«Пагоня» з гуркамі

 

Выстава мастацкае суполкі «Пагоня», перанесеная з Дня Волі, адкрылася 14 красавіка ў малой залі Палацу Мастацтваў. Як сказаў на адкрыцьці Мікола Купава: «25 сакавіка працягваецца й жыве штодня ў нашых сэрцах». Роўна а шостай на своеасаблівы подыюм выйшлі ў суправаджэньні навачасных шляхцюкоў і рыцараў дзяўчаты з славутага ансамблю «Госьціца». У часе іхных паганскіх скокаў ды сьпеваў пачалася наймацнейшая прытока людзей у фае Палацу — аж цяжка стала стаяць, бо на чатыры сотні наведнікаў зь дзьвярэй напіралі новыя. А дзясятай хвіліне на сёмую не ставала месца ўжо й на ганку. Сярод прысутных былі заўважаныя вядомыя людзі, не было толькі Алеся Пушкіна, які не ўшанаваў публіку абяцаным пэрфомансам.

Па «Госьціцы» першым выступіў намесьнік старшыні Саюзу Мастакоў Уладзімер Басалыга. «Ідэя Волі жыве ў сэрцы нашага народу, і безь яе немагчымае нашае існаваньне». Народны трыбун Ніл Гілевіч крануў сэрца кожнага прысутнага: ён ня толькі паскардзіўся на цяперашняе становішча мовы й культуры, адцеміўшы, што «нават за сталінскім часам не было гэткага разьюшанага наступу» на ўсё беларускае, але закончыў прамову баявітым вершам і аптымістычнаю нотаю, маўляў, цяпер нас ціснуць ворагі беларушчыны, быццам перад немінучай пагібельлю, але «ня нашай»! Сапраўды, нашае пагібелі ім не дачакацца: вялікая доля наведнікаў была маладзейшага пакаленьня, што вымушала выступоўцаў увесь час спасылацца на моладзь.

Выстава вылучылася кампазыцыяй: на ўваходзе — у цэнтры экспазыцыі — сустракае Марачкінаў «Мірон», перавезены з фронтаўскай сядзібы; ад яго заля нібы падзеленая на палітызаваную частку й пэйзажна-натурмортавую. Апошняя вылучаецца абразом Аўгена Ціхановіча «Катэдральны пляц у Менску ў 1927 г.» і «Квітнеючым бацькавым кошыкам» мастака В.Мікіты. Але ўсе наведнікі найперш імкнуліся да графічных працаў Алега Карповіча з сэрыі «Абліччы загінулага году», дзе паўстаюць знаёмыя твары Тамары Віньнікавай (аўтар выявіў экс-банкірку ў арэоле пакутніцы), Сямёна Шарэцкага (за сталом з шыльдаю «Прэзыдэнт ад 21.07.1999 г.» і з навіслымі па-над ім езуіцкімі тварамі Лукашэнкі й Шэймана), гэтаксама адлюстраваныя Генадзь Карпенка, Сяргей Лінг у форме піянэра, Алесь Пушкін, Юры Захаранка; асобна вылучаецца абраз спалоханай дзяўчыны зь пераходу станцыі мэтро «Нямігі».

Аўген Кулік выставіў яшчэ аднаго пэрсанажа сваёй сэрыі гістарычных асобаў Полацкага княства — Брачыслава Ізяславіча, бацьку Ўсяслава Чарадзея. Віктар Сташчанюк — палатно «Наваградак. Замак. Сьнег», Юры Піскун — такія ж пэсымістычныя «Жыдоўскія могілкі». Уладзімер Крукоўскі стварыў трыпціх, прысьвечаны песьняру Літвы Адаму Міцкевічу — па-над дзьвюма «і» ў прозьвішчы паэта лунаюць бел-чырвона-белы й бела-чырвоны сьцягі. Вельмі прымірэнчае ў дачыненьні да заходніх суседзяў палатно (на карысьць гэтага й лацінскі подпіс: «Gente Lituanum Natione Polonum»). Рыгор Сітніца, выстаўляючы штогод свае графічныя выявы Мірскага замку, і сёлета застаўся адданы традыцыі, але гэтым разам пярліна беларускага дойлідзтва паказаная ў колеры.

Аляксей Марачкін выставіў творы, адзін да аднаго непадобныя, але сугучныя паводле сэнсавага напаўненьня. «Татка!.. Уставай, ужо ідуць!» — стаіць ля паркану хлопчык зь бела-чырвона-белаю стужкаю ды з палкаю, у вачох трывога й страх, адначасова адчуваецца трагічная бездапаможнасьць перад гвалтам прыхадняў і ахвярнасьць, гатовасьць стаяць да канца ў абароне свайго дому. У другім творы, «Расейскай прыпеўцы», Марачкін іранізуе — намаляваў расейскага жаўнера, абкуранага п’янюгу, за сьпінаю якога на менскі пляц Незалежнасьці ўяжджаюць маскоўскія танкі (побач подпіс: «Проглотить весь мир стремились, да Чечнёю подавились, а поскольку жрать хотим — белорусов проглотим»).

Цьвік экспазыцыі — інсталяцыя Алега Карповіча й Пятра Русака «Вясна-2000. Час саліць мочить агуркі»: на жалезных падпорах трымаецца парадны партрэт «рымскага патрыцыя» А.Г. у вянку з дубовага лісьця, перад ім два сьвежыя агуркі, а на падлозе, пад абразом, слоік з салёнымі агуркамі. І ўсе прадукты сьвежыя! Такі й дух усёй выставы.

Віктар Мухін

 

P.S. Як стала вядома, у першую ж ноч пасьля вэрнісажу няясна куды зьнікла цэнтральная інсталяцыя — прычым ахова Палацу Мастацтваў нічога не заўважыла.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0