Андрэй Хадановіч

Землякі, альбо Беларускія лімэрыкі

 

Лімэрыкі (пэданты ставяць націск на першым складзе) — паэтычны жанар, выпрабаваны гісторыяй. Паводле паданьняў, яны паходзяць з Ірляндыі, з аднайменнага места Лімэрык (ці Лімрык), жыхары якога пяялі жартаўлівыя песьні й спаборнічалі гэткім чынам у бязглузьдзіцы. Іншыя спробы вытлумачыць этымалёгію назова не вытрымліваюць крытыкі. Першапачаткова лімэрыкі існавалі ў фальклёры, а пасьля трывала атабарыліся ў ангельскамоўным (і ня толькі) красным пісьменстве. Вялікі дзякуй Эдварду Ліру, які ў сярэдзіне ХІХ ст. напісаў  “Кнігу бязглузьдзіц” — шэдэўр ангельскай паэзіі абсурду. Кніга складалася менавіта зь лімэрыкаў і адразу выклікала шмат перайманьняў. Гэты літаратурны гатунак дажыў і да нашага часу. Ён традыцыйна ўспрымаецца як жанар дзіцячай літаратуры. (Але ня толькі: яскравы довад — шматлікія пахабныя лімэрыкі!) Адметная рыса гэтых вершаў — спалучэньне неўтаймоўнай фантазіі й пэдантычнага захаваньня жорсткіх фармальных канонаў. Гэта амаль заўсёды напісаныя анапэстам пяцірадкоўі, дзе першы, другі й пяты радкі даўжэйшыя й рымуюцца міжсобку, а зрымаваныя  паміж сабою трэці й чацьверты радкі — на стапу карацейшыя. У першым радку звычайна называецца герой верша, яму папярэднічае эпітэт-прыметнік (найчасьцей — нейкая недарэчная якасьць, зь якой і вынікае ўвесь далейшы нонсэнс), ёсьць таксама згадка пра населены пункт (найлепей, каб ён быў непрыдуманым), назоў якога й выносіцца ў канец радка й стаецца першым рымам. Засталыя радкі твору — ляканічны й сьмешны аповед пра абсурдныя падзеі з удзелам згаданага героя. Звычайна ў якасьці населеных пунктаў фігуравалі ці то ангельскія месты й мястэчкі, ці то далёкія, падкрэсьлена экзатычныя тапонімы. Аўтару гэтых радкоў падалося цікавым насяліць псэўдаангельскім нонсэнсам беларускія гарады і вёсачкі, родныя, прыветныя, аддаючы даніну павагі вельмішаноўным землякам. Усе апісаныя ніжэй падзеі, натуральна, выдуманыя, і ўсе магчымыя супадзеньні з рэальнымі асобамі, канечне ж, выпадковыя.

Выкшталцоны п’янюга ў Ашмянах
разьбіраўся ў напоях духмяных:
за парфумай, дальбог,
зранку бег з усіх ног,
скажам шчыра,
  — ня надта слухмяных.

Прававерны раскольнік з-пад Веткі
не садзіўся за стол без сурвэткі,
без відэльца й нажа,
без кадзіла й крыжа,
што пацьвердзяць шматлікія сьведкі.

Паліглёт-мнагажэнец з Чачэрску
да жанчын заляцаўся па-зьверску:
ім уголас чытаў
комсомольский устав
ды паэму “Курган” па-шумэрску.

Партызан зь Белавескае пушчы
смажыў бульбу на рыбіным тлушчы.
Жыў, нібы багацей,
ды баяўся гасьцей,
бо, на жаль, быў зусім непітушчы.

Сэксуальны маньяк з Маладэчна
прасталыткам быў рады сардэчна:
іх, нібы сутэнэр,
запрашаў на пленэр
і даводзіў: так жыць небясьпечна!

Далікатная дзеўчына з Брагіна
не зьвяртала і ў лаянцы ўвагі на
існы ў лексыцы мат,
нібы той аўтамат,
прамаўляючы “пэніс” ды “вагіна”.

Аднаяйкавай тройні з-пад Мядзелю
на траіх адно далі імя дзеля
большай згоды ў сям’і,
ды браты-гультаі
ўсё адно між сабою ня ладзілі.

Дысыдэнт па дарозе ў Пружаны
быў сустрэтым ваўком напужаны
і пасьля часьцяком
нат з “ганебным ваўком”
ветлым быў і казаў “паважаны”.

Малады ваўкалак з Ваўкавыску
меў даволі прыгожую пыску,
у дзіцячым садку
працу вёў у гуртку
й атрымаў гарадзкую прапіску.

Вуграваты вугор каля Берасьця
мізарнеў на самоце ды ў шэрасьці:
ўсіх цнатлівых нявест
звабіў цёплы зюйд-вэст,
ўсе ў Саргасавым моры на нерасьце.

Аднагорбы вярблюд з Магілёва
да законнасьці ставіўся плёва,
ды на ўласным гарбе
зьведаў КК РБ
і Статут ВКЛ дэталёва.

Самы шчыры палітык з-пад Шклова
даў насельніцтву чэснае слова:
будзе водка й расол!
Моцны цешыўся пол —
і рыдала другая палова.

Пачатковец-празаік зь Нясьвіжу
пэнталёгію склаў для прэстыжу.
Як назваць? “Пэнтагон”?
Можа, “Пэнтамэрон”?
Перавагу аддаў “Пяцікніжжу”.

Да шляхетнай паненкі з Заслаўя
так нядоўга каханьнем палаў я!
Я сказаў ёй: “Мужчыны
Порткі праць не павінны!”,
А паненка: “У нас раўнапраўе!”


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0