Ленінскім аддзяленьнем міліцыі Магілёва распачатая крымінальная справа па факце апаганьваньня пахаваньняў на польскіх могілках. Цягам апошніх тыдняў тут былі разьбітыя чатыры магілы.

Напрыканцы траўня і ў пачатку чэрвеня на Польскіх могілках па вуліцы Лазарэнкі невядомымі былі разьбітыя й паваленыя некалькі надмагільляў. За кароткі прамежак часу праваахоўнікі зафіксавалі чатыры выпадкі вандалізму. Заведзеная крымінальная справа.

Польскія могілкі — адны з самых старажытных у Магілёве. Акрамя старадаўніх прыгожых помнікаў, тут месьцяцца скляпеньні, капліца‑пахавальня Сяножэцкіх, а таксама ўніяцкая капліца. Жыхары бліжэйшых дамоў зьвярталіся да гарадзкіх уладаў з просьбай пра ахову пахаваньняў. Аднак дагэтуль уначы могілкі застаюцца без нагляду.

Апаганьваньне помнікаў на польскіх могілках адбываецца не ўпершыню. Звычайна зламысьнікаў цікавяць элемэнты канструкцыяў, якія зроблены з каляровых мэталяў.

Праблема вандалізму актуальна таксама й для іншых могілкаў Магілёўшчыны. Ад 2003 году статыстыка сьведчыць пра штогадовае павелічэньне колькасьці падобных злачынстваў.

Андрэй Мікалаеў, Польскае радыё для замежжа

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0