Разьмеркаваньне:
to be or to obey

 

Вясна — час буяньня пачуцьцяў, час адраджэньня згубленых надзеяў. Для выпускнікоў жа беларускіх вышэйшых ды сярэдніх спэцыяльных навучальных установаў — гэта пэрыяд, калі радзіма згадвае пра тое, што яна палка кахае іхную беспэрспэктыўную будучыню, якую радзіма тая аж стогне — хоча зрабіць шчасьнейшаю. Лукашэнка надоечы сказаў, што ніводзін з маладых спэцыялістаў не застанецца бяз працы — маўляў, во як дзяржава клапоціцца пра цьвет нацыі. Ніхто, праўда, не спытаў у тых самых выпускнікоў, а ці хочуць яны тое працы.

Ясна, што агульнае нежаданьне ісьці па разьмеркаваньні (гучыць, як “па этапе”) абумоўлена збольшага мізэрна малымі грашыма, якія плоціць дабрадзейная дзяржава бюджэтнікам. І калі мэдыку, прыкладам, амаль заўсёды можна падзарабіць “на леваку” ці «падарункамі», дык маладому пэдагогу — галоўнай ахвяры дзяржаўнага постВНУшнага тэрору — так і не давядзецца грызьці ўсе два гады нічога, акрамя граніту савецкай мэтодыкі ды дыдактыкі з надзіва таленавітымі (ад радыяцыі, мабыць) маргіналышамі. Няўцям местачковаму менскаму істэблішмэнту, што якасьць выкладаньня проста прапарцыянальная суме аплаты працы. І гэта датычыць, безумоўна, ня толькі настаўнікаў. Уцям, відаць, наступнае: тупой нацыяй лягчэй кіраваць.

Яшчэ адна важкая прычына — любоў да Менску. Няхай сабе “вялікая вёска”, няхай сабе на ягоных спальніках ніяк ня лепш, чым на змрочных мікрараёнах Баранавічаў ці Воршы, але ж гэта сталіца, тут, нават працуючы на прызначаным месцы, можна тое-сёе падзарабіць. Дый піва тут сьвяжэйшае і смачнейшае. І мэтро ёсьць, і рэстарацыі, і ўсё такое. Таму выпадкі любові да былой радзімы сярод студэнтаў-неменчукоў нагэтулькі рэдкія, што амаль не ўплываюць на агульную тэндэнцыю ўцёкаў у стольны горад беларускі.

А яшчэ ёсьць дзікае азлабленьне, у першую чаргу, на самога сябе: якога алігахрэна трэ было дзяўбці тыя навукі, шалёна пісаць “шпоры” ды “бомбы” перад экзамэнамі, прасіцца ледзь не на каленях “Не выганяйце, я больш ня буду!”, калі камісарам-разьмеркавальнікам да лямпачкі, які ў цябе сярэдні бал — 3,1 ці 5,0. Галоўнае для іх — тваё пэрыфэрыйнае паходжаньне.

Прапіска — вось што ратуе калі не ад разьмеркаваньня, дык ад засылу ў “зюзюкавічы”. Вельмі, дарэчы, добрая нагода для высьвятленьня сваёй генэалёгіі па гарызанталі: мае аднакурсьнікі, хто не прыжаніўся, кінуліся шукаць сваякоў-менчукоў, абы-якіх, толькі б менш зьдзёрлі за прывілейны статус сталічнага жыхара. Бо кошты дзікія. Тут трэба разьдзяляць прапіску часовую ды сталую. Часовая нам не падыходзіць, бо разьмяркоўваюцца выпускнікі паводле сталага месца жыхарства (маецца на ўвазе хата тваіх бацькоў). Кошты ж на сталую вагаюцца ад 550 зялёных у самых міласэрных гандляроў індульгенцыямі да 1200 у самых сквапных патрыётаў гораду на Нямізе. Фокус з прыпіскай у якім заводзкім інтэрнаце цяпер можа прайсьці толькі з супэрлаханутай альбо хцівай загадчыцай самай выбітнай саўковай установы.

Можна легальна застацца працаваць у Менску і тады, калі ты маеш прапіску ў Менскім раёне. Там кошты ніжэйшыя: летась нейкая напаўпадпольная кантора пхала сталую прапіску ў Бараўлянах за 400—500 баксаў. Заглядвайце ў “из рук в ноги”. Калі пашукаць, можна нарвацца і на што таньнейшае. Але тут спадзявацца варта толькі на халяву. Мой сябра з ангельскага факу паехаў на першым прыгарадным аўтобусе ў нейкую вёску з 200 далярамі ў кішэні: болей не было. Зайшоў у першую хату, другую... Гадзіны праз тры патрапіў да нейкай бабулі зь дзедам, якія “прасялілі ўнучыка” за сотку. І яшчэ дзялёнкі далі ўнагруз... Афармленьне прапіскі, што праўда, справа няскорая. Асабліва пільна адсочвае “ліміту” падаткавая паліцыя — “наложніца”, як яе міла клічуць у народзе. Таму мець сваяка-менчука карысна і дзеля меншых фармальнасьцяў пры беганьні па пацучыных канцылярыях.

Яшчэ варыянт — прыжаніцца да мянчучкі (ці выскачыць замуж, што нашмат прасьцей). Канечне, долі прымака не пазайздросьціш, але...

Увогуле ж, пазалетась Канстытуцыйны суд прыняў пастанову, паводле якой абвяшчалася неправамоцнай дыскрымінацыя наймітаў па іхным штампіку на 22-й старонцы пашпарту. Аднак менская мэрыя разам з гарвыканкамамі абласных цэнтраў, што падтрымалі вэртыкальную ініцыятыву, не паддалася на правакацыю і выпусьціла “контру”: дазвалялася працаваць у Менску толькі тым не-менчукам, якія рэальна і ў час могуць прыяжджаць на працу зь месца, дзе яны прапісаныя. Дзеля гэтага прадпрыемства-наймач мусіць пазавіхацца з дадатковымі хадайніцтвамі. Як чыноўнікамі вызначаецца магчымасьць своечасовага прыезду грамадзяніна на месца працы — празь сьледчы экспэрымэнт ці праз кіданьне банкноты (Лінкальн ці яго Мэмарыял) — для ўсіх застаецца загадкай.

Пры ўсім гэтым маладыя спэцыялісты два гады ня могуць быць нанятыя на працу, што не адпавядае іхнай спэцыяльнасьці. Таму ін’язаўцы, да прыкладу, маюць дадатковы шанец для адмазкі ад школы: відавочнай сувязі паміж працай настаўніка і даваным нам “філёлягам” няма. Яшчэ адна зачэпка ёсьць.

Менавіта на такіх прымітыўных зачэпках і будуецца зараз супрацьдзеяньне дзяржаве: мы вымушаныя адваёўваць свае правы літаральна па крыхах. Шмат што залежыць, як той казаў, ад пэрспэктыўнасьці прафэсіі. Калі на культмасработнікаў ды настаўнікаў асабліва не зважаюць, дык у “Бздуіры” (колішнім РТІ), паводле чутак, здаўна існуе практыка перакупу выпускнікоў, калі маладыя спэцыялісты, падпарадкоўваючыся замовам уладных структураў, едуць на патэнцыйнае месца працы, а пасьля элемэнтарна выкупаюцца “фірмачамі” (не абавязкова прыватнымі), застаючыся на вытворчасьці выключна фармальна, дзеля галачкі ды налічэньня той вельмі эфэмэрнай пэнсіі.

Я сяджу ў Менску і думаю, што ж мне рабіць: ехаць у грабаны Барысаў ці не. Дзяржава робіць так, што ў правінцыялаў большых пэрспэктываў няма. Калі ты, прабачце, калхозьнік, дык у гэты самы калхоз і мусіш ехаць.

Я малады чалавек. Я мог бы “зрыць” на Захад, але не хачу, бо там усё не па мне, там адны буржуі, там усё па спэцыфічных раскладах, мне не зразумелых. Але мне, паднявольнаму ін’язаўцу, цікава, што думае Лукашэнка пра тысячы дзяўчынаў, якія хапаюцца за любыя магчымасьці ўладкаваньня сваёй долі шлюбным шляхам: адсотак беларускіх прыгажуняў, што ахмураюць іншаземцаў, такі высокі, што ня пройдзе і дзясятку гадоў, як на вуліцах Беларусі мужыкі будуць толькі раздражнёна бурчэць і езьдзіць шукаць жонак у якую Расейшчыну. Калі цяпер маскоўскія ды менскія дзяўчыны яшчэ могуць паспаборнічаць у адной вагавай катэгорыі, дык у найбліжэйшай будучыні небясьпека для генафонду нацыі будзе сыходзіць не ад Чарнобылю, а ад браку маладых, слабых, прыгожых.

Толькі два выйсьці — ісьці або ня йсьці. Мая сяброўка з Рыгачэву (“мэтавічка”) “забіла” на разьмеркаваньне ды проста сядзела ўдома, ганяла балду. Праз тры месяцы прыйшла позва. Нахабны сьледчы “рэкамэндацельна” папрасіў напісаць тлумачальную, на што дзяўчына запатрабавала паказаць закон, які прымушаў бы яе даваць справаздачу адносна ейнага асабістага жыцьця. Гісторыя скончылася скандалам: дзеўчыне прыгразілі 15 суткамі (“Сьнег пачысьціш, як дзяцей ня хочаш вучыць!”), і яна панічна, на наступны дзень, зьехала ў Менск, дзе ўдала працуе сакратаркай і па сёньня.

Сярод іншых практычных установак магу адзначыць сыход у “акадэмку” ці простае адлічэньне на 5-м курсе: узнаўляючыся праз год на платнай аснове, вы пазбаўляецеся ад рызыкі быць разьмеркаванымі. А за час “акадэмкі” грошы на паўгоду платнага навучаньня можна элемэнтарна зарабіць.

Неблагім мэтадам зьяўляецца і другая вышэйшая адукацыя. Так, яна платная, але і тут самыя вялікія шахраі знаходзяць выйсьце: здаюць іспыты, прыносяць у школу паперку, што паступілі (адміністрацыя ня мае права замінаць прафэсійнаму ўдасканаленьню маладых кадраў), а ў самой ВНУ вучацца сэмэстар, да скрайняга тэрміну неаплаты за навучаньне. Цябе, ясна, пад Новы год адлічаць, але што з таго: разьмеркаваньня ты шчасьліва пазьбег.

Тэма неабсяжная, шмат і шляхоў змаганьня супраць галоўнага прыгнятальніка нашага часу ды народу — дзяржавы. Галоўная парада: будзьце арыгінальнымі. А тым-сім дапамагчы змогуць, напэўна, у ЗБСе: (017) 232-27-43. І, як казала мая выкладчыца правазнаўства, што даволі цесна зьвязаная зь “Імі”: “Рабяты, Канстытуцыя за вас!”

Анатоль Прасаловіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0