Навіны

 

Мальчык за кратамі абвясьціў галадоўку

Пасьля хапуна на 25 сакавіка каго апраўдалі, а каго і засудзілі.

У Горадні за арганізацыю несанкцыяванага шэсьця на Дзень Волі Ленінскі райсуд засудзіў на 10 сутак Сяргея Мальчыка, кіраўніка мясцовай філіі праваабарончага цэнтру «Вясна». Мальчык свае віны не прызнаў і зараз па вынясеньні прысуду абвясьціў галадоўку.

А.К.

 

Рай для гультаёў

Што ні кажы, а каму за Лукашэнкам добра, дык гэта невукам і няздарам. На мінулым тыдні баранавіцкія школьнікі працягвалі адпачываць. Такія даўгія вакацыі выдаліся, таму што ў гарадзкім бюджэце няма сродкаў на ацяпленьне клясаў.

Людзі кажуць, быццам былы старшыня гарвыканкаму Паўлаў, зьяжджаючы ў Менск, забраў з сабою ўсе грошы, ці што ён іх пусьціў на набыцьцё новай пасады. Куды ж сапраўды пайшлі сродкі на ацяпленьне з гарадзкога бюджэту, нікога не цікавіць…

Тымчасам зіма вярнулася, у чацьвер у Баранавічах пайшоў сьнег, пачалася завіруха. Дзеці радуюцца — бо вакацыі могуць быць працягнутыя да наступленьня цяпла.

Равяка Руслан з Баранавічаў

 

Новы амэрыканскі пасол падобны да беларуса

Прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан назваў імя новага амэрыканскага пасла ў Беларусі, які ў чэрвені зьменіць на гэтай пасадзе Дэніэла Спэкгарда. Да нас прыедзе Майкл Козак (Міхась Казак, па-беларуску), які да нядаўняга часу ўзначальваў амэрыканскую місію ў Гаване, — паведаміў у пятніцу open.by. Як кажуць, дзьве навіны ў адной — прыемная і ня вельмі. Файна, калі пасол з паходжаньня наш зямляк, але краіна ягонай папярэдняй дыслякацыі — Куба — лішні раз сьведчыць пра цяперашняе месца Беларусі ў сьвеце.

А.К.

 

Каровы пухнуць з голаду, а халадзільнікі – ад мяса

На апошняй нарадзе Лукашэнка ледзьве не загадаў сялянам: «Ня рэжця скот!» Але ўжо як мінімум спазьніўся. У Магілёве халадзільнікі мясцовага мясакамбінату ўжо заваленыя сьвежым мясам. Ажно паўтары тысячы тон ялавічыны і свініны мусіць захоўваць зараз прадпрыемства. Падобнае становішча па ўсёй вобласьці.

Сымон Глазштэйн, Магілёў

 

Немцы заказалі фільм пра Лябедзьку

Пасля падзеяў 25 сакавiка першы канал нямецкага тэлебачаньня заказаў 30-хвiлiнавы фiльм пра аднаго зь лiдэраў беларускай апазыцыi Анатоля Лябедзьку, — паведаміў БелаПАН са спасылкай на Асацыяцыю Маладых Палітыкаў. Сам Лябедзька лiчыць, што «пакуль беларускiм тэлебачаньнем i радыё валодае тэлемагнат Лукашэнка, там ня будзе месца альтэрнатыўнай пазыцыi i свабоднаму абмену думкамi». Маўляў, цяпер «голас i меркаваньне беларускай апазыцыi хутчэй пачуюць грамадзяне Польшчы, Нямеччыны, Швэцыi цi Ўкраiны, чым беларускiя падаткаплацельшчыкi, якiя ўтрымлiваюць тэлебачаньне i радыё».

 

За пляшку гарэлкі — на той сьвет

Колькі ні кажы, што ў гарэлцы — згуба, ня верыць наш паспаліты чалавек. Адзін наваполацкі сьлесар зь мясцовага заводу жалезабэтонных вырабаў вырашыў даказаць, што не перавяліся яшчэ «волаты» на Беларусі. Паспрачаўся з таварышамі, што залпам вып’е пляшку гарэлкі. Спрэчку гарачы беларускі сьлесар выйграў. А вось лекарам ягонае жыцьцё выратаваць не ўдалося. Доза аказалася для «волата» сьмяротнай.

Андрэй Аляксандраў, Наваполацак

 

Мэдыкі сьпяваюць і танцуюць

У Беларусі ўсё больш сухотнікаў. І ўсё цяжэй іх своечасова выяўляць. Бо флюараграфію праходзяць ня ўсе, асабліва ў вёсках.

