Чэмпіянат па фартэпіяна

 

Дзiўнае было ў мяне пачуцьцё: мазахiсцкая асалода ад нейкай неўсьвядомленай паразы, але адначасова — трыюмф перамогi. Тлумы ў залi, падвойны кантроль бiлетаў, авацыi, сьлёзы, кветкi, безьлiч бутэлек ад «Дарыды», якою сябры журы спатольвалi сваю прагу вялiкiх эмоцыяў… Такiм застанецца ў маёй памяцi Мiжнародны конкурс пiянiстаў «Менск-2000».

Усё было нібыта дасканала. Адкуль жа ў мяне гэты горкі прысмак расчараваньня?

«Менск-2000» нарадзiўся не на пустым месцы. Спачатку быў Першы мiжнародны конкурс «Фартэпiяна. Менск-1996». Гэта была сэнсацыя. Тады мы ледзь не ўпершыню ўбачылi сябе зьдзiўленымi вачыма нашых гасьцей, якiя зусiм не чакалi знайсьцi тут музычнае Эльдарада.

Мы так спадабалiся самi сабе, што стварылi з гэтага конкурсу прыгожую легенду i чакалi, што яна паўторыцца ў рэчаiснасьцi. Мы глядзелi на тыя падзеi праз ружовыя акуляры, i глядзелi так доўга, што нават суцэльна чорныя прадметы ператварылiся ў прыемна-бардовыя. Не заўважалi, што той конкурс не адкрыў анiводнай яскравай iндывiдуальнасьцi: адзiнай ягонай сапраўднай падзеяй быў 29-гадовы Андрэй Сiкорскi, якi стаўся ляўрэатам першай прэмii яшчэ да пачатку жараб’ёўкi. Заплюшчвалі вочы на тое, што адзiн з тагачасных пераможцаў — прасьцецкi, хаця i таленавiты хлапец, заўсёды крышачку «пад шафэ» — зусiм не надаецца на артыста. Аматары музыкі памятаюць: у антракце памiж праслухоўваньнямi ў яго стралялi з газавага пiсталету; цяпер ён гандлюе на базары.

Дый увогуле, калi захоўваць цьвярозасьць, дык становiцца цалкам вiдавочна, што «крымiналу» — у сэнсе музычнага прафэсiяналiзму — на сёлетнiм конкурсе было значна менш, чым тры з паловаю гады таму.

Хаця не абышлося без курьёзаў. Адна маладая дама, якая цяпер жыве ў Нямеччыне, прыехала на конкурс, мабыць, толькi дзеля таго, каб зьдзiвiць былых аднаклясьнiкаў моднымi сукенкамi. Спачатку яна зьявiлася на сцэне ў чымсьцi блакiтна-дымчата-шэрым, празрыстым i са шлейфам; потым — у чорным i зноў празрыстым. Напэўна, у яе былi падрыхтаваныя сукенкi i для фiналу, i для заключнага канцэрту, але журы не захацела болей слухаць, як яна старанна закалочвае пальцамi клявiшы. Журы разьмеркавала па-свойму, i ў фiнал трапiлi дзяўчаты, у якiх няма нiводнай сукенкi, і яны выступалi ў пляжных майках i старых абшарпаных споднях.

Адзiн выкладчык музычнай школы з райцэнтру вельмi бязладна сыграў славутае бэтховэнскае ронда «Злосьць з нагоды згубленага гроша», пакланiўся i пайшоў са сцэны. У залi павiсла цiша. Цi мо чалавек нарэшце зразумеў, якi зь яго пiянiст, i пабег на электрычку? Паводле конкурснай праграмы, ён мусiў сыграць яшчэ два эцюды i абавязковую п’есу беларускага кампазытара. Здавалася, на нашых вачах разгортваецца трагедыя. Чаканьне доўжылася тры хвiлiны. Потым за кулiсы адправiўся адказны сакратар журы. А яшчэ празь нейкi час аднекуль зьявiўся мужык у рабочым адзеньнi, адсунуў у глыбiню сцэны навюткi «Стэйнвэй», на якiм iграла пераважная большасьць удзельнiкаў конкурсу, i прыкацiў раяль для вэтэранаў — разношаны, як хатнiя пантофлi. Ах, вось у чым справа! Пiянiсту не падабаўся раяль! Народ ажывiўся i стаў чакаць эцюдаў. I тут з-за кулiсаў — спакойны i сам зь сябе задаволены — зьявiўся вiноўнiк усёй гэтай мiтусьнi, усьмiхнуўся ў бок публiкi i зноў зайграў сваю бязладную «Злосьць», тым разам яшчэ горш, чым напачатку.

