Кіт беларушчыны і касманаўтыкі

6 красавіка Барыс Кіт адзначае 90-годзьдзе

 

Вядомы беларускі асьветнік, амэрыканскі дасьледчык у галіне астранаўтыкі, ганаровы грамадзянін Наваградку, сябра многіх міжнародных акадэміяў прафэсар Барыс Кіт цяпер жыве ў Франкфурце-на-Майне. Бліжэй да Беларусі, як ён сам адзначае. Пасьля таго, як зьнік Бэрлінскі мур, спадар Барыс наладзіў безьліч сувязяў з Бацькаўшчынай — са сваякамі, з былымі вучнямі, многімі пісьменьнікамі, вучонымі, палітыкамі, журналістамі, грамадзкімі дзеячамі. У яго невялічкай кватэры пабывалі ў гасьцях дзясяткі беларусаў, якія пакінулі там свае кнігі, малюнкі, сувэніры. Многім беларусам Барыс Кіт шчыра дапамагаў, калі тыя патраплялі ў Нямеччыне ў нейкія складанасьці — гублялі пашпарт ці рэчы, або ня мелі транзытнай візы... Многіх ён асабіста, нягледзячы на паважны ўзрост, сустракаў і праводзіў у Франкфурцкім аэрапорце. Кожную нядзелю ён тэлефануе шматлікім сябрам у Менск, Горадню, Вільню, Наваградак...

Беларускія падзеі пачатку дзевяностых, атрыманьне Беларусяй незалежнасьці, першыя крокі ў адбудове дзяржаўнасьці надзвычай радавалі Барыса Кіта, аднак сярэдзіна і канец дзевяностых яго азмрочылі. Кожную раніцу на франкфурцкім вакзале Зюдбангоф Барыс Кіт купляе стос газэтаў: «Інтэрнэшнл Геральд Трыбюн», «Ізвестія», «Газэту Выборчу» і перш за ўсё чытае навіны зь Беларусі. Беларускія выданьні там, на жаль, не прадаюцца. Ня так даўно сп.Кіт прачытаў артыкулы пра тое, як ганебна прадстаўнікі ўлады сустрэлі на Бацькаўшчыне пісьменьніка Васіля Быкава, калі той вярнуўся зь Фінляндыі. Гэта вельмі абурыла Барыса Кіта, і яму захацелася адразу напісаць ліст падтрымкі знакамітаму беларускаму пісьменьніку... У іншых умовах сп.Кіт абавязкова прыехаў бы на сваё 90-годзьдзе ў Беларусь, але цяпер, відаць, не выпадае.

Як асоба Барыс Кіт проста захапляе. Энэргічны, рухавы, вясёлы, добразычлівы і гасьцінны, любіць пагаварыць, падзяліцца ўспамінамі. Апрача астранаўтыкі і матэматыкі ён вельмі захапляецца гісторыяй, якую вывучыў па амэрыканскіх кніжках, таму ад яго можна пачуць шмат новага. Ён быў сьведкам многіх падзеяў у беларускай гісторыі дваццатага стагодзьдзя, ведаў многіх нашых знакамітых дзеячоў. А часам прыгадае дасьціпныя анэкдоты 20—30-х гадоў. Ад яго набіраесься добрай энэргіі, ад яго варта павучыцца, як паводзіць сябе ў шматлікіх складаных пэрыпэтыях жыцьця, калі даводзіцца нават пачынаць усё спачатку на новым месцы. Ад яго можна павучыцца, як кантактаваць зь людзьмі, як вырашаць складаныя задачы... Барыс Кіт шмат дабіўся ў жыцьці сваімі ўласнымі сіламі і здольнасьцямі, але застаўся простым і непатрабавальным. «Мне нічога ня трэба, я звычайны сялянскі сын», — без усякай гіроніі гаворыць ён.

Валер Каліноўскі

Выказваем нашыя шчырыя віншаваньні спадару Барысу Кіту з нагоды 90-годзьдзя, жадаем у здароўі й гуморы сустрэць і стогадовы юбілей!


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0