Арыгінальны спосаб зацягнуць вяскоўцаў на флюараграфію прыдумалі ў Жыткавіцкім сухотным дыспансэры. Напярэдадні ў вёску Дзедаўка Жыткавіцкага раёну разам зь перасоўным флюарографам прыехала цэлая агітбрыгада. Каля 15-ці мэдычных работнікаў — супрацоўнікаў дыспансэру — наладзілі для вяскоўцаў сапраўднае самадзейнае шоў: сьпявалі, танцавалі, ладзілі конкурсы. Адначасова на перасоўным флюарографе жыхарам Дзедаўкі рабілі здымкі лёгкіх. Са словаў старэйшай мэдычнай сястры дыспансэру Ніны Махнач, якая, дарэчы, усё гэта і прыдумала, акцыя мела вялікі посьпех. Вяскоўцы, да якіх ня вельмі часта заяжджаюць гастралёры, былі радыя пабачыць самадзейны канцэрт, а замест квіткоў прайшлі флюараграфію. Спадарыня Махнач паведаміла нам, што, нягледзячы на цяжкае фінансавае становішча і шматлікія праблемы ейнай установы, супрацоўнікі дыспансэру ў выглядзе агітбрыгады хутка ізноў накіруюцца ў адну зь вёсак Жыткавіцкага раёну, жыхары якой не прайшлі флюараграфічны агляд.

Дзіўны народ беларусы, а асабліва — мэдыкі. Заробкі мізэрныя, дый тыя затрымліваюць, а ім да галавы яшчэ і нейкія экспэрымэнты!

Аляксей Дзікавіцкі

 

Цяжка дыхаць

Экалягічная сытуацыя ў Наваполацку па-ранейшаму далёкая ад добрай. Вядома, прыціхлі такія гіганты хімдыму, як «Нафтан» і «Палімір», але ж валавы выкід усялякае гадасьці ў паветра ўсё адно складае ажно 40 тысячаў тон. Гэта значыць, 380 кг на кожнага навапалачаніна. І калі па «валу» Наваполацак саступіў першынство Магілёву, дык у пераліку на кожнага жыхара «нафтаград» па-ранейшаму наперадзе. Лідэрам застаецца вытворчае аб’яднаньне «Нафтан». Калі параўноўваць зь сярэднебеларускім паказчыкам, дык у Наваполацку гадасьці на 10% болей.

Андрэй Аляксандраў

 

Піратаў на Дняпры ня будзе

Магілёўскія праваахоўнікі пачалі актыўную барацьбу зь пірацтвам. Праўда, паколькі акіянаў і мораў пад Магілёвам няма, а на Дняпры піратаў таксама нідзе ня бачылі, дык міліцыя і КГБ займаліся пошукам і выкрыцьцём відэа- і аўдыёпіратаў. Іх у абласным цэнтры хапае. Людзі ў пагонах наведалі 3 падпольныя фірмы. Разам арыштавана больш за 100 прадметаў радыё-відэаапаратуры, амаль 16000 аўдыё-, відэакасэтаў ды кампакт-дыскаў. Як сьведчаць вынікі папярэдняга расьследаваньня, сучасныя магілёўскія піраты штодзень выдавалі па 150 відэакасэтаў і да паўтысячы магнітафонных. Некаторыя кінастужкі ў выкананьні піратаў зьяўляліся раней, чым яны прыходзілі на легальны рынак. Варта адзначыць, што называць падпольнымі тыя студыі можна толькі ўмоўна. Пра іх ведаў увесь горад, іх паслугамі карысталіся як звычайныя месьцічы, так і мясцовыя тэлеканалы, адзін зь якіх паказваў сюжэт пра затрыманьне.

Сымон Глазштэйн

 

Улада пашкадавала вытворцаў

Магілёўскі гарсавет вырашыў зьменшыць на дзьве трэці падатак на нерухомасьць. Гэта вынік амаль што крыку «SOS» нашых вытворцаў. Падаткаў прыходзіцца плаціць процьму. У выніку перакрываецца ў вытворцы «апошні кісларод». Думкі ўжо не пра разьвіцьцё, а пра тое, як выжыць. Невыпадкова, што паводле зьвестак афіцыйнай статыстыкі, наяўная матэрыяльная база адпрацавала свой рэсурс ужо на 80%. Прыходзіцца з жахам спадзявацца, каб што-дзе выпадкова ня выбухнула і не спынілася. Дэпутаты крык пачулі і пайшлі насустрач. Але ж з такімі крыкамі ў эканоміцы лёгка і голас сарваць.

С.Г.

 

Аргкамітэт Усебеларускага Зьезду паведаміў нам, што працягвае распрацоўку Рэглямэнту Зьезду. З гэтай нагоды ён зьвяртаецца да ўсіх грамадзкіх арганізацыяў, палітычных партыяў, творчых і прафэсійных саюзаў, якія падтрымліваюць ідэю Ўсебеларускага Зьезду і маюць намер браць у ім удзел, каб зарэгістраваліся ў Сакратарыяце да 14 красавіка.

Гэта неабходна трэба зрабіць, каб канчаткова зацьвердзіць Рэглямэнт і каб вызначыць меркаваную колькасьць дэлегатаў і квоты для арганізацыяў.

Кантактны тэлефон для рэгістрацыі: (017) 223-65-29


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0