Віктар ШНІП

Сабачыя гісторыі

 

Адзін сабака купіў газэту. Пачаў чытаць. Усё пра Граждана.

Адзін сабака пайшоў на Камсамольскае возера. А там шыльда «Выгул сабак з 17 да 19» — і навокал адны п’яныя Гражданы.

У аднаго сабакі нарадзіўся нэгар. Выйшаў сабака з радзільнага дому, а яму насустрач Граждан з шампанскім.

Адзін сабака ствараў ня толькі поле чытаньня, але і поле пісьма. Граждан у такі час любіў глядзець на сабаку, ня думаючы, што вечарам давядзецца спаць з жонкай.

Адзін сабака быў мадэрністам. А Граждан пайшоў далей — на суседзкім доме напісаў тэкст з трох літараў.

З адным сабакам пазнаёміўся Граждан. І сабаку давялося есьці макароны.

Аднаму сабаку споўнілася сто гадоў. Сабраліся сваякі, прыйшоў і Граждан з насілкамі і лапатай.

Адзін сабака напіўся нейкай гадасьці. Па дарозе дахаты сустрэў Граждана і прапанаваў яму руку і сэрца.

Да аднаго сабакі з Кіева прыехаў дзядзька. Граждан Гражданом, а гаворыць не па-сабачаму.

Да аднаго сабакі прыйшоў Граждан. І давай сабака яго частаваць. А Граждан узяў і аб’явіў сябе нашчадкам незаконна забітага Паўліка Марозава.

Адзін сабака ўкінуў у сьметніцу недакурак. Убачыў гэта Граждан, паклікаў людзей і расказаў, якія багатыя сабакі.

Адзін сабака зайшоў у краму. А ў краме гумовыя Гражданы.

Адзін сабака задумаўся над пытаньнем: «Што такое філязофія?» А Граждан зайшоў у пад’езд суседняга дому і абасцаў сьцяну.

Адзін сабака быў у лазьні. Бачыў голага Граждана.

Адзін сабака купіў кампутар. Граждан, праходзячы каля сабакі, сказаў: «Будзе яшчэ і на маёй вуліцы сьвята!»

Адзін сабака хадзіў па праспэкце. А Граждан езьдзіў на трактары, як пераможца пяцігодкі.

З адным сабакам здарылася няшчасьце. Граждан пакусаў.

Аднаму сабаку сказалі: «Ажэнісься — пашкадуеш, не ажэнісься — таксама пашкадуеш...» І толькі Граждану ніхто нічога не сказаў, бо ён і так быў Шапэнгаўрам.

Адзін сабака заявіў: «Мінулай ноччу я напісаў «Вайну і мір». Граждан не разгубіўся: «А я магу мухамораў наесьціся і памерці!»

Адзін сабака выкапаў яму. Ішоў Граждан і ўваліўся ў яе. Сядзіць Граждан у яме і сам сабе думае: «Можа хоць цяпер мне грамату дадуць...»

Адзін сабака адправіў Граждана ў камандзіроўку ў Мухаморск. Прыехаў туды Граждан і папрасіў гражданства.

Адзін сабака сеў на дыету. Даведаўся пра гэта Граждан і сеў на цьвік.


 

Ад гражданоў

«Сукай буду, а Гражданом ня стану» — падумаў сабака, прабягаючы каля Філярмоніі 25 сакавіка 2000 году.

«Гражданы-таварышы! Я ж свой!» — скавытаў сабака па дарозе да скуралупні.

Захацеў сабака пабрацца з сукай Гражданскім бракам. І пацягнуў яе ў ЗАГС, а там рамонт. «Эх, ізноў усё будзе ў нас не як у людзей», — падумаў сабака і павалокся пад царкву.

Сяржук Гр. Сабакевіч, Магілёў

 

Адзін Сабака пайшоў на выбары. А яму кажуць: «Сабакам не паложана!» Пабег тады Сабака ў ЗАГС і памяняў прозьвішча на Электарат.

В.В., Менск

 

Абрыдла сабакам сабачае жыцьцё, і пачалі яны акцыю гражданскага непадпарадкаваньня. А Граждан спаў.

Alex, Менск

 

Прыйшоў Граждан на мітынг, а міліцыянт яму: «Куды прэш, сабака?»

Былы Граждан


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0