спорт

Брава, Андоррра!

Беларускія футбалісты спрычыніліся да першай у гісторыі перамогі зборнай Андоры

Перад ад’ездам футбольнай зборнай на гасьцявую таварыскую сустрэчу ў Андору шмат хто з футбольных спэцыялістаў казаў, што супернікі такога кшталту вельмі слабыя ды гульні зь імі нічога не дадуць нашай камандзе. Зрэшты, некаторыя жартавалі: «Будзем трэніравацца забіваць...»

Матч пачаўся атакамі прафэсіяналаў-беларусаў, якія, аднак, неўзабаве пачалі заціхаць ды губляць вастрыню, разьбіваючыся аб шматэшалёнавую абарону аматараў-андорцаў. У хуткім часе беларусы былі вымушаныя проста катаць мячык па полі, ня маючы магчымасьцяў наблізіцца да брамкі супернікаў. Магло падацца, што Андора стала на абарону нічыёй. Але не, нездарма галоўны трэнэр гаспадароў Давід Радрыга перад гульнёй паведаміў журналістам, што чуе носам перамогу. Зь нюхам у галоўнага entrenador-a андорцаў усё ў парадку. Пасьля пярэрвы гаспадары поля зрабілі ледзь што ня першы наскок на беларускую абарону, якая, не чакаўшы такой дзёрзкасьці, пусьціла пенку. Іначай немагчыма растлумачыць тое, што супэрдасьведчаны Эрык Яхімовіч заваліў у штрафной аднаго з андорскіх студэнтаў ці лістаношаў. Пэнальці — 1:0 на карысьць гаспадароў. Ашалелыя ад радасьці твары тамтэйшых заўзятараў ды апушчаныя ад безвыходнасьці галовы беларусаў. Праз колькі хвілінаў брамнік Шанталосаў памыляецца на роўным месцы, ды мы атрымліваем другі гол... Напрыканцы сустрэчы 500 гледачоў маглі назіраць нешта падобнае да спробаў беларусаў выратаваць гульню, але фінальны сьвісток падараваў усім без вынятку 40 тысячам жыхароў маленькай пірэнэйскай краіны шчасьце, пра якое яны марылі даўно.

Гульня двух зборных у сераду на малюпасенькім стадыёне Андоры-Ла-В’ехі сталася жудасным ударам ніжэй поясу для ўсёй беларускай футбольнай грамадзкасьці. А зборная Андоры, у складзе якой няма ніводнага прафэсійнага футбаліста, атрымала сваю першую ў гісторыі футболу перамогу.

Богусь Біятлянёнак


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0