БУДНІ САВЕЦКІХ ГЕРОЯЎ

Гісторыя Данукалава

 

Пэўны час таму «Наша Ніва» паведаміла пра сьмерць Васіля Струпаўца, апошняга сьведкі зьверстваў савецкіх партызанаў у вёсцы Якімавічы Слонімскага раёну. «Аднак ні пры савецкай уладзе, ні пры сёньняшнім рэжыме Струпавец так і не дамогся суду над злачынцамі», — адзначыў з гэтай нагоды Сяргей Ёрш («НН», 28.02.2000). І сапраўды, судовыя працэсы супраць савецкіх катаў, накшталт працэсу Васіля Конанава ў Латвіі, уявіць у сёньняшняй Беларусі немагчыма. Пры гэтым трэба абавязкова падкрэсьліць адну вельмі важную рэч: пасьля заканчэньня другое сусьветнае вайны прайшло ўжо 55 гадоў, а ў нашай краіне так і не запанаваў рэалістычны погляд на падзеі 1941—44 г., гэтага самага крывавага пэрыяду ў нашай найноўшай гісторыі. А без панаваньня ў грамадзтве гэткага погляду юрыдычны перасьлед ваенных злачынцаў ніколі ня будзе падтрыманы ні большасьцяй насельніцтва, ні кіраўнічай элітаю, і таму застанецца маларэальным нават пасьля зьмены палітычнага рэжыму.

 

У справе ж дэміталягізацыі грамадзкіх уяўленьняў першаступенную значнасьць маюць, на маю думку, публікацыі дакумэнтальных крыніцаў з гісторыі савецкае партызанкі на тэрыторыі Беларусі. Менавіта такія крыніцы даюць чытачу найбольш аб’ектывізаваную інфармацыю пра тагачасныя падзеі. У нашых архівах гэткіх дакумэнтаў захавалася нямала, таму ўвядзеньне іх у навуковы ды грамадзкі ўжытак – гэта толькі справа сумленьня гісторыкаў і архівістаў, якія добра ведаюць і іхнае месцазнаходжаньне, і іхны зьмест. А там, трэба спадзявацца, надыдуць і такія часы, калі будуць гэтыя крыніцы фігураваць і ў нашых судах у якасьці доказавых матэрыялаў абвінавачаньня. Бо ж, як вядома, на ваенныя злачынствы тэрмін даўнасьці не распаўсюджваецца…

За гэтым, прапаную ўвазе шаноўных чытачоў «НН» дакумэнты, у якіх адлюстраваліся геройствы на тэрыторыі Ўсходняе Віцебшчыны партызанскае брыгады «Аляксея» – аднаго з найбольш шанаваных пэрсанажаў у пантэоне савецка-партызанскае міталёгіі, ураджэнца Саратаўскае губэрні, Героя Савецкага Саюзу Аляксея Данукалава. Дакумэнты гэтыя захоўваюцца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь (далей – НАРБ) у фондзе Цэнтральнага камітэту Камуністычнае партыі Беларусі. Друкуюцца ўпершыню, зь невялікімі скаротамі ды з захаваньнем стылёвых асаблівасьцяў арыгіналаў.

 

Замест пралёгу

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА ІМЯ ДАНУКАЛАВА. Да траўня 1944 называлася брыгадай «Аляксея». Дзейнічала на акупаванай тэрыторыі Касплянскага р-ну Смаленскае вобл., Лёзьненскага, Сураскага, Віцебскага, Аршанскага, Багушэўскага, Бешанковіцкага, Чашніцкага, Ушацкага, Пліскага раёнаў БССР. Створаная ў красавіку 1942. Камандзіры брыгады А.Ф.Данукалаў (загінуў), В.А.Блахін; камісары Т.В.Паўлоўскі (загінуў), А.Ц.Шчарбакоў, І.І.Старавойтаў; начальнікі штабу А.С.Гайдукоў, Я.М.Антоненка, Ф.І.Пласкуноў, І.П.Піменаў.

Партызаны праводзілі дывэрсіі на варожых камунікацыях, у тым ліку на чыгунках Віцебск – Ворша, Віцебск – Смаленск, Полацак – Маладэчна. У ліпені – лістападзе 1942 разграмілі варожыя гарнізоны ў в. Шапурава, Будзянка, Ляшчова Сураскага, Стасава Лёзьненскага р-наў. У сьнежні 1942 – лютым 1943 удзельнічалі ў баях з карнікамі, разграмілі гарнізоны ў в. Жабенцяі, Мельны, Баліна, Мішуткі Сураскага р-ну. У кастрычніку 1943 удзельнічалі ў баях супраць карнае апэрацыі каля в. Рубеж, Вадапоева, Вуглы Бешанковіцкага р-ну, тройчы нападалі на варожы гарнізон у в. Бачэйкава, удзельнічалі ў Лепельскай апэрацыі 1943. У красавіку – траўні 1944 у Полацка-Лепельскай партызанскай зоне брыгада вяла баі з карнікамі. У «рэйкавай вайне» на чыгуначных участках Падсьвільле – Крулёўшчына, Замасточча – Лычкоўскага, Сасноўка – Замасточча падарвала больш за 2,9 тыс. рэек.

1.7.1944 брыгада злучылася з Чырвонай Арміяй. Брыгада ўвекавечаная ў мэмарыяльным комплексе «Прарыў» у ліку 16 партызанскіх брыгадаў. У 1976 у гонар брыгады ўсталяваныя мэмарыяльныя дошкі на чыг. ст. Выдрэя Лёзьненскага р-ну, у 1976 у в. Рабава Віцебскага р-ну, у 1976 у в. Вял. Дольцы Ушацкага р-ну. У 1979 на будынку мэмарыяльнага музэю А.Ф.Данукалава ў в. Кавалі Лёзьненскага р-ну ўсталяваная мэмарыяльная дошка, у 1977 у в. Пагосьцішча Лёзьненскага р-ну пастаўленая стэла.

 

Паводле энцыкляпэдыі «Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне», Менск, 1990, с.430.

 

Дакумэнт 1

 

САКРАТАРУ ЦК КП-б-Б
тав. ЭЙДЗІНАВУ
Копія сакратару Віцебскага Абкаму КП-б-Б
тов. ПАЗДНЯКОВУ

Ад старшыні Сураскага райсавету тав. МІКАНЕНКІ,
інструктара Сураскага РК КП-б-Б т. ШЭРАКОВА.

 

Па даручэньні Сураскага РК КП-б-Б выбылі ў в. Саснаватка дзеля праверкі зьверскага вынішчэньня сям’і ДЗЕМІДЗЕНКАВАЙ Праскоўі.

 

ДАКЛАДНАЯ ЗАПІСКА

Правераны факт барбарскага вынішчэньня сям’і ДЗЕМІДЗЕНКАВАЙ