Лісты ў рэдакцыю

 

Што ж вы, рабяты?

Бывае ў «ЛіМе» такая рубрыка: «Расчараваньне тыдня». Дык вось, хачу падзяліцца сваім асабістым «расчараваньнем году». Купіла сёньня часопіс «Першацьвет» № 2—3 за гэты год і што ж убачыла? Добрая траціна матэрыялаў — на расейскай. Ад такой неспадзеўкі нават не пацешылі цікавыя пераклады і інтэрвію з Рыгорам Барадуліным. Адчуваньне, як пасьля аплявухі — і крыўдна, і злосна, і біцца не палезеш.

Капец часопісу. Траянскі конь ужо ў горадзе. Ну, сапраўды, нахабства якое! Хочаце друкаваць расейскамоўных аўтараў — калі ласка, ніхто не забараняе стварыць свой часопіс, дык не, трэба ўзяць ужо «раскручанае» выданьне і ўплішчыцца туды. Праз пару гадоў будзе беларушчына туліцца ў куточку і радавацца, што месца далі. Скажаце, перабольшваю? А ўспомніце «Свабоду», пагартайце «Народную волю», ды ўрэшце вазьміце хоць бы наша гарадзкое «Бабруйскае жыцьцё», колісь чыста беларускамоўнае (зьместу кранаць ня будзем), а зараз — толькі адсоткаў 30 па-беларуску.

Не магу зразумець пазыцыю рэдкалегіі. Там жа амаль усе нашы, беларускамоўныя. Ня дурні ж яны, павінны разумець сытуацыю. Дзе іхны голас? Няўжо ж Падгайны й Пазьняк (каторы А.Г.) маюць там большую вагу, чым астатнія чатырнаццаць, уключаючы сталых аўтараў «НН» Шніпа і Рублеўскую? Дык што яны ў такім разе там робяць? «Дзеці есьці просяць»? Даруйце злосны тон, але ўжо апрыкрала. Выйсьце? Па-першае, болей «Першацьвет» не купляю, хай сабе гэта й неадчувальна будзе для яго. Па-другое, трэба неяк падтрымліваць сапраўды беларускія выданьні, таму падпісваю двух сваіх знаёмых на «Нашу Ніву». Па-трэцяе, прапаноўваю час ад часу зьмяшчаць на вашых старонках сьпісы з адрасамі рэгіянальных выданьняў кшталту «Калосься», каб было куды дасылаць творы нашым маладым. Хай сабе там і ня плоцяць ганарараў, хіба ж для пачаткоўца гэта галоўнае? Не пішу ў сам «Першацьвет», бо ведаю іх адказ: спасылкі на рэфэрэндум, vox populi, на правы чалавека нават. Іх выбар зроблены, і мяжа пяройдзена.

Сьвятлана Пячкова, Бабруйск

 

Два гаспадары

Добры ў пасёлку Нарач базар — еш вэнджаныя прысмакі ды півам запівай. Хвалі выкінуць вугра на бераг, мясцовыя прадпрымальнікі звэндзяць умомант, купляй ды ня вельмі зь імі таргуйся, бо тавар у іх першы сорт — дарма што рыба здохла яшчэ ў возеры, атручаная невядома чым. Мясцовыя гаспадары клапоцяцца пра ваш страўнік, таму і забаранілі прадаваць тую рыбу адкрыта, а вось употай можна. Леташнім жніўнем граблямі зьбіралі тых вугроў і паціху зарывалі ў зямлю, каб ня кідалася ў вочы высокаму начальству. Баяцца, што пачнецца гамонка ды дойдзе, крый Бог, да Менску, тады складуць камісію, якой тут ня надта чакаюць.

На кожным кроку бітыя слоікі ды жалеза, ногі ўраз скалечыш. Возера хмызьняком зарасло. Узьбярэжжа Нарачы не падобнае да «Беларускага нацыянальнага парку». Трэба нешта рабіць. Забараніць, напрыклад, малочнаму камбінату і сьпіртзаводу саўгасу «Нарач» зьліваць свае адкіды ў возера. Ці рабілі б, скажам, з хмызьняку кошыкі — і возера чысьцейшае будзе, і грошы.

Пытаюся ў галоўнага лясьнічага С.Ярашэвіча пра скалечаныя абрэзкаю дрэвы на беразе: «Чаму вы не перашкодзілі гэтаму злачынству?» — і чую адказ, што гэта ня іхныя справы. Дык хто вінаваты? Зьвяртаюся ў Мядзельскі экалягічны цэнтар: чаму загінула столькі рыбы, ажно машынай звозілі? Кажуць: віною сьпякотнае лета, маўляў, вада ў возеры ледзь не кіпела, вось вугар і гінуў. Усе бачаць сьцёкі бруднай вады, бачаць і марскі кацер нейкага чыноўніка — а спытацца няма з каго.

А ёсць жа ажно два гаспадары — адказны за экалягічны стан Тарасёнак зь Мядзельскага выканкаму ды Шчарбіцкі, старшыня пассавету «Нарач». Але яны паказваюць адзін на аднаго ды кажуць, што зямля гэтая належыць іншаму і лезьці ў чужыя справы не выпадае. Замнога, відаць, у Нарачы гаспадароў.

Аляксандар Паскробышаў, пас.Нарач

 

«Адпачынак» паняволі

Непадалёк ад Маларыты, што на Берасьцейшчыне, ёсьць летнік для дзетак усяго раёну. Раней там працавалі студэнты зь Берасьцейскага ўнівэрсытэту. Але нехта вырашыў, што тыя ня вельмі старанна працуюць і няможна іх болей туды адпраўляць. (Калі студэнты не спраўляюцца зь дзецьмі, што ж гэта будуць за настаўнікі?!) Але быў загад — і выхавацелямі ў летніку мусяць быць гарадзкія настаўнікі.

Але й настаўнікі ня надта радыя правесьці 20 дзён (адну зьмену) на прыродзе ды на гатовых харчах. Чаму? Перш за ўсё, плоцяць ім як за 6 гадзін, а дзецьмі ў летніку займацца трэба цэлыя суткі. Па-другое, пэдагогам прапануюць браць з сабою сваіх дзетак і нават абяцаюць бясплатныя пуцёўкі. Толькі летась некаторыя жанчыны працавалі на такіх умовах, а пазьней зь іх вылічылі грошы за пуцёўкі. Ня вераць людзі такім абяцанкам.

Аднак ніхто й не пярэчыць, бо нязгодным прапануюць шукаць іншае працы. Вядома, што ў належны час 18 настаўнікаў выправяцца на «адпачынак» у летнік.

В.Ш., Маларыта


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0