лісты ў рэдакцыю

 

Не рабеце з гопнікаў высакародных рыцараў

 

Нічыёй 1:1 скончылася гульня нацыянальнага першынства па футболе паміж камандай «Нафтан-Дэвон» і менскім «Дынама». 22 красавіка гэтую гульню прымаў наваполацкі стадыён «Атлянт». Аднак прымяніць звыклы журналісцкі штамп аб «мірным сыходзе» матча язык не павернецца. Прычынай гэтаму сталі занадта актыўныя фанаты «бела-блакітных».

Магчыма, гэткая выснова не стасуецца з артыкулам сп.Біятлянёнка «Адкрыцьцё фанацкага сэзону», надрукаванага ў мінулым нумары «НН». Зь ягонага расповеду вынікае, што фанаты менскага «Дынама» — проста анёлкі, якіх зьбілі злыя наваполацкія гопнікі. Паколькі ўвесь першы тайм той гульні я асабіста знаходзіўся за 5 мэтраў ад трыбунаў з так званай Blue-White Gang, магу шчыра сьцьвярджаць, што шаноўны сп.Спартовы Рэпарцёр «НН» крыху сказіў сапраўдныя падзеі вечара 22 красавіка…

Менчукі адразу паставілі сябе нахабна. І фактычна справакавалі ўсе пасьлягульневыя падзеі. Яны адразу ж далі зразумець, што яны са сталіцы, таму — крутыя, а Наваполацак — гэта калгас. Спачатку на іх проста глядзелі як на купку дзівакоў. Калі ж іхны «прадынамаўскі» рэпэртуар выйшаў, «бела-блакітныя» перайшлі да відавочных абразаў. Навапалачане з трыбунаў не прамаўчалі. Я не зьбіраюся апраўдваць мясцовых мацюкальнікаў. Гэта проста рэпліка да пытаньня аб пачатку канфлікту…

Што наконт бруднай лаянкі, дык я, сядзеўшы побач зь менскімі фанамі зь дзяўчынай, мусіў перасесьці, бо нелітаратурныя выразы зь іхнага боку немагчыма было слухаць нават напрактыкаванаму вуху наваполацкіх грузчыкаў, ня тое што гуманітарам. Таму выстаўляць гэтых гіцляў ледзьве не нацыянальнымі героямі Беларусі — проста сьмешна. Бач ты, надавалі тумакоў «маскалёнку»!

Сп.Біятлянёнак кпліва адзначае, што на стадыёне ў Наваполацку «глушаць пад час гульні моцныя напоі», а міліцыянты за гэта не караюць. Аднак забываецца, што не пакаралі й сталічных фанатаў за дымавыя шашкі й пэтарды, якія яны кідалі на бегавыя дарожкі.

Фразу аб сутыкненьні паміж «менскімі фанатамі й мясцовай гапатой» я б падаў крыху іначай: сутыкненьні паміж менскай і мясцовай гапатой. Абое рабое. Не хачу прыпадабняцца аўтару папярэдняга артыкулу й казаць пра ўсіх фанатаў агулам. Не хачу падзяляць удзельнікаў тых бойкаў, як сп.Біятлянёнак: свае — добрыя й высокародныя, чужыя — адмарожаныя дэбілы. З абодвух бакоў біліся ГОПНІКІ.

Увесь інцыдэнт пасьля гульні цалкам быў зьняты на відэастужку апэратарам мясцовай тэлекампаніі «Вэктар» Аляксандрам Муждабаевым. Вынікі разборак сапраўды былі ня дужа вясёлыя. Каля 20 фанатаў «Дынама» былі затрыманыя й дастаўленыя ў міліцыю, дзе на іх склалі адміністрацыйныя пратаколы за дробнае хуліганства. Большасьць зь іх — непаўнагадовыя. У бойцы найбольш дасталося менчукам. Але ў міліцэйскім аддзеле паведамілі, што ніхто зь мясцовых «байцоў» затрыманы ня быў.

Цікавы факт: некаторых зь менскіх фанатаў зьбівалі… менскія ж хлопцы. А, абы пабіцца…

Андрэй Аляксандраў, Наваполацак


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0