спорт

Адкрыцьцё фанацкага сэзону

Першы сёлета выезд Blue-White Gang
закончыўся крывавымі бойкамі на наваполацкіх вуліцах

 

 

Асноўны тусьняк фанатаў менскага футбольнага клюбу «Дынама» выправіўся ў дарогуна наваполацкі матч сваёй каманды цягніком «Баранавічы—Полацак». Расчараваўшыся ў спаньні на сядзеньнях з драўляных дошак у агульным вагоне ці, па-простаму, «абшчаку», «дынаміты» лазілі па вагонах, пілі з правадніцамі гарэлку, уцякалі ад мянтоў, хаваючы ад супрацоўнікаў міліцыі абавязковы фанацкі атрыбут — «разэтку» (так на фанацкім слэнгу мянуецца шалік). Усё ж пільныя міліцыянты высадзілі ў Барысаве ды Воршы самых буяністых.

Палачане зьдзіўлена пазіралі на купкі хлапцоў зь бела-блакітнымі шалікамі, якія швэндаліся ў горадзе, гойсалі каля Багаяўленскага сабору ды Сьвятой Сафіі, купаліся ў красавіцкай Дзьвіне.

Мірна папіваючы прадукцыю самых розных беларускіх бровараў ды прымаючы сонечныя ванны пад гістарычнымі гарамі, госьці са сталіцы заўважылі нейкіх казлоў, якія брудна лаяліся, кідалі сьмецьце ці проста па-хамску ржалі. Пара «дынамітаў» падваліла да вясёлай кампаніі. Высьветлілася, што гэта расейскія госьцікі з калісьці нашага Невелю прыехалі паглядзець на полацкую Сафію. Нейкі малы маскалёнак кінуў пустую пляшку з-пад колы ўніз. І ледзь сам не паляцеў за ёю. Уратавала яго экскурсаводка. На шум зьбегліся «дынамікі», якія, заўважыўшы на адным з расейскіх гасьцей чырвоную майку «Спартака», радасна пачалі крычаць: «Мяса! Мяса! Хачу есьці!!!» ды акружылі зьляканага «мясьніка». Ля Сафіі яшчэ пэўны час чуліся выгукі кшталту «Жыве Беларусь без Расеі» або «Маскалі — дадому!». А маленькі «спартач», відаць, прывёз дадому пад вокам акуратны сувэнір зь Беларусі.

Матч пачаўся атакамі «Дынама». Адна зь іх у самым пачатку гульні завяршылася ўзяцьцем брамы гаспадароў. Але вельмі хутка «Нафтан» забіў гол у адказ. У далейшым лік не зьмяніўся, хаця навапалачане мелі шанцы на тое, каб атрымаць сваю першую ў гісторыі перамогу над «Дынама».

Як толькі менскія фанаты разгарнулі свае шматлікія транспаранты ды ўсімі трыма сотнямі гарлякоў (пад’ехалі яшчэ аўтобусы з заўзятарамі) пачалі скандаваць «Дынама! Дынама!», з боку навапалачанаў панеслася брудная лаянка ды неймаверныя зьнявагі на адрас фанатаў ды іхнага клюбу.

Варта сказаць, што добрая палова наваполацкіх аматараў футболу (толькі не фан-клюб «Нафтана» — зь імі ў «дынамікаў» выдатныя адносіны) глушаць пад час гульні моцныя напоі. А ніхто ж не забараняе! Міліцыянтаў на ўваходах няма — нясі, што хочаш. Ну, а калі за ўваход таксама ня трэба плаціць, дык можаце ўявіць, у якой кандыцыі сядзіць большасьць публікі на «Атлянце».

Зьнявагі ў свой бок менчукі трывалі нядоўга — неўзабаве навапалачане пачулі дружнае «Душы калгас!». Пачалі распальвацца лякальныя канфлікты, да мардабою, аднак, справа ў часе гульні не дайшла.

Ён пачаўся праз колькі хвіляў пасьля заканчэньня матчу. Калі «дынамаўцы» выходзілі са стадыёну, узьнікла першае жорсткае сутыкненьне паміж менскімі фэнамі ды мясцовай гапатой. Бойку перапынілі міліцыянты, якія замест таго, каб адканваяваць менчукоў на вакзал ды пасадзіць у аўтобусы, проста адагналі гасьцей на пару соцень мэтраў. Пасьля былі затрыманыя каля 30 фанатаў, астатніх пагналі далей, расьсейваючы. Калі тыя былі разьбітыя на купкі па 3—5 чалавек, у справу зноў уступіла наваполацкая гопніцкая брація. Яны брыгадамі па некалькі дзясяткаў чалавек, як шакалы, лавілі жменькі менчукоў ды зьбівалі, нават не шукаючы ніякіх зачэпак. Такога футболу ў Наваполацку, мабыць, адвеку не было: крык і тупат вакол стадыёну не сьціхалі да ранку.

Вяртаньне было ціхае ды спакойнае. Дадому «дынаміты» ехалі стомленыя, бяз грошай ды хаўчыка. Ранішні Менск сустрэў іх сонейкам ды зусім некрыважэрнымі землякамі.

Богусь Біятлянёнак,
Менск—Наваполацак—Менск


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0