ARCHE: ПАНСЛАВІЗМ

 

Выйшаў новы нумар часопіса ARCHE «Панславізм: думка і злачынствы». Ён яшчэ таўсьцейшы за ўсе папярэднія нумары часопіса — 288 старонак. На вокладцы ў гэты раз — мадэлька Юля Стома. Яна родам зь Ліды — яна «Міс Грудзі» Беларусі і «Міс Скура» Беларусі. А друкуюцца ў ARCHE шматлікія аўтары з розных славянскіх краёў: чэхі Вацлаў Чэрны і Ян Патачка, палякі Чэслаў Мілаш і Кшыштаф Чыжэўскі, славенцы Драга Янчар і Алеш Дэбэляк, сэрб Вук Драшкавіч, баўгар Івайла Дычэў, украінец Мікола Рабчук, беларусы Янка Станкевіч, Ігар Сідарук, Ягор Новікаў, Ілья Куркоў, а таксама амэрыканец Рычард Пайпс, немцы Томас Ман і Вальтэр Бэн’ямін. Славамір Адамовіч публікуе свой турэмны дзёньнік і слоўнік да яго. Побач цудоўная падборка паэзіі, беларускай і перакладнай: новыя вершы Андрэя Хадановіча «З чаго пачынаецца Жодзіна» і Максіма Шчура «Альшанскія могліцы», а таксама «Сымфоніі» Оскара Любіча-Мілаша і шматмоўная творчасьць Івана Блатнага. Адкрываецца нумар апытаньнем ARCHE пра будучыню славянскай ідэі, на якое адказваюць, сярод іншых, Сьвятлана Алексіевіч, Зьбігнеў Бжэзінскі, Юры Хадыка. Прадмову да нумару напісаў Сакрат Яновіч.

На інтэрнэтаўскім сайце часопіса ARCHE (http://arche.home.by для беларускіх карыстальнікаў і http://arche.itgo.com для карыстальнікаў за межамі Беларусі) можна знайсьці тэксты з тых нумароў ARCHE, якіх ужо няма ў продажу, а таксама пару тэкстаў з славянскага нумару. На гэтым тыдні там зьявяцца таксама ўсе тэксты першага нумару новага кніжнага агляду «ARCHE-SKARYNA» і апытаньне «Ці незалежная Беларусь?», падрыхтаванае да наступнага, жыдоўскага нумару ARCHE, які выйдзе ў траўні.

Пытайцеся ў кнігарнях, кіёсках «Белсаюздруку», на сядзібах ТБМ і БНФ, у прыватных распаўсюднікаў.

Чытай ARCHE, багатшы будзеш.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0