анталёгія ўчынку

Вайсковец

 

Лічыцца, што ўчынак — гэта дзеяньне, але ўчынкам можа быць і звычайнае слова.

Віталь Мікула нарадзіўся ў 1913 г. у беднай сялянскай сям’і ў вёсачцы Нялепава, што ў Нясьвіскім павеце. Хлопец змалку хацеў зьвязаць сябе з вайсковай справай. Нямала гэтаму паспрыяў і ягоны старэйшы брат Юльян, афіцэр польскага войска, натхняючы сваім прыкладам. Па сканчэньні сямігодкі Віталь кіруецца здаваць іспыты ў кадэцкі корпус. Пасьпяхова здае іх, аднак не патрапляе ў школу. Прычына самая звычайная: вага на пару кіляграмаў ніжэйшая за патрэбную.

Але хлопец не здаецца, піша ліст да прэзыдэнта Польшчы Масьціцкага з просьбай паспрыяць залічэньню ў кадэты. Масьціцкі ставіць рэзалюцыю “прыняць”. У кадэцкім корпусе Віталь Мікула патрапляе ў роту Франца Кушаля. Пасьля, ужо ў чыне падпаручніка артылерыі, у 1939 г. Мікула сканчае яшчэ Грундзёнзкую артылерыйскую школу.

У верасьні 1939 г. польскае войска ўшчэнт разьбіваюць немцы. Мікула, цудам унікнуўшы палону, вяртаецца ў бацькоўскую хату.

Увесну 1942 г. немцы арганізавалі афіцэрскую школу для падрыхтоўкі беларускіх вайсковых кадраў і прызначылі Франца Кушаля адказным за яе. На заклік беларускіх нацыянальных дзеячоў у Менск зьехаліся беларускія вайскоўцы. Сярод прыбылых быў і Віталь Мікула.

Франц Кушаль прызначыў былога вучня сваім намесьнікам. Кушаль быў прафэсійным вайскоўцам і займаўся выключна вайсковымі справамі, на Мікулу ляжала штабная і тэарэтычная праца. У 1943 г. ён падрыхтаваў і выдаў “Страявы вайсковы статут”, адрасаваны беларускаму жаўнеру. Пасьля стварэньня Беларускай Краёвай Абароны Кушаль быў прызначаны ейным вайсковым Начальнікам. Сваім намесьнікам ён зноў абраў капітана Мікулу. Кастусь Акула, сьведка падзеяў, у “Змагарных дарогах” так апісвае Мікулу: “...быў чалавекам дробнага складу, сярэдняга росту, сьветлавалосы, з шэрымі вачыма, і, здаецца, рабаціньнем на твары. Наплечныя пакладкі вайсковага мундзіра рабілі ягоныя плечы шмат шырэйшымі, чым былі ўзапраўду. Рухі меў упэўненыя, надта апанаваныя, глядзеў заўсёды ласкава й стараўся прамаўляць ці гаварыць проста, бязь лішніх крывуляў. Твар ягоны, звычайна лагодны, меў тую ўласьцівасьць, што адразу будзіў давер і пашану да гэтага чалавека”.

Улетку 1944 г. Краёвая Абарона разам зь нямецкім войскам адступіла на Захад. З жаўнерамі ў абозе ішоў і Віталь Мікула. Ва Ўсходняй Прусіі, у Эльбінгу, нямецкае кіраўніцтва вырашыла рэарганізаваць аддзелы БКА (якія налічвалі каля 10 тыс. чалавек), у 30-ю дывізію СС, далучыўшы да дывізіі афіцэраў-расейцаў і ўкраінцаў. Выйшла так, што жаўнеры былі збольшага беларусамі, афіцэры — расейцамі.

Дзеля “аб’яднаньня” дывізіі склікалі спэцыяльную канфэрэнцыю. Заставалася толькі вырашыць, як назваць яе. Расейцы прапанавалі: “Расейская дывізія СС”. Справа, думалі яны, ужо вырашаная. Тут узьняўся Віталь Мікула, які замяшчаў на сходзе адсутнага Кушаля: «Я супраць называньня дывізіі Расейскай і катэгарычна адмаўляюся падпарадкоўвацца расейскаму афіцэрству».

На Мікулу абрынуліся як расейцы, так і немцы. Беларускія афіцэры, што прысутнічалі на сходзе, на якіх так спадзяваўся Мікула, не падтрымалі яго. Ён застаўся ў адзіноце.

Сваім выступам Віталь Мікула фактычна падпісаў сабе сьмяротны прысуд. Празь некалькі дзён яго арыштавалі і адправілі ў адзін зь нямецкіх канцлягераў, дзе ён і загінуў.

А.Гардзіенка


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0