывіца: Вершы, апавяданьні, казкі пра дзяцей і для дзяцей / Укладальнік І.Гімпель; Мастак В.Сакалоў. — Менск: Юнацтва, 1999. — 351 с. — (Школьная бібліятэка). — Наклад 34700 ас. ISBN 985-05-0268-1
Кнігу складаюць дзіцячыя творы беларускіх пісьменьнікаў ад пачатку стагодзьдзя да нашага часу. Гэткі вялікі наклад тлумачыцца распаўсюдам кнігі ў асноўным празь бібліятэчны калектар у школы краіны. Прадаецца ў “Кнігарні пісьменьніка”.
Р.Барадулін. Збор твораў. Т.3: Паэмы, вершы. — Менск: Мастацкая літаратура, 1999. — 335 с., (8) арк. іл. — Наклад 3000 ас. ISBN 985-02-0138-Х (т.3)
У доўгачаканы трэці том жывога клясыка нацыянальнае літаратуры Рыгора Барадуліна ўвайшлі паэмы “Куліна”, “Блякада”, “Лінія перамены дат”, “Смаргонская акадэмія”, “Аблачына-самабранка”, “Вяртаньне ў першы сьнег”, “Трыкірыюм”, а таксама вершы. Цана — трохі болей за тысячу.
К.Крапіва. Збор твораў у 6 т.: Т.3: Раман, п’есы / Укладаньне, камэнтар С.Лаўшука; Мастак А.Александровіч. — Менск: Мастацкая літаратура, 2000. — 382 с., іл. (4) арк. іл. — Наклад 3000 ас. ISBN 985-02-0420-6 (т.3)
Увайшлі творы з пачатку 1930-х гадоў: раман “Мядзьведзічы” й п’есы “Канец дружбы” ды “Партызаны”. Цана ў кнігарнях — тысяча з гакам рублёў.
Гісторыя Беларусі: У 2 ч. Ч.1: Ад найстаражытнейшых часоў да канца 18 ст.: Курс лекцыяў / І.Крэнь, І.Коўкель, С.Марозава, С.Сяльвестрава, І.Фёдараў. — Менск: Рэспубліканскі інстытут вышэйшае школы Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, 2000. — 656 с. — Наклад 3200 ас. ISBN 985-6299-34-9
Аўтары прапануюць курс лекцыяў паводле навучальнае праграмы з гісторыі Беларусі для студэнтаў гістарычных факультэтаў вышэйшых навучальных установаў краіны. Адылі ня ўсе студэнты здолеюць гэтае выданьне набыць, цана — тры тысячы рублёў. Кніга мае адну вельмі істотную хібу — няма ілюстрацыяў.
Народная культура Эўропы раньняга Новага часу / Пераклад з ангельскай І.Галецкай; Пад рэдакцыяй А.Ліса. — Менск: Тэхналёгія, 1999. — 380 с. — Наклад 1000 ас. ISBN 985-6234-79-4
Чэслаў Мілаш. Скуты розум. / Пер. з польскай Юрася Лаўрыка. Дапрацаваны Зьміцерам Дзядзенкам. Пад рэд. Валеркі Булгакава. — Менск-Вільня: «Фрагмэнты», Віленскі клюб, 2000. — 248 стар. — Сэрыя «Бібліятэка Фрагмэнты». ISBN 9955-437-01-4
Кніга эсэ ляўрэата Нобэлеўскай прэміі польскага пісьменьніка Мілаша адкрываецца адмыслова напісанай аўтарам прадмовай «Да беларускага чытача».
Падрыхтаваў Віктар Мухін