пазытывы

На таблеткі!..

 

Каб мы жылі ў радасьці, вырашыла начальства скараціць выдаткі на ўласнае ўтрыманьне. Маўляў, ня толькі ж народ для ўраду, але і ўрад для народу.

Паводле зьвестак інфармацыйных агенцыяў, агульнае скарачэньне бюджэтных выдаткаў на ўтрыманьне органаў дзяржаўнага кіраваньня складзе 4 135 162 000 рублёў.

Каб гэтыя грошы не марнаваліся, яны будуць пералічаныя ў адмысловы фонд і там зарэзэрваваныя «на дадатковыя пільныя патрэбы аховы здароўя».

Гэта правільна. Па-першае, у выніку разьвіцьця краіны няясным спосабам пільныя патрэбы аховы здароўя абавязкова ўзьнікнуць. Па-другое, сума ашчаджоных грошай падаецца вялізнай толькі на першы погляд. Бо калі добрасумленна падзяліць тыя грошы паміж грамадзянамі, то кожнаму дастанецца 1 рубель і 13 капеек на дзень. Але ж капеек у нас няма, і гультаі-грамадзяне могуць пабіцца, дзелячы грошы.

Зь іншага боку, сума падаецца малой, толькі калі яе падзяліць на ўсіх, з каго яе зьбіралі. У пераліку ж на аднаго чалавека сума падаецца не такою малою: у выніку зьбядненьня чынавенства ўсяго на 10%, асабісты Лукашэнкаў фонд, празь які будзе ісьці дапамога больніцам, павялічыцца на 34%.

Добры набытак, у 12 разоў большы за выдаткі на падтрымку гаспадарак сялянаў-аднаасобнікаў. Ці то фэрмэраў, як іх клічуць нашыя правадыры, каб ня сорамна сябе было зваць сэнатарамі ды губэрнатарамі.

Ніякавата робіцца, калі пільней прыгледзісься да гэтага атракцыёну нечуванай шчодрасьці. Бо ёсьць жа такія багатыя артыкулы бюджэту, не раўня гэным плянавым выдаткам на «дзяржаўнае кіраваньне і мясцовае самакіраваньне».

Гэта ж толькі першы са шматлікіх накірункаў бюджэтных выдаткаў. З пункту гледжаньня шараговага спажыўца паслуг раённай паліклінікі вельмі хочацца запазычыць на пільныя патрэбы аховы здароўя, напрыклад, з 12 мільярдаў рублёў, якім наканавана трапіць у бюджэт Саюзу Беларусі і Расеі, з аплаты за сяброўства, так бы мовіць.

Прывабна выглядаюць таксама выдаткі на нацыянальную абарону (69 мільярдаў), праваахоўную дзейнасьць і забесьпячэньне бясьпекі. Апошняе, праўда, лепей не чапаць, кажуць разумныя людзі. Бо 128 мільярдаў, на іх прызначаных, навет мала. БТР — ня трактар, ратвэйлер, навучаны людзей грызьці, — не калгасная карова, а лепшыя ў сьвеце беларускія спэцназаўцы… Гэта табе не калгасьнікі: не дасі колькі месяцаў зарплаты — парвуць, як мойву, і дэмакратычная грамадзкасьць не дапаможа.

З астатніх і браць асабліва няма чаго. Але, той бяды, вернемся да нашых цікавых бюджэтных назіраньняў. Калі ўсе дадаткова пералічаныя ў рэзэрвовы фонд грошы пойдуць на ахову здароўя, дык яна пабагацее на 5%.

Гэта вельмі добра. Дзіўны толькі спосаб, у які клапатлівая дзяржава перадае грошы патрэбным людзям. Гэныя ж 4 135 162 000 рублёў спачатку рупліва зьбіралі падаткавыя органы, потым пералічвалі адмыслоўцы з банкаўскіх і фінансавых структураў, правяралі кантралёры васьмёх гатункаў, прадстаўнікі ўсіх галінаў улады думалі, як іх разьмеркаваць... Прымалі-прымалі бясцэнныя Лукашэнкавы парлямэнтары бюджэт, і во на табе: пераразьмеркаваць.

Пабачыш усё гэтае ды падумаеш, якія цікавыя адносіны ўзнікаюць у нашай краіне паміж грамадзянамі дзеля здабычы і разьмеркаваньня грошай на розныя патрэбы іхнай супольнасьці.

Міхал Залескі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0