Лісты ў рэдакцыю

 

Не хачу жыць у Расеі

Мо з пару месяцаў таму быў я ў Менску. У нас, па вёсках, цяпер і гарэлкі добрае не дастаць. Уперад было хоць заліся. А цяпер як і прадаюць нешта, дык лепей у рот ня браць. А бываюць жа розныя нагоды. Во ў мяне быў юбілей. Давялося паехаць у Менск. Пайшоў пад завод «Крышталь», у іхную краму. Каб ужо пэўна. Гарэлкі я купіў. Ня дзіва. Але дзіва, чаго толькі ні наслухаўся! Дзясятак кабетаў, маладзейшых за мяне, стаялі ў чарзе па тое зельле і... клялі чачэнцаў. Не пра заробкі свае нішчымныя. Не пра тое, навошта столькі гарэлкі купляюць (каб перапрадаваць даражэй, каб самім выжыць). Не пра тое, што дзеці непрыладжаныя. Не! Ім да Чачэніі справа! Усіх чыста клянуць, аж, здаецца, самі б тых чачэнаў рэзалі. Кажу: «Вы, сівыя, падурнелі! Вам што, няма пра што сваё падумаць?» «А ў нас усё добра. Вайны ж няма...» Зноў кажу: «А чаго ж вы стаіцё зь лісёнкамі? Як нібы пасьля вайны. А чачэнцы за сваё змагаюцца, не за чужое». Што тут пачалося! Далібог думаў, задзяўбуць. Ледзь уцёк. Яшчэ й «старым дурнем» назвалі.

Так, я стары. Шмат чаго пабачыў. Бачыў і тое, як савецкія войскі паўэўропы душылі. Давялося й мне таго «шчасьця» паспытаць. Як нашыя войскі ў Вугоршчыну ўвайшлі (я тады служыў), дык і зразумеў, як усё гэта паскудна. Дзякаваць Богу, не давялося ні ў кога страляць. Але ў душы ўсё пераварочвалася, як сутыкаўся з тымі вугорцамі вачыма.

Паставілі нас уздоўж аўстрыяцкае мяжы, мо празь якія 200 мэтраў адзін ад аднаго. Стаялі, мяняліся, цэлы тыдзень глядзелі на Аўстрыю. Хораша там было, прыгожа, усё ахайна. Тут мне цішком мой сябра, Пеця Лунёў (зь Ліпецка ён быў) кажа: «Слухай, што мы тут робім? І куды мы вернемся? Давай туды, наперад. Нам там (кіўнуў на Аўстрыю) шкоды ня зробяць, а там (паказаў на Ўсход) змарнуем жыцьцё...» Кажу: «Ты звар’яваў. Хаця... твая справа. А ў мяне сям’я. Бацькі, браты. Што з-за мяне зь імі будзе?» Паціснулі рукі, абняліся. Ён ціхенька зброю паклаў ды ходу, у лагчыну. Мяне пасьля паўгады цягалі на допыты. «Не, кажу, ня бачыў, ня чуў. Туманок быў. Ды ці за сваімі сачыць мяне туды паставілі?» Нічога я больш пра Пецю ня чуў. А вось пра тое, што сотнямі нашых хлапцоў вугорцы пастралялі, чуў. І за што? Дзе той СССР? Дзе цяпер Вугоршчына?

Палегла багата савецкіх жаўнераў па сьвеце. Калі на сваёй зямлі, дык зразумець можна. А навошта ж было гінуць, забіваючы чужых людзей, у чужых краёх?

Цяпер расейцы ваююць ужо ў Чачэніі. Чаго ім там? Забіваюць, забіваюць, забіваюць. І мацяркі ў Расеі па сваіх сыночках плачуць. А ў многіх і магілак няма...

Я не хачу, каб мае ўнучкі жылі ў Расеі! Не хачу, каб, барані Бог, давялося мне ці каму зь беларусаў плакаць па нашых дзяцёх! Каб і вам, цеткі зь лісёнкамі, што на той гарэлцы прырабляеце й ня бачыце прычынаў свае бядоты, не давялося па сынох плакаць! Бо ў Расеі ўсё марнае, нат жыцьцё чалавечае.

Вацлаў Пятровіч, Солы

 

За беларускую аўтакефальную царкву

У адным зь лістападаўскіх нумароў «Нашай Нівы» гаварылася пра барацьбу айца Івана (Спасюка) з пасёлку Пагранічны Бераставіцкага раёну за стварэньне прыходу Беларускай аўтакефальнай царквы. Там жа казалася, што прыходы, якія ня хочуць падпарадкоўвацца Маскве і дзе набажэнствы вядуцца ў беларускай мове, існуюць і ў другіх месцах. Мяне, у прыватнасьці, цікавіць, дзе ў Менску ёсьць такія прыходы. Бо ў жыцьці бываюць моманты, калі даводзіцца зьвяртацца да царквы, і многім, хто жыве ў Беларусі, хочацца, каб гэтая царква не была прамаскоўскай.

Афіцыйная праваслаўная царква, падтрымліваючы цяперашні рэжым у Беларусі, падрывае свой аўтарытэт. А калі ўлічыць, што за розныя царкоўныя паслугі бяруцца немалыя грошы, частку якіх Беларускі экзархат адпраўляе ў Маскву, дык няма сэнсу падтрымліваць такую царкву і матэрыяльна. Таму і ўлады супраць стварэньня Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, бо яны ў такім выпадку губляюць:

1) рычагі духоўнага ўзьдзеяньня на чалавека,
2) крыніцы паступленьня немалых грашовых сродкаў.

З павагай

Сырамалот Аляксандар, Менск

 

Твар настаўніцы стаў невясёлы

Я вучуся ў 8-м гуманітарным клясе 37-й школы (1 ліцэй). У нас вельмі добрая настаўніца беларускай мовы й літаратуры. Аднак тое, што адбываецца ў нашай школе, вельмі надакучыла нашай настаўніцы. Надта часта ў нас дыскатэкі, розныя мерапрыемствы, лекцыі пра правы дзіцяці і чалавека; у школу прыяжджае міністэрства, а заняткі ў гэты час прападаюць. Ды яшчэ вучні (калісьці і я) ня ў час здаюць на праверку сшыткі ці творчыя працы, вершы на памяць. Дзеля нас яна ладзіць дадатковыя заняткі па мове, а мы ёй не заўсёды робім добра. А вось зараз будзе алімпіяда, на канікулах. І школа нават не спыталася ў яе, ці зможа яна быць там судзьдзёй, ці няма ў яе лішніх праблем, ці, можа, яна хоча дома адпачыць ад вялікай працы — а проста кажуць, што трэба, трэба ёй ехаць.

На занятках твар у яе стаў не вясёлы, як было раней, зараз у яе няма настрою так дасканала тлумачыць новыя тэмы, зьмяніліся яе адносіны і да нас, і да школы. А мяне вельмі хвалюе ўсё гэта. А калі застанемся без настаўніка? Што тады... Я лічу, што так добра, цікава, падрабязна ды з іроніяй ніхто ня здолее нас вучыць.

С.П., Віцебск


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0