Кучма даганяе Лукашэнку

 

Суседзі-ўкраінцы пасьля 16 красавіка страцілі нагоду адпускаць розныя шпількі ў бок “памяркоўных беларусаў”, якія “самі надзелі сабе на шыю ярмо дыктатуры”. На рэфэрэндуме Ўкраіна паказала сябе ў той самай якасьці, што й большасьць беларусаў у лістападзе 96-га. Назіральнікі сьведчаць, што кіраўніцтва ўстановаў, дзе былі ўчасткі для галасаваньня, часта працавала пад пагрозай звальненьня ў выпадку, калі ня будзе забясьпечаны высокі працэнт яўкі насельніцтва на гэтыя ўчасткі 16 красавіка. Паказальным можна лічыць выпадак у адной школе, дзе настаўнікі на загад начальства ў суботу сканфіскавалі ў вучняў партфэлі з усімі вучнёўскімі прыладамі, паабяцаўшы вярнуць маёмасьць бацькам вучняў толькі пасьля таго, як тыя прыйдуць у школу ды прагаласуюць.

У выніку ўва Ўкраіне, паводле афіцыйных зьвестак, 86% галасавалі ў падтрымку прэзыдэнта Кучмы. Роўна-роўна як у Беларусі ў лістападзе 96-га.

Пра “беларускі шлях” нагадваюць і камэнтары Леаніда Кучмы, зробленыя на мінулым тыдні.

Пра сваіх апанэнтаў у пытаньнях рэфэрэндуму ён кажа: “Сумняваюся, што іх можна назваць украінцамі, бо яны працавалі не на Ўкраіну, а супраць Украіны”. Гэта нагадвае прапанову Лукашэнкі амаль чатырохгадовай даўніны: “Хто нязгодны, шукайце сабе іншую Радзіму”. Кучма пасьпеў кінуць камень і ў бок апазыцыйных яму палітычных партыяў: “Народ на рэфэрэндуме адназначна выказаў сваё стаўленьне да тых партыяў, якія выступілі супраць рэфэрэндуму. Няхай яны ўважліва абдумаюць сваю пазыцыю і зьвераць яе з пазыцыяй украінскага народу”.

Афіцыйныя паказчыкі рэдкага аднадумства ўкраінцаў у надзяленьні свайго прэзыдэнта большымі паўнамоцтвамі за кошт паўнамоцтваў парлямэнту наўрад ці рэальна сьведчаць пра павелічэньне прыхільнасьці да Кучмы. Раней яго ўпікалі за абыякавасьць да многіх пытаньняў і нежаданьне праяўляць цьвёрдую волю, цяпер абвінавачваюць у выкарыстаньні брудных палітычных тэхналёгіяў і паступовай здачы ўкраінскіх інтарэсаў. Візыт Пуціна ў Кіеў і Сімферопаль транзытам зь Лёндану ў Маскву толькі падліў алею ў агонь. Напрыклад, калі Пуцін выказаў незадаволенасьць нядаўнім адкрыцьцём ва Ўкраіне ўкраінска-чачэнскага інфармацыйнага цэнтру, Кучма ў адказ пасьпяшаўся абвясьціць, што гэты цэнтар — элемэнт дзейнасьці “адной не зусім легальнай партыі”, маючы на ўвазе УНА-УНСО, і паабяцаў перад тэлекамэрамі, што такая абразьлівая для Расеі дзейнасьць будзе хутка прыкрытая. Украінскія нацыянал-дэмакраты і праваабаронцы ня ўпэўненыя, што ўкраінскі прэзыдэнт выканае абяцаньне, дадзенае расейскаму калегу. Але сам факт такой заявы яны лічаць ня столькі паказчыкам уласьцівай Леаніду Кучму дыпляматычнасьці, колькі прыкметай безабароннасьці перад расейскім шантажом.

Цэнтры ў падтрымку Чачэніі сапраўды дзейнічаюць у трох украінскіх гарадах і каардынуюцца рознымі сіламі. У Львове чачэнскі інфацэнтар стварыла мясцовае аддзяленьне Ўкраінскай Нацыянальнай Асамблеі, пра якую шмат хто кажа, што яна падтрымліваецца ўкраінскімі спэцслужбамі. У Кіеве гэтым займаецца нядаўна створаная партыя “Братэрства”, якою кіруе экс-лідэр УНА-УНСО Дмытро Карчынскі. Інфацэнтар “Украіна-Чачэнія” ў Адэсе каардынуецца Украінскім Народным Рухам на чале зь Юр’ем Кастэнкам. Другая частка руху, тая, якую ўзначальвае Генадзь Удавенка, былы міністар замежных справаў у першых урадах Кучмы, таксама не засталася абыякавай да генацыду на Каўказе, стварыўшы ў Кіеве Ўкраінскі камітэт падтрымкі Чачэніі. Яго ўзначалілі вядомы дзяяч крымскіх татараў Рэфат Чубараў і дэпутат Вярхоўнай Рады, кінарэжысэр Лэсь Танюк.

Тымчасам украінская грамадзкасьць абмяркоўвае абставіны будучага палітычнага суду ў справе аб захопе студэнтамі будынку ЦК КПУ ў пачатку сакавіка. Многія прызнаюць, што маладыя людзі, гатовыя на ўсё дзеля абароны гонару Ўкраіны, зрабілі глупства, бо камуністы сёньня — гэта палітычны фантом, які не вызначае асноўных пытаньняў палітыкі краіны. Тым ня менш, захопнікі сядзяць у СІЗА “Лук’яніўка” ў Кіеве, толькі адзін зь іх адпушчаны пад падпіску аб нявыезьдзе (яму не стае 4 месяцы да 18 гадоў). Сярод іх — адна дзяўчына, якая два тыдні трымала ў турме галадоўку пратэсту з патрабаваньнем вызваліць яе. Усім дванаццаці студэнтам сьледзтва інкрымінуе крымінальны артыкул “Захоп дзяржаўных ці грамадзкіх будынкаў”, які прадугледжвае пакараньне да пяці гадоў турмы. Аднак, калі да абвінавачаньня не дададуцца іншыя пункты, захопнікі ЦК падпадуць ужо сёлета пад прэзыдэнцкую амністыю.

Гэта ніяк не задавальняе пацярпелых-камуністаў. Яны патрабуюць прыцягнуць сваіх крыўдзіцеляў яшчэ па двух артыкулах: “Нанясеньне маёмаснай шкоды” (сьцьвярджаюць, што пры штурме будынку студэнты пашкодзілі кампутары й мэблю) і “Напад на службовую асобу ў зьвязку з аховай ёю грамадзкага парадку”. Маецца на ўвазе ахова будынку ЦК. Праўда, гэта была не міліцыя, нават не прадстаўнікі прыватнай ахоўнай фірмы, а людзі, блізкія да партыі камуністаў, узброеныя газавымі пісталетамі (паводле некаторых зьвестак, узброеныя незаконна, без дазволу праваахоўных органаў). Такім чынам, апошні пункт прапанаваных камуністамі фармулёвак пад вялікім пытаньнем, якое абарона падсудных можа аспрэчыць і нават павярнуць супраць саміх ахвяраў захопу.

Захопнікі ЦК КПУ самі патрабуюць суду над сабой, але не таму, што прызнаюць сваю віну. Яны заяўляюць, што пайсьці на захоп будынку ЦК іх прымусіла скрайняя неабходнасьць — наступствы камуністычнага кіраваньня, што робяць становішча краіны невыносным. Абарона кажа пра намер зьвярнуцца ў суд па правох чалавека ў Страсбургу: пакуль ва Ўкраіне дзейнічае Эўрапейская канвэнцыя правоў чалавека. Праўда, пасьля нядаўняга рэфэрэндуму Ўкраіна апынулася пад пагрозай выключэньня з Рады Эўропы.

Вось жа ў адрозьненьне ад Лукашэнкі, сутыкнуўшыся з пратэстамі эўрапейскай супольнасьці, Кучма даў задні ход. Канстытуцыйны суд прызнаў, што гэткі рэфэрэндум ня можа насіць абавязковага характару, і Кучма гэтаму рашэньню падпарадкаваўся. Парлямэнту Кучма не распускаў, але цяпер мае маральнае права — 83% за — ціснуць на дэпутатаў мацней.

Увогуле, казаць, што ўкраінскі дрэйф у бок аўтарытарызму цалкам паўтарае беларускі, не выпадае. Нядаўняе ўсталяваньне ўрадам нормы пра тое, што любая радыёстанцыя абавязкова мусіць перадаваць ня менш за палову песень на ўкраінскай мове, пра гэта яскрава сьведчыць. Усё ж, украінская інтэлігенцыя рашуча крытыкуе канцэнтрацыю ўлады ў руках Кучмы. Бо прынцыпы важнейшыя за асобаў, сьцьвярджае яна. А таксама таму, што непасьлядоўная ўкраінізацыя суправаджаецца ня менш правальным эканамічным курсам, які дыскрэдытуе ўкраінскую незалежнасьць.

Тацяна Сьнітко

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0