Вы запытаецеся, як такое ўвогуле магло здарыцца? Тым болей, што небарака з гэткiм самым посьпехам удзельнiчаў i ў мiнулым конкурсе. Адзiным выратаваньнем супраць такiх выпадкаў можа быць сыстэма папярэдняга адбору — цi празь вiдэакасэты, цi праз рэкамэндацыйныя лiсты буйных музыкантаў — як гэта робiцца на салiдных музычных спаборнiцтвах.

Але, каб рабiць адбор, трэба мець, з каго выбiраць. Мiж тым, сёлета ў аргкамiтэт паступiла ўсяго толькi 85 заяваў, а рэальных удзельнiкаў было 42 — у два разы менш, чым на мiнулым конкурсе! Проста цуд, што ў гэткiх абставiнах I тур праходзiў даволi гладка: нават найнуднейшыя выступленьнi канкурсантаў болей цi меней адпавядалi строгiм акадэмiчным крытэрам. Зрэшты, больш за палову сёлетнiх удзельнiкаў загадзя ўзброiлiся якiм-любя ляўрэацкiм тытулам — хай нават зь мiжнароднага конкурсу ў вёсцы Нью-Аўсюкi. У мiнулы раз такiх людзей было меней за трэць. Вiдавочны прагрэс!

«А калi прагрэс, дык чаму акурат палова цяперашнiх фiналiстаў у мiнулым конкурсе ня трапiлi нават на другi тур?» — зьедлiва дапытваюцца скептыкi. Але што ж тут дзiўнага? Моладзь з часам сталее, набывае рэпутацыю… I вось вам яскравы прыклад. Сёлетнi выпускнiк Акадэмii Музыкi Канстанцiн Красьнiцкi яшчэ ня так даўно лiчыўся звычайным чацьверачнiкам, i ледзь ня ўся Акадэмiя пацяшалася зь ягоных конкурсных амбiцыяў. I раптам ён здабыў галоўны прыз — ня дзесьцi там у Аўсюках, а на Першым Мiжнародным конкурсе Эўрапейскай асацыяцыi пэдагогаў фартэпiяна ў Загрэбе. Цягам некалькiх месяцаў навасьпечаны ляўрэят пасьпеў пабываць на гастролях ў Нарвэгii, Данii, Нямеччыне, Турцыi… Вось i сталася, што аўтарытэтныя кансэрваторскiя выкладчыкi, якiя раней запалiста адмаўлялi Красьнiцкаму ў таленце, цяпер зь ня меншым энтузiязмам прадракалi яму першую прэмiю — ужо дома.

Пэдагогi зноў памылiлiся: Красьнiцкаму прыйшлося задаволiцца дыплёмам. Мiж тым, сапраўдны пераможца быў у iх лiтаральна пад носам. У самым простым сэнсе гэтага слова, бо iм аказаўся 16-гадовы хлапец — вучань X клясы Рэспублiканскага комплексу гiмназія-коледж пры Беларускай Акадэмii Музыкi, такi малы, што ледзь дасягаў старшынi журы да падбародзьдзя. У II туры, калi Аляксандар Музыкантаў зайграў Шостую санату Пракоф’ева — адзiн з найцяжэйшых твораў у сусьветнай фартэпiяннай лiтаратуры — і пракоф’еўскiя дысанансы дзiўным чынам ператварылiся ў гармонiю, да яго сталі прыслухоўвацца. І было відочна — у гэтым хлапцы жыве дух музыкі.

А на пачатку III туру ягоная перавага акрэсьлілася найбольш выразна.

Тутака варта патлумачыць, што ў сёлетнім конкурсе было два фiналы. Спачатку трэ было сыграць з камэрным аркестрам канцэрт Моцарта, i гэта сталася для фіналістаў цяжкiм выпрабаваньнем. Тут не схаваесься за псэўдавiртуознымi прыёмамi, дэкаратыўным ускiдваньнем рук i штучнай тэмпэрамэнтнасьцю. І цяпер усе зь нецярплівасьцю чакалі апошняга этапу — выкананьня канцэрту з сымфанічным аркестрам. І тутака шанцы Музыкантава здаваліся не найлепшымі.

