Чаканьне шляху
Беларусь напярэдадні 26 красавіка

 

Ад украінскага Чарнобылю да мяжы зь Беларусяй — кілямэтраў дванаццаць. Да Расеі — крыху больш за сто. Украіна атрымала радыяцыйны кратэр пад саркафагам. Беларусь — 70% усяго цэзію ды стронцыю. Расея мусіла адказваць за будаўніцтва і асаджэньне хмараў. Аграмадная зона заражэньня выпаліла радыяцыяй усё жывое менавіта там, дзе сышліся Расея, Украіна і Беларусь. Чарнобыль разьяднаў іх болей, чым што.

Чарнобыль быў нечуваным штуршком, які падрываў сыстэму знутры, і стаў ударам пахавальнага звону для ўсяго СССР. Пасьля сыгнальнага выбуху 1986 г., быццам пасьля залпу «Аўроры», адзін за адным пасьледавалі ўспышкі нацыянальных выступленьняў. Разгоны дэманстрацыяў, абвал эканомікі, паніка намэнклятуры й спэцслужбаў — усё гэта было ўжо пасьля.

З разбурэньнем СССР, калі мінулі хвалі эўфарыі, 1/6 сушы паволі пагружалася ў эпоху спалоханага чаканьня. Спустошаныя душы, руіны імпэрыі і адна свабода навокал — ад гэтага сапраўды рабілася страшна. Расло й пашыралася пагрознае адчуваньне, што зараз выбару за цябе ўжо ня зробіць ніхто, што цяпер ты адказны сам, што трэба самастойна вырашаць, як быць. Альбо ня быць.

У Беларусі большасьць людзей за ўсе гады чаканьня ня здолела ані ўбачыць па-над сабою Бога, ані адчуць пад сабою роднай зямлі. Чаканьне зацягнулася і штогод усё больш нагадвае ачмурэлае, паўсоннае здранцьвеньне. Манатонная і гіпнатычная прастрацыя. Прачнуцца. Абудзіцца. Уставаць. Патрэбнае цяжкае імкненьне волі, каб перасіліць сябе — інакш праваляесься да вечара і прасьпіш усё.

Дык што, прачынаемся?..

Чарнобыльскі выбух даў нам ня толькі (і ня столькі) кюры на км2, тысячы жыхароў у зоне адсяленьня, мёртвую зямлю й закапаныя тушы ды бурты. Чарнобыль стаўся грандыёзнае сілы й глыбіні вобразам агульначалавечага маштабу. І калі даведваесься, што заражаныя землі Чарнігаўшчыны й Браншчыны заселеныя якраз этнічнымі беларусамі, што Чарнобыль стаў уласна беларускай нацыянальнай трагедыяй — прабіраюць дрыжыкі. Неспасьціжнай воляю Госпада Беларусь апынулася ў эпіцэнтры страшнага папярэджаньня. Значыць, тут і цяпер у нас вырашаецца штосьці вельмі важнае.

У 2000 годзе Чарнобыльскі Шлях атрымаўся роўна паміж двума Вялікаднямі — пасьля каталіцкага, перад праваслаўным. Шлях якраз у тым прамежку, які, здаецца, навечна падзяляе на гэтай зямлі ўсходнікаў і заходнікаў, «сьвядомых» і «несьвядомых».

Сёлета чаканьне Чарнобыльскага Шляху наэлектрызаванае як ніколі. Пасьля Акцыі Любові, Маршу Свабоды-ІІ, Інфармацыйнага выбуху 25 сакавіка і Малітвы за Беларусь аж зьвініць напружаная цішыня. Рэжым пачынае зводзіць сутарга, бо мірныя шматтысячныя маніфэстацыі шточас усё больш нагадваюць разгортваньне пяючае, аксамітнае рэвалюцыі. Рэжыму да зарэзу патрэбная радыкальная, хоць проста пратэставая, поўная нянавісьці й азлобленая, скандальная ці крывавая, якая заўгодна іншая акцыя — абы ня масавая й духовая.

Больш за ўсё яны баяцца супрацьстаяньня на найвышэйшым узроўні — у катэгорыях ісьціны, у сфэры духу. Ім яўна бракуе духу. І баяцца нездарма — бо тое, што нясе з сабою Вясна-2000, якраз і ёсьць нараджэньнем духовага руху — сапраўды нацыянальнага, сутнасна хрысьціянскага. За ім — крах рэжыму і ўдар у самае сэрца імпэрыі зла.

Сёньня ініцыятыва ў апазыцыі. Цэнтар цяжару, дзе вырашаецца вынік супрацьстаяньня 26 красавіка, у нас саміх. Як выйдзем на шлях мы самі, так ён і пройдзе.

Ні ў якім разе нельга дазволіць рэжыму праваліць так цудоўна пачатую Вясну-2000. Найгалоўная перасьцярога Чарнобыльскага Шляху сёньня — мітынговы прынцып усіх часоў і народаў: не паддацца на правакацыі. Не сарвацца ў раж нянавісьці й гвалту, бо сьледам за імі немінуча абвальваецца страх, і імпэрыя зла пачынае ўсё зноўку.

Тым, хто выходзіць на вуліцу 26 красавіка, нельга баяцца. Усё астатняе грамадзтва, якое глядзіць на нас, усё яшчэ ў чаканьні. На раздарожжы перад Шляхам. Куды ісьці? Як жыць? Увогуле, што ёсьць праўдай?.. А мы, хто ўзьняў бел-чырвона-белы сьцяг Хрыста, толькі паўтараем Ягоныя словы: «Я і Шлях, і Праўда, і Жыцьцё». Гэта вычарпальны адказ на ўсе чарнобыльскія пытаньні. Гэта абуджэньне.

Да перамогі беларускага нацыянальнага руху, да зьдзяйсьненьня Адраджэньня вядзе толькі адзіны шлях. Гэта крыжовы шлях болю, высільваньня й пакутаў, скрозь зьдзекі й неразуменьне, шлях пакаяньня й духовага пераўтварэньня дзеля трыюмфу — наш мірны, едны, шматтысячны Чарнобыльскі Шлях-2000.

Досыць чаканьня. Пад’ём. Усе — на Шлях!

Павал Севярынец,
старшыня Маладога Фронту


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0