Беларусь павінна быць вольнай і незалежнай дзяржаваю!

Зварот да беларусаў сьвету ў сувязі з 55-мі ўгодкамі заканчэньня другой сусьветнай вайны

 

Паважаныя суайчыньнікі!

Сёлета ў пачатку траўня мінае 55 гадоў з дня перамогі над фашысцкай Нямеччынай, а 3 верасьня 2000 году споўніцца такі ж тэрмін з дня заканчэньня другой сусьветнай вайны навогул, якая па зьдзейсьненых супраць чалавецтва злачынствах і матэрыяльных разбурэньнях ня ведае сабе роўных. Яе адрозьненьне ад першай сусьветнай вайны, галоўнай прычынай разьвязваньня якой зьявіліся непрымірымыя эканамічныя супярэчнасьці паміж дзьвюма групоўкамі дзяржаваў, заключаецца ў тым, што яна пачалася са змовы двух палітычных дыктатарскіх рэжымаў, якія супернічалі паміж сабою за ўсталяваньне сусьветнага панаваньня бальшавізму і фашызму, узьнікненьне якіх было адрыжкай мінулых манархічных дыктатур, што праіснавалі ў Расеі і Нямеччыне аж да пачатку ХХ ст.

Сьвет, бадай, ня ведае большых па сваіх памерах і цынізму злачынстваў супраць чалавецтва, чым падпісаньне ў Маскве 23 жніўня 1939 году В.Молатавым і І.Рыбэнтропам дамовы і пратаколаў аб супрацоўніцтве і падзелу паміж двума дыктатарскімі рэжымамі сфэраў уплыву ў Эўропе. Названыя дакумэнты і падняты ў той дзень І.Сталіным у Крамлі келіх шампанскага за здароўе А.Гітлера, як за лідэра, якога нібыта падтрымлівае нямецкі народ, былі па сутнасьці блаславеньнем адным дыктатарам іншага на разьвязваньне другой сусьветнай вайны, пачаткам якой гісторыя лічыць напад 1 верасьня 1939 году фашысцкай Нямеччыны на Польшчу. Літаральна празь некалькі дзён у гэтую вайну амаль у якасьці саюзьніка агрэсара ўступіў і бальшавіцкі рэжым. Ухваленьне нападу фашысцкай Нямеччыны на Польшчу і ўвод войскаў у заходнія вобласьці Беларусі і Ўкраіны, зь якіх ужо ў першыя месяцы былі дэпартаваныя ў раёны Сібіры і Казахстану тысячы ні ў чым не вінаватых людзей, правядзеньне сумеснага ваеннага параду нямецка-фашыстоўскіх і савецка-бальшавіцкіх войскаў у Берасьці, зьверскае зьнішчэньне польскіх афіцэраў у Катынскім лесе пад Смаленскам, ініцыятыва разьвязваньня вайны зь Фінляндыяй, захоп Бэсарабіі, акупацыя прыбалтыйскіх дзяржаваў — вось той няпоўны пералік злачынстваў бальшавізму, учыненых ім напачатку другой сусьветнай вайны па змове або ўзгадненьню з фашызмам.

Недаацэньвалі як пагрозу для сьвету зьяўленьне дзьвюх экстрэмісцкіх і па сваёй сутнасьці з самага пачатку варожых палітычных плыняў многія кіраўнікі і палітычныя дзеячы краін Заходняй Эўропы і Злучаных Штатаў Амэрыкі. І гэта стала адной з галоўных прычын мюнхенскіх уступак Гітлеру і вялага, галоўным чынам на словах, рэагаваньня на далейшыя злачынныя дзеяньні па захопу новых тэрыторыяў абодвума дыктатарскімі рэжымамі.