Рэч у тым, што на ўсiм абсягу былой маскоўскай музычнай iмпэрыi iснуе непiсанае правiла: той, хто хоча здабыць галоўны прыз, мусiць iграць Першы канцэрт Чайкоўскага; той, хто гатоў задаволiцца другой цi трэцяй прэмiяй, павiнен спынiць свой выбар на Пракоф’еве цi Рахманiнаве; а ўсе астатнiя могуць выбiраць канцэрт паводле свайго густу i магчымасьцяў. З гэтай нагоды нам прыйшлося двойчы запар праслухаць рахманiнаўскую «Рапсодыю на тэму Паганiнi», а потым два разы — канцэрт Чайкоўскага. На гэтым фоне Музыкантаў са сваiм Трэцім канцэртам Бэтховэна глядзеўся вельмi сьцiплым прэтэндэнтам. Але зноў ён апынуўся найспрытнейшы. Законны вынік: ён і атрымаў першую прэмiю. Другую аддалі Iне Салдаценцы з Украiны (канцэрт Чайкоўскага), трэцюю — Заруi Амбарцумян з Расеi (Чацьверты канцэрт Бэтховэна). Гэткiм чынам, традыцыю парушылi, але раскладка атрымалася палiтычна карэктнай: усiм братнiм рэспублiкам-сёстрам па завушнiцы, з тым маленькiм удакладненьнем, што Заруi Амбарцумян прадстаўляла ня толькi Расею, але і Арменiю.

Цi было гэткае рашэньне справядлiвым? Асабіста я, слухаючы сёлетнiх пераможцаў, адчувала да iх пашану. Вiдавочна, што цяпер ня толькi ў Маскве i Пецярбургу, але i ў iншых кутках усходняй славяншчыны навучылiся iграць хутка i гучна, зь мiнiмальнай колькасьцю фальшывых нотаў.

Вось ляўрэатка другой прэмii Iна Салдаценка: нiзенькая i кругленькая, як кiтаянка, з тварам прыроджанай выдатнiцы i з драбнюткiмi спрытнымi пальчыкамi, якiмi яна вельмi хуценька прабягала па клявiятуры, а часам умудралася выдаваць даволi гучныя акорды. Мэханістычна, але даволі эфэктна.

Цi ляўрэатка трэцяй прэмii Заруi Амбарцумян — тая самая дзяўчына, у якой пад час выкананьня лопнула струна: пра гэты выпадак у Менску хадзiла пагалоска. Дарэчы, яшчэ больш драматычнае здарэньне адбылося пад час выступленьня беларускага канкурсанта Расьцiслава Крымера: проста над сцэнай гучна выбухнула перагрэтая лямпа, i аскепкi яе пасыпалiся ва ўсе бакi — ледзь не на раяль. Але малады пiянiст, здаецца, гэтага нават i не заўважыў: ён спакойна працягваў iграць. Калi такая ж гiсторыя здарылася з Рыхтэрам, публiка шалела ад захапленьня; усе былi зачараваныя ягонай «магiчнай» засяроджанасьцю. А цяпер гэтага эпiзоду нiхто не заўважыў. Так што можна лiчыць, што гераiзм на гэтым конкурсе быў звычайнаю зьяваю.

Але Заруi Амбарцумян выбiвалася за абсягi гэтай звычайнасьцi. Ужо пасьля заканчэньня конкурсу я спазнала нешта накшталт шоку, даведаўшыся, што ў гэтай мiлай, далiкатнай дзяўчыны няма фалангi бязыменнага пальца на правай руцэ. Цi гэта сьлед цяжкiх жыцьцёвых выпрабаваньняў — жаху армянскiх пагромаў, галечы, выгнаньня? Не запытаесься. Так цi iначай, але я зразумела, чаму Заруi заўжды iграе так цiха і далiкатна — праз боль. У параўнаньнi зь iншымi канкурсантамi, у ейнай iгры было менш за ўсё бурлiвых эмоцыяў. Сталы музыка, занадта «iнтымны», каб добра iграць з аркестрам. Часам яна забывала тэкст, блыталася ў пасажах — найчысьцейшы антыпод таго стылю iгры, якi лiчыцца выйгрышным на конкурсах. I ўсё ж Заруi стала адной зь пераможцаў. Брава, журы!

Шкада толькi, што ў фiнальны тур ня быў дапушчаны такi сур’ёзны музыкант, як Аляксандар Баравiкоў, вучань XII клясы Рэспублiканскага комплексу гiмназія-коледж пры Акадэмii музыкi. Здаецца, што, побач з Музыкантавым, гэта яшчэ адно вялiзнае адкрыцьцё конкурсу «Менск-2000».

Але рашэньнi журы трэба паважаць — тым больш такога журы, якое было ў нас сёлета: з такімі аўтарытэтнымі iмпартнымі знакамiтасьцямі, як Ары Варды i Дэнiэл Полак. З гэткiм журы можна згаджацца цi не згаджацца; але, мяркуючы хаця б па тым, што анiводзін з пачэсных судзьдзяў ня здолеў (ці не захацеў) працягнуць сваiх вучняў у фiнал, усе яны працавалi надта сумленна. Здаецца, у нашых Палясьцiнах мы яшчэ такога ня бачылi!

