Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Больніцы

 

Больніца — гэта мяжа паміж жыцьцём і сьмерцю.

Ні ў адной іншай жывой істоты няма падобнага звычаю, калі ўсе хворыя, няздольныя да самастойнага існаваньня асобіны сьцягваюцца ў адно месца і ціснуць адзін на аднаго разбалянсаванымі аўрамі. Хворая жывёла або цягнецца да здаровых — кіты, як вядома, падымаюць на сваіх сьпінах да паверхні сабрата, які сам ня можа даплыць да паветра, або, адчуўшы сьмерць, забіваюцца ў патаемнае месца, у гушчар, да зямлі, якая альбо вылечыць, альбо прыме ў сябе, каб ператварыць твае клеткі ў расьлінныя.

Больніца — гэта таталітарная ўстанова, таталітарныя рысы якой грамадзтва або нівэлюе, або ўзмацняе ў адпаведнасьці са сваімі вартасьцямі. У беларускай рэальнасьці больніца — гэта Зона, якая дазваляе браць пад кантроль і максымальна ўтылізаваць самыя сакральныя падзеі ў чалавечым жыцьці — нараджэньне і сьмерць. Падзеі, якія ставяць уладу грамадзтва перад мяжой, за якой гэтая магутнасьць заканчваецца.

Наш чалавек ня мае права нарадзіцца ці памерці па-за Зонай больніцы або безь яе кантролю.

Аддаючыся ва ўладу больніцы, індывід адмаўляецца ад сваіх правоў. У яго адбіраюць адзеньне і дакумэнты. Цяпер ён залежыць ад чужых рашэньняў. Правільна ці няправільна паставяць дыягназ і прызначаць лячэньне, калі зробяць апэрацыю, калі дазволяць сядзець, уставаць, хадзіць, калі, урэшце, выпішуць дахаты... Усё вырашае нехта, узьведзены да амаль поўнай усемагутнасьці над фізычным целам і абсалютна бясьсілы ва ўладзе над душою.

Тыя, хто надзелены ўладай над хворымі, ня менш сьмяротныя і ня менш бездапаможныя, чым тыя, каму яны спрабуюць дапамагчы. Доктара стварыў Бог. Але хто і за што стварыў хваробы?

А хто стварыў больніцы?

У Расеі выкрылі сэрыю падпольных крамаў, у якіх працавалі рабы, вывезеныя з усходніх рэспублік. На выгляд гаспадары і рабы адрозьніваліся адно тым, што рабы мелі права абувацца толькі ў пантофлі.

Хто хоць раз апранаў больнічныя пантофлі, са штучнай скуры, з грубымі надпісамі алейнай фарбай — «ІІ аддзяленьне», — ніколі не забудзе таго непрыемнага адчуваньня бездапаможнасьці.

Сьмерць у больніцы пазбаўленая містыкі. Яна праходзіць доўгімі бэтоннымі калідорамі, як раўнадушная санітарка. Інфэрнальная каса замяняецца празаічным шпрыцам.

Страшна нараджацца ў больніцы. Няхай яна і называецца раддомам.

Раптоўную сьмерць хрысьціяне лічаць дрэннай сьмерцю. Чалавек павінен падрыхтавацца да пераходу ў лепшы, сапраўдны сьвет, ачысьціцца цялеснымі пакутамі. Хвароба — гэта магчымасьць духоўна ўдасканаліцца. У больніцы пакуты індывіду раствараюцца ў пакутах масы. А пакутам масы спачуваць нельга. Іх можна толькі канстатаваць, клясыфікаваць, вывучаць.

Першабытная мэдыцына — магія, змаганьне са злымі духамі. Першыя больніцы былі пры храмах, каля ідалаў і статуяў багоў. Хворы лічыўся апантаным злым духам, вылучаным зь ліку здаровых. Ён стаў на дарогу да продкаў, уступіў у сувязь зь вечным сьветам і ўжо таму не заслугоўвае пагардлівых адносінаў.

Але, спусьціўшыся да ўзроўню інстынктаў, больніцы — гэта ўсяго толькі патрэба статку пазбавіцца ад нямоглых асобінаў. Страх пераняць ад іх хваробу, зрабіцца адным зь іх. Асабліва гэта выяўляецца ў псыхіятрычных лячэбніцах.

Галоўны лекар Багдаду І ст. н.э. па імені Разэс, каб вызначыць лепшае месца для гарадзкой больніцы, павесіў на ўсіх канцах гораду трупы жывёлаў і назіраў, які зь іх будзе марудней гнісьці. Там і загадаў пабудаваць больніцу.

Нядаўна ў прэсе зьявіліся публікацыі, у якіх сьцьвярджаецца, што месцам, дзе жывуць бактэрыі, якія выклікаюць сэпсыс — сьмяротнае гніеньне крыві, зьяўляюцца якраз больніцы. Праз больніцы гэтая рэдкая хвароба і разыходзіцца. Нягледзячы на хляраваньне і кварцаваньне. Сэпсыс разьвіваецца толькі ў арганізме з паслабленым імунітэтам. Так што больніцы яшчэ і спрыяюць натуральнаму адбору.

Заратустра сьцьвярджаў, што ў чалавеку можна любіць толькі тое, што ў ім ёсьць пераход і зьнішчэньне. Мы замыкаем гэтыя працэсы ў магічнае кола больніцы і спадзяемся, як Хама Брут, што ніхто не падыме павекі нашпігаванай антыбіётыкамі сьмерці. Але сьмерць перамагаецца толькі сьмерцю, толькі пераходам да іншага жыцьця, недаступнага Зоне больніц...


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0