І толькі з нападам гітлераўскай Нямеччыны на Савецкі Саюз (ад намеру зрабіць гэта раней ці пазьней Гітлер ніколі не адмаўляўся, як не адмаўляўся і Сталін устанавіць у сьвеце панаваньне камуністычнага рэжыму), убачыўшы навіслую пагрозу цёмных сілаў рэакцыі над усім чалавецтвам, кіраўнікі многіх краін сьвету (перш за ўсё ЗША і Вялікабрытаніі) змаглі пераадолець палітычныя перашкоды і пайшлі ў барацьбе з фашызмам на саюз з СССР, кіраўнікі якога, апынуўшыся перад сьмяротнай небясьпекай, таксама супакоілі свае амбіцыі па ўсталяваньню камуністычных парадкаў ва ўсім сьвеце. Не скарыліся перад фашызмам прагрэсіўныя сілы ў акупаваных краінах, а таксама сапраўдныя патрыёты ў самой Нямеччыне і саюзных зь ёю дзяржавах.

Перамога над Нямеччынай і яе саюзьнікамі ў гады другой сусьветнай вайны пацьвердзіла бясспрэчную перавагу аб’яднаных сілаў прагрэсу над сіламі рэакцыі, трыюмф здаровага сэнсу над цемрашальствам.

Другая сусьветная вайна прынесла чалавецтву незьлічоныя страты чалавечых жыцьцяў, мільёны калекаў і сірот, замест тысячаў гарадоў і вёсак яна пакінула папялішчы і груды руінаў, а там, дзе да вайны стаялі заводы і людзкія сядзібы, засталіся стаяць адзінокія коміны і абпаленыя дрэвы. Беларусь выйшла з той вайны адным з найбольш пацярпелых рэгіёнаў сьвету. У рэспубліцы загінуў кожны чацьверты яе жыхар. У гады вайны спалена ці зруйнавана больш за 200 гарадоў і пасёлкаў гарадзкога тыпу і больш за 9 тыс. вёсак, у выніку чаго каля 3 млн. людзей засталіся бяз даху. Сотні беларусаў былі вывезеныя фашыстамі ў Нямеччыну ў якасьці працоўнае сілы, а яшчэ больш людзей пакінулі Беларусь па палітычных матывах у час уступленьня на яе тэрыторыю Чырвонай Арміі (пазьней яны знайшлі прытулак на самых розных кантынэнтах зямнога шару), больш чым паўмільёна жыхароў Беларусі выехалі за яе межы ў пасьляваенныя гады ў сувязі з правядзеньнем перасяленьня, зьвязанага са зьменамі беларуска-польскай мяжы; многія беларусы былі асуджаныя за зьдзейсьненыя імі ў гады вайны злачынствы, але яшчэ больш іх па палітычных матывах зноў апынуліся ў савецкіх турмах і канцлягерах Сібіры, Поўначы і Казахстану. Пры гэтым трэба падкрэсьліць, што загінула, пацярпела і пакінула тэрыторыю Беларусі самая адукаваная і патрыятычна настроеная частка насельніцтва.

Юрыдычную ацэнку вынікаў другой сусьветнай вайны даў Нюрнбэрскі працэс, на якім былі асуджаныя ня толькі ваенныя злачынцы Нямеччыны, але й сам фашызм як палітычная сыстэма і ідэалёгія. Першы раз у гісторыі агрэсія была прызнаная цяжкім злачынствам супраць чалавецтва. Аднак гэта не было зроблена ў адносінах да другога дыктатарскага рэжыму. Карыстаючыся гэткай беспакаранасьцю, бальшавізм змог усталяваць у пасьляваенныя гады свой рэжым яшчэ ў некалькіх дзяржавах сьвету і стварыць гэтак званы сусьветны лягер сацыялізму, чым затрымаў разьвіцьцё многіх краін на цэлыя дзесяцігодзьдзі. І спатрэбіліся немалыя намаганьні прагрэсіўнай часткі чалавецтва і працяглы час, каб бальшавізм як палітычная сыстэма і ідэалёгія прадэманстраваў сваю відавочную непрыгоднасьць.

За гэтыя гады далёка наперад пайшлі ў разьвіцьці эканомікі і дэмакратыі заходнія дзяржавы — былыя саюзьнікі ў барацьбе з фашызмам, стала дэмакратычнай, цывілізаванай і высока разьвітай краінай і пераможаная ў другой сусьветнай вайне Нямеччына. Няма ўжо і так званага сацыялістычнага лягеру, распаўся і сам Савецкі Саюз як апора экстрэмісцкай плыні бальшавізму. Пакутліва шукаюць свой шлях разьвіцьця незалежныя дзяржавы, якія былі створаныя на яго тэрыторыі. Усё большы нахіл у бок дэмакратычнага разьвіцьця і ўсталяваньня сувязяў з заходнім сьветам робіць Расейская Фэдэрацыя як найбольш магутная на постсавецкай прасторы дзяржава.

Аднак, як паказалі падзеі апошніх гадоў, сьвет яшчэ ня выпрацаваў імунітэту супраць новага адраджэньня былых дыктатур. І найбольш слабаю ў гэтых адносінах часткаю эўрапейскага кантынэнту аказалася Рэспубліка Беларусь. Рэцыдыў названых рэжымаў зьявіўся тут у выглядзе так званага лукашызму, які ўяўляе сабою сумесь фашызму і бальшавізму, здобраную махровым папулізмам. Верхавод рэжыму адкрыта заяўляў аб тым, што яго кумірам зьяўляецца Гітлер, а яго партрэты на пэрыядычна праводжаных яго атачэньнем шоў выносяць побач з партрэтамі Сталіна. У Беларусі пад патранажам міністэрства ўнутраных справаў і КГБ створаныя базы па падрыхтоўцы расейскіх фашыстоўскіх баявых атрадаў РНЕ.

Новая праява былых дыктатарскіх рэжымаў у Беларусі не магла расквітнець гэткім буйным цьветам, ад якога цягне трупным смуродам адоленага 55 гадоў таму назад фашызму і пацярпелага катастрофу ў канцы 80-х — пачатку 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя бальшавізму, каб яму не аказалі актыўную падтрымку былыя кіраўнікі кампартыі Беларусі і многія расейскія палітыкі шавіністычнага кшталту, і ў першую чаргу зноў-такі былыя і сёньняшнія кіраўнікі КПРФ, што яшчэ раз сьведчыць аб амаральнасьці і злачыннасьці бальшавізму як экстрэмісцкай палітычнай плыні і бесчалавечнай ідэалёгіі і неабходнасьці публічнага асуджэньня яго міжнародным судом, як гэта было зроблена з фашызмам на Нюрнбэрскім працэсе.

У апошні час у верхавода дыктатарскага рэжыму ў Беларусі, тэрмін прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў якога скончыўся 20 ліпеня 1999 году і супраць рэжыму якога ўзбуджана крымінальная справа і вядзецца сьледзтва, зрабіў новы выпад супраць свайго народу і народаў краін Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы — прапанаваў кіраўнікам Расейскай Фэдэрацыі стварыць на тэрыторыі Беларусі 300-тысячную вайсковую групоўку, што на практыцы азначае, па сутнасьці, заклік да акупацыі рэспублікі замежным войскам і стварэньне ваеннай напругі ў рэгіёне.

Дарагія суайчыньнікі! У якой бы краіне Вы ні жылі, у Беларусі ці за яе межамі, усе мы павінны зразумець тую небясьпеку, якая навісла над нашай Радзімай — небясьпеку страты ёю незалежнасьці і дзяржаўнага сувэрэнітэту. У той жа час мы павінны зразумець і тую простую ісьціну, што лёс Беларусі можа быць вырашаны ўрэшце толькі самімі беларусамі. Нам могуць дапамагчы, але вырашаць нашыя праблемы ніхто за нас ня будзе. Таму я зьвяртаюся да ўсіх Вас, паважаныя беларусы, і заклікаю Вас адкінуць усе дробныя разыходжаньні паміж сабою і аб’яднацца вакол Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь як адзінага легітымнага заканадаўчага і вышэйшага прадстаўнічага, а пасьля 20 ліпеня і адзінага легітымнага дзяржаўнага органу на тэрыторыі Беларусі ў імя сьвятой справы — абароны свабоды і незалежнасьці нашай маці-Беларусі і пазбаўленьня яе ад дыктатуры.

Беларусь павінна быць вольнай і незалежнай дзяржаваю, як аб гэтым было абвешчана Трэцяй Устаўной Граматаю 25 сакавіка 1918 году і як таго патрабуе Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь.

Жыве Беларусь!

 

С.Шарэцкі,
Старшыня Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0