З намі і супраць нас

 

У адчыненае вакно электрычкі хваля за хваляю ўбіваўся густы й прытарны водар чаромхаў. Цёплы скразьняк церушыў валасы. За вакном распасьцёрлася мая краіна, невераемна прыгожая гэтай вясною. Краіна вечнай вясны... Не, гэтак кажуць пра Карэю. А Беларусь — краіна вечнага...

Дастаў газэты, разгарнуў. У «БДГ», на першай паласе артыкул пра суд над Міхаілам Чыгіром. Добры фотаздымак. Спачувальны тон. А пры канцы тэксту нечаканае прызнаньне: «Аснову абвінавачваньня складаюць эпізоды па нявернутых крэдытах і прадстаўленьні палёгкаў. Пра тое, як шырака выкарыстоўвалася ў Беларусі практыка наданьня палёгкаў «сваім» фірмам, — добра ведама. Гэткім чынам любы з прэм’ераў лукашэнкаўскага кабінэту — і Лінг, і Ярмошын — мае шанец апынуцца на лаве падсудных». З гэтага можна зрабіць сама меней дзьве высновы. Па-першае, паводле «БДГ» выглядае, што Чыгір усё ж меў дачыненьне да пратэкцыянізму. Гэта ня самае жахлівае злачынства, але ўсё ж злачынства. Па-другое — калі на лаве ў судзе сядуць Лінг ці Ярмошын, лібэральная прэса й апазыцыя будуць спачуваць і ім. Калі гэта адбудзецца за Лукашэнкам. І не істотна, у чым іх зьвінавацяць... Абы, у рэжыму было больш нялюбых дзяцей.

Лібэралы з дэмакратамі ад душы цешыліся таму, што мадам Віньнікава апынулася ў далёкіх краёх жывой і здаровай. Лавілі прагна кожнае слова былое банкіршы. Зараз, зараз яна ўсё распавядзе... Не распавяла. А што ёй распавядаць? Як тапіла свайго папярэдніка Багданкевіча, як дагаджала Лукашэнку зь Мясьніковічам? За якія сродкі жыве цяпер? Абы жыла... Наагул сэнтымэнтальнасьць стала добрым тонам. Напрыклад, нечакана цёпла праводзіла ўся тая ж незалежная прэса ў адстаўку Сівакова. Сумленны, шчыры, нармальны мужык... Калі заўтра адправяць Ярмошына, то, бадай, і для яго знойдзецца столькі цёплых словаў. Быў працавітым, гаспадарлівым. Прыгадаюць «ягоную» плітку на менскіх вуліцах. Палюбяць і генэрала Тарлецкага. Во як ён па-добраму гаварыў зь Вячоркам пад час вулічных акцыяў, зусім ня так, як Агалец. Кажуць добрыя людзі, што і Ўрал Рамдракавіч у душы «лібэрал, і калі раптам што, дык...»

Я ўжо нічога не разумею. Не разумею, хто ж тады цягне й цягнуў маю Бацькаўшчыну на аркане ў Расею. Хто ратыфікаваў ганебныя рэфэрэндумы, пагадненьні, дамовы й дэкрэты. Хто даваў загады нявечыць дэманстрантаў. Хто трушчыў менскія вуліцы БТРамі. Хто зьневажаў чалавечую годнасьць падлеткаў, жанчын і старых у пастарунках ды турмах. Хто даваў загады адбіраць, драць і таптаць наш Сьцяг. Хто пазбавіў беларусаў элемэнтарных нацыянальных правоў. Не разумею...

І яшчэ... Паводле той жа «БДГ» — яны ўсе такія (Чыгір, Лінг, Ярмошын). Маўляў, час такі. «Усе хабар бяруць», як піша «БДГ» пра арышт Бандарчук, «але ня ўсіх саджаюць».

Уявім сабе Беларусь пасьля Перамогі над лукашызмам. Прэзыдэнтам, скажам, Чыгір. Прэм’ерам — мілы нашым рыначнікам Ярмошын. Замежныя справы — вядома, Краўчанку, сацыял-дэмакрату, эрудыту, гаспадарніку. Дзяржкамдрук — Фядуту. Ёсьць пярэчаньні? Апроч яго нікога не зацьвердзяць. Ён жа свой. Міністар унутраных справаў — шчыры Сівакоў. Нацбанк — за Віньнікавай... Заслужыла. Булахаў застаецца, дзе ёсьць. Вяртаецца Вярхоўны Савет. Ну, каб усе свае. Але ці пра такую Беларусь мараць тыя, хто цяпер харкае крывёй, памашчулены дубінкамі на Шэсьцях і Маршах? Ці за тых змагаюцца? Ці сапраўды прасякнуліся іхнымі прынцыпамі і ідэаламі тыя, каго лібэральная і афіцыёзная прэса падсоўвае ім у незаменныя лідэры?

Адклаў газэту. Веснавы вецер дзьме мацней. Краіна за вакном неверагодная. Краіна вечнага прыстасаванства і куртатай памяці.

Гары Куманецкі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0