пазытывы

Праекты шчасьця

 

З таямнічых глыбіняў Расеі зьявіліся раптам «новыя людзі» сп.А.Іларыёнаў і Г.Грэф. Убачылі іх нашыя лібэралы і ўзрадаваліся. Вой, якая ў Маскве праграма дзеяньняў ураду на 10 гадоў — як у Гаўла зь Піначэтам! Пасябруем, і ў нас такая будзе.

Яно можа і сапраўды, файная тая праграма, але ніводная загадкавая руская душа не адкажа, колькі за дзесяць гадоў зьменіцца ў трэцім Рыме ўрадаў і чаму. Між тым, нам гэта істотна. Адным краем Расея навекі да Беларусі прыточаная. І ці то там Ельцын з «Газпромам», ці там Пуцін з «Ітэрай», Расея для нас застаецца крыніцай сыравіны і рынкам збыту. Мусім з усімі дамаўляцца. Хоць цалавацца не абавязкова.

А з праграмамі дзеяньня ўрадаў — як з парадамі наконт здаровага жыцьця: усім вядома, што рабіць, а атрымліваецца ў адзінак. Вось, прыкладам, беларускія пэнсіі. Ужо дзесяць гадоў толькі гаворкі пра пэрсаніфікаваны ўлік ды спэцыялізаваныя пэнсійныя фонды. Праўда, боек з амонамі на глебе барацьбы за правы райсабесаў чамусьці не назіраецца, дарэчы, як і фондаў.

Чаму? Бо жыцьцё інэртнае, яно спакваля спараджае тэхналёгіі, няхай сабе нудныя і заганныя, але ж звыклыя кожнаму іх удзельніку. Зьнянацку гэты каўтун з законаў, падаткаў, установаў, прывілеяў і інтарэсаў не разблытаеш.

Уявіце сабе, што каб пэрсанальна ўлічыць пэнсіянэраў, трэба кожнаму зь іх надаць парадкавы нумар. Аб чым пытаньне: друкуй тры-чатыры мільёны картак. А можа лепей такіх, як тэлефонныя, накшталт амэрыканскіх, а да іх кампутары, а да кампутараў праграмістых, а да іх кантралёраў... Ды дзе там, кампутары... У нас яшчэ й пашпартоў аднолькавых няма.

Грошай на пэнсіі ўсё меней. Фонд сацыяльнай абароны мае рэзэрвы на пару тыдняў. Было б добра, калі б меў на паўгады. Дык няма ж адкуль браць, бо пратэрміноўка па страхавых адлічэньнях складае ужо блізка 10% ад выплатаў на наступны месяц, а яны складуць каля 60 млрд. руб. Дарэчы, і па зарплаце таксама.

Дый наагул, ці варта распрацоўваць новыя сыстэмы назапашваньня грошай на старасьць, калі іх у маладосьці не стае кожнаму другому працоўнаму на задавальненьне элемэнтарных патрэбаў. Нездарма статыстыкі ўжо абяцаюць умоўна-сярэдняму беларускаму мужчыну, што да пэнсіі ён не дажыве. Цікава, што можна сказаць пра будучыню ў тыя часы, калі спажываньне паловы дзяцей ніжэйшае за пражыцьцёвы мінімум, на сёньняшні дзень меншае за 788 руб. 20 кап. на дзень. Чым можна натхніць іхных бацькоў на плённую працу? Хіба што паведамленьнем пра запушчаныя заводы і посьпехі інтэграцыі.

Але ж, досыць аб сумным. З 1 траўня 2000 году пачынае працаваць Дэкрэт №11 ад 12.04.2000. Які прадугледжвае мінімальную пэнсію па ўзросьце ў памеры 197 руб. 07 кап. на дзень. Героі нашага народу атрымаюць прыбаўку да пэнсіі ў пяць разоў, інваліды ў чатыры, партызаны і інтэрнацыяналісты ў два с паловай разы большую за вызначаны мінімум.

Яшчэ мноства людзей, што адваявалі нашу волю і пацярпелі ад ворагаў, атрымаюць прыбаўку ад дзяржавы, г.зн. ад кожнага з нас. Такім чынам сярэдні памер пэнсіі складзе тры чвэрці ад пражыцьцёвага мінімуму. І нам чамусьці ня будзе сорамна. Можа таму, што мы ня пішам праектаў шчасьця, а толькі слухаем, куды павядуць.

СМІ паведамляюць, што 12 траўня нас пазнаёмяць з праграмай дзеяньняў беларускага ўраду ў выкананьні новага прэм’ер-міністра.

Міхал Залескі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0