Што ж датычыць знакамiтасьцяў, дык Дэнiэл Полак нават зайграў для нашай публiкi цэлы канцэрт з шапэнаўскiх твораў. Гэта было ў дзень адкрыцьця конкурсу; а першае, незабыўнае выступленьне Полака ў Менску адбылася ў 1958 годзе, неўзабаве пасьля ягонага посьпеху на Першым мiжнародным конкурсе iмя Чайкоўскага ў Маскве. Праўду кажучы, героем таго легендарнага музычнага спаборнiцтва быў Ван Клiбэрн; Полак, агульным меркаваньнем, цэлiў на другую прэмiю; але немагчыма нават уявiць, каб у тую эпоху два першыя месцы занялi амэрыканцы. Сёлета — праз 42 гады — ён iзноў у Менску, і зноў з жонкаю, якая ў свой час адмовiлася ад уласнай кар’еры пiянiсткi выключна дзеля таго, каб ён мог спакойна займацца творчасьцю.

Але цяпер для прыезду ў Менск у яго была й асабiстая нагода. Акурат у днi конкурсу споўнiлася 100 гадоў з дня нараджэньня ягонага бацькi, Гiрша Папалака, якi калiсьцi жыў у Пiнску, але зьехаў за акіян, спадзеючыся лепшага жыцьця. У памяць па бацьку Дэнiэл Полак зайграў шапэнаўскую санату з славутым пахавальным маршам. Ён iграў генiяльна; ён асыпваў публiку асьляпляльнымi бiсамi — як пазьней адорваў канвэртамi з грашыма ўсiх, хто яму падабаўся, — i перш за ўсё маленькага пераможцу. Гэта быў фэервэрк. А калi ўжо казаць пра грошы, дык Полак зь ягоным прыроджаным артыстызмам здолеў зрабiць генiяльную рэч: адарыць i ўзвысiць Пэдагога, Зою Качарскую, якая выхавала талент Аляксандра Музыкантава; а празь яе — i ўсiх iншых нашых выкладчыкаў.

А вось Ары Варды застаўся для ўсiх загадкаю. Гэты рафiнаваны iзраiльцянiн — сусьветна вядомы пiянiст, прафэсар некалькiх музычных акадэмiяў i сябра самых аўтарытэтных конкурсных журы, спадзяваўся адшукаць у Слонiме магiлы сваiх продкаў, але ўсе пошукi былi дарэмнымi (Полаку пашанцавала больш: ён знайшоў ня толькi магiлу дзеда, але, здаецца, i дом, у якiм жыла сям’я). Усе — i асаблiва студэнты — страшэнна шкадавалi, што Варды не выступае з канцэртам; але ён нават анi разу не выказаўся публiчна!

А цяпер ён зьехаў, i зьехалi ўсе тыя, з кiм карцела паразмаўляць, але было нельга — конкурс! I мы засталiся сам-насам з нашым трыюмфам i нашай непазбыўнаю горыччу, бо трыюмф нашае фартэпiяннае школы адбываўся нібы ў суцэльнай пустэчы. Гасьцёў з па-за межаў былога СССР сярод удзельнiкаў было толькі два чалавекi; нават нашыя суседзi — палякi, лiтоўцы i латышы — сёлета не прыехалi, хаця iнфармацыя пра конкурс была дасланая ў 153 краiны сьвету. Нам кажуць, што многiя спалохалiся занадта цяжкай конкурснай праграмы. Але чаму спалохалiся менавiта ў Варшаве i Гамбурзе, а не ў Маскве? Цi не таму, што людзi ў Эўропе глядзяць тэлевiзар i бачаць, як на нашых вулiцах мiлiцыя зьбiвае дэманстрантаў?

Была ў нас яшчэ адна надзея: нам абяцалi, што неўзабаве наш конкурс стане ўдзельнiкам прэстыжнай i ўплывовай арганiзацыi ў складзе ЮНЭСКА — Сусьветнай фэдэрацыi мiжнародных музычных конкурсаў. Гэткiм чынам, нашае музычнае сьвята набыло б зусiм iншы статус — у адным шэрагу з конкурсам iмя Шапэна ў Варшаве цi Чайкоўскага ў Маскве. На конкурсных праслухоўваньнях “Менск-1996” нават прысутнiчаў незалежны назiральнiк ад СФММК сп.Алiнк зь Нідэрляндаў, i ён быў вельмi задаволены вынiкамі сваёй мiсіi. Сёлета пра ўступленьне ў фэдэрацыю ўжо не было гаворкi. Няўжо мы назаўжды асуджаныя трываць на другiх ролях у постсавецкiм запаведнiку?

Гэты конкурс яскрава паказаў: мы годныя лепшага.

Юлiя Андрэева


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0