Сямён Шарэцкі,
Старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі

Зараза фашызму

А.Лукашэнка капіруе А.Гітлера

 

У свой час францускі гісторык і палітычны дзеяч ХІХ стагодзьдзя А.Таквіль пісаў: «Гісторыя — гэта карцінная галерэя, дзе мала арыгіналаў і шмат копіяў». Відавочным пацьверджаньнем сказанаму зьяўляецца сёньняшняя Беларусь.

Атрымаўшы перамогу ў 1994 годзе на прэзыдэнцкіх выбарах і будучы няздольным да самастойнай творчасьці, А.Лукашэнка кінуўся шукаць у гісторыі гатовую карціну, зь якой можна было б зьняць копію. І спадабалася яму карціна, аўтарам якой быў самы крывавы дыктатар ХХ стагодзьдзя А.Гітлер. Пры гэтым трэба мець на ўвазе, што Лукашэнка мае адукацыю гісторыка і перш, чым зрабіць свой выбар, мабыць, усё прадумаў і ўзважыў.

У сваім інтэрвію ад 23 лістапада 1995 году нямецкай газэце «Хандэльсблат» наваяўлены дыктатар сказаў: «...нямецкі парадак фармаваўся стагодзьдзямі. Пры Гітлеры гэтае фармаваньне дасягнула найвышэйшай кропкі. Гэта тое, што адпавядае нашаму разуменьню прэзыдэнцкай рэспублікі і ролі ў ёй прэзыдэнта». І сапраўды, усе наступныя крокі дыктатара дзеля ўмацаваньня асабістай улады і ўсталяваньня ў Беларусі таталітарнага рэжыму былі скіраваныя на капіяваньне «новага парадку», што існаваў у Нямеччыне трыццатых — пачатку саракавых гадоў XX стагодзьдзя.

У выніку правядзеньня так званага рэфэрэндуму (лістапад 1996 году), у часе якога былі груба парушаныя Кастытуцыя і заканадаўства Рэспублікі Беларусь, выкарыстоўваліся адкрытая хлусьня, подкуп, насільле і проста фальсыфікацыя вынікаў галасаваньня, быў зьліквідаваны прынцып падзелу ўладаў (заканадаўчай, выканаўчай і судовай) — неабходная ўмова існаваньня дэмакратычнай дзяржавы. Паралізаваная праца абранага народам Вярхоўнага Савету і замест яго створаны зусім бяспраўны антыканстытуцыйны «нацыянальны сход», які па сваёй сутнасьці і правах нагадвае савет, што існаваў пры італьянскім дыктатары Мусаліні. Усе пракуроры і судзьдзі прызначаюцца і здымаюцца з пасадаў самім дыктатарам. Прававыя адносіны ў краіне рэгулююцца дэкрэтамі, указамі або і проста яго асабістымі вуснымі ўказаньнямі. Свораны магутны паліцэйскі апарат — на 10 млн. жыхароў у краіне ўтрымліваецца 135 тысячаў паліцыянтаў. Больш таго, сваім указам дыктатар стварыў наогул антыканстытуцыйнае фармаваньне і надзяліў яго правам, у сутнасьці, парушаць усякае права і законы. Гэтае фармаваньне можа, згодна з дадзеным указам, урывацца ў любое памяшканьне і без рашэньня суду і санкцыі пракурора праводзіць там вобыск, а таксама затрымліваць любога чалавека і зьмяшчаць яго пад варту. Беззаконьне дайшло да таго, што ў парушэньне Канстытуцыі і закандаўства арыштаваныя і асуджаныя дэпутаты Вярхоўнага Савету Ўладзімер Кудзінаў і Андрэй Клімаў, інсцэнуецца суд над былым прэм’ер-міністрам Міхаілам Чыгіром, які адмовіўся падтрымаць дыктатара ў часе згаданага рэфэрэндуму; зьніклі — і ніхто не дае адказу куды — былы міністар унутраных справаў Юры Захаранка, першы намесьнік Старшыні Вярхоўнага Савету Віктар Ганчар, бізнэсовец Анатоль Красоўскі.

Як у свой час аўстрыяк А.Гітлер для задавальненьня сваіх уладалюбівых амбіцыяў пайшоў на ліквідацыю дзяржаўнага сувэрэнітэту ўласнай краіны, так і беларускі дыктатар на працягу ўсіх гадоў свайго прэзыдэнцтва вялізнае намаганьне прыкладаў не на вывад сваёй дзяржавы з крызысу, а на далучэньне яе да Расеі, каб была магчымасьць вылучыць сваю кандыдатуру на пасаду прэзыдэнта нейкага будучага Саюзу. Каб дагадзіць расейскім шавіністычным колам, якія заўзята падтрымліваюць дыктатара ў ягоных памкненьнях, ён стаў на злачынны шлях у адносінах да беларускага народу і праводзіць русіфікацыю краіны, стварыў у сутнасьці акупацыйны ўрад, дзе ключавыя пасады займаюць галоўным чынам выхадцы з Расеі, шмат хто зь якіх, як і ва ўрадзе Гітлера, зьяўляецца кадравым вайскоўцам ці афіцэрам спэцыяльных службаў. Вынікам гэткіх дзеяньняў дыктатара стала ператварэньне краіны ў лягер, дзе пануюць гвалт і страх, падазрэньне і паклёп, карупцыя чыноўнікаў, груба парушаюцца правы і свабоды чалавека, народ даведзены да бяспраўя і жабрацтва.

І ўжо зусім ня можа пакінуць абыякавым кожнага чалавека зь цьвярозым розумам тое, што ў Беларусі, дзе ў гады другой сусьветнай вайны загінуў кожны чацьверты жыхар, сёньня пад патранажам прадстаўнікоў сілавых міністэрстваў створана і актыўна працуе база па падрыхтоўцы баявых дружын расейскай фашыстоўскай арганізацыі «Русское национальное единство». Дык гэта ўжо ня проста пагроза фашызму, а рэальны ягоны прыход у наш дом — у нашую краіну.

Зараджэньне фашыстоўскай бацылы на зямлі мірнага і працавітага беларускага народу — гэта вынік дзейнасьці і самога дыктатара, і яго памагатых — прыбылых з Расеі генэралаў і палкоўнікаў, якія цяпер узначальваюць у Беларусі гэткія жыцьцёва важныя сфэры, як культура, навука, асьвета, міністэрствы замежных і ўнутраных справаў, абароны, нават праваслаўную царкву, а таксама тых расейскіх шавіністычных колаў, што дапамагалі дыктатару ў лістападзе 1996 году зьдзейсьніць дзяржаўны пераварот і працягвалі падтрымліваць створаны ў Беларусі рэжым і ў наступныя гады, у тым ліку і фінансава.

Усё гэта не магло адбыцца і без актыўнай падтрымкі дыктатара з боку былых кіраўнікоў камуністычнай партыі Беларусі, якія некалі, выходзіць, крывадушна вучылі іншых справядлівасьці, асуджалі фашызм і гвалт.

Не магу не сказаць і пра тых сваіх калегаў зь Вярхоўнага Савету, а таксама прадстаўнікоў прэзыдэнцкай вэртыкалі і ўраду. Яны добра разумеюць небясьпеку, што нясе ў сабе дыктатарскі рэжым, але пайшлі на яго падтрымку дзеля матэрыяльных дабротаў — кватэр, машын і высокіх заробкаў. Гэта і яны прыклалі рукі да стварэньня ў краіне антынароднага дыктатарскага рэжыму.

Скрозь пальцы глядзяць пакуль што на ўжо рэальную заразу фашызму ў Беларусі і міжнародныя арганізацыі, якія павінны папярэджваць разьвіцьцё падобных рэцыдываў, а таксама многія цывілізаваныя дзяржавы, спадзеючыся, мабыць, пры гэтым, што падзеі ў Беларусі іх мала закрануць.

Але як было вядома яшчэ старажытным вучоным і філёзафам, «тая ўлада, якая кіруе на шкоду народу, ня можа доўга існаваць». Гэта тычыцца і беларускага рэжыму, тым больш, што тэрмін прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў самога дыктатара скончыўся 20 ліпеня 1999 году. Супраць створанага ім рэжыму ўзбуджана крымінальная справа і вядзецца сьледзтва, ужо ня кажучы пра тое, што з абраньнем У.Пуціна прэзыдэнтам Расейскай Фэдэрацыі беларускі дыктатар страціў усялякі шанец палітычнай гульні на расейскай сцэне.

Аднак, нягледзячы на гэта, рэжым працягвае адраджаць фашызм як ідэалёгію, сее насеньне злоснай плыні ў душах сотняў маладых людзей. Гэтая палітыка, пазбаўленая пэрспэктывы, пагражае нам усё большымі стратамі і праблемамі ў будучыні, пасьля падзеньня дыктатуры. Таму спыніць яе сёньня — гэта клопат кожнага грамадзяніна Беларусі, які дбае пра заўтрашні дзень.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0