СЛАВЯНАРАСІЗМ

 

20 сакавіка ў Беларускі Гельсынскі Камітэт зьвярнулася жыхарка Барысава Анастасія Арасланава са скаргаю на працяглае цкаваньне яе мужа — Салавата Арасланава: «Пасьля актаў тэрарызму ў Маскве кожны міліцыянт лічыць за абавязак спыніць мужа (ён башкір), спраўдзіць дакумэнты, абшукаць, абразіць, прынізіць. Нярэдка супрацоўнікі міліцыі кажуць яму, што ненавідзяць усіх нярускіх». 23 лістапада 1999 году Салават Арасланаў быў затрыманы міліцэйскім нарадам у пары крокаў ад дому. Супрацоўнікі міліцыі запатрабавалі ў яго дакумэнты, сп. Арасланаў паказаў пасьведчаньне вэтэрана аўганскае вайны. Міліцыянты пачалі насьміхацца зь яго, потым зацягнулі на прахадную заводу безалькагольных вырабаў, дзе абшукалі і жорстка зьбілі. У рэчах Арасланава была знойдзеная сувэнірная сякерка, зь якою ён езьдзіў зьбіваць наледзь зь дзьвярэй лецішча. Гэтая сякерка зусім разьюшыла міліцыянтаў.

Сп. Арасланаў пахаваў у красавіку 1998 году сына-афіцэра, з тае нагоды моцна абсунуўся і пастарэў. Здало сэрца. Аднак паводле сьведчаньняў трох супрацоўнікаў міліцыі, ён на іх напаў і пабіў. Сам Арасланаў сьцьвярджае, што трое маладых міліцыянтаў білі яго, як везьлі на экспэртызу, білі па дарозе ў пастарунак. Тыдзень пасьля арышту Арасланаў ляжаў пластом у КПЗ Барысаўскага ГАЎС, бо ў яго паламаныя скабы, адбітыя ныркі, і ногі ня ходзяць. Дарэмна жонка патрабавала мэдычнага агляду. Дарэмна зьвярталася да пракурора, сьледчага, міліцэйскіх чыноў. У адказ яе папрасілі болей не пісаць, а ўзамен, маўляў, выпусьцяць мужа.

За С.Арасланава хадайнічала кіраўніцтва Беларускага Зьвязу Вэтэранаў аўганскай вайны, а таксама гарадзкога цэнтру тэхнічнае творчасьці юнацтва, дзе ён працуе. Марна. Чалавек дасюль сядзіць у СІЗА.

Фашызм — трасца, якая трасе ўсе слаі грамадзтва, асабліва малаадукаваныя й цёмныя. Паводле фашысцкае ідэалёгіі, людзі разьдзяляюцца на Ubermensch’аў i Untermensch’аў — звышчалавекаў і недачалавекаў. У нашым выпадку з радыё й тэлевізіі, з газэтных публікацыяў і чынавенскіх выступаў можна ўведаць пра нейкую асаблівую місію славянаў, пра іхную небывалую маральную чысьціню і «падзьвіжніцтва». Гэтыя ўсхваленьні славянскіх цнотаў маюць на мэце маніпуляцыю масавай сьвядомасьцю. Захваленыя лісьліваю хлусьнёю, людзі кінуцца на «чарнажопых», «жыдоў», «прадажных беларускіх нацыяналістаў» і забудуцца на свае праблемы.

Сьвятлана Курс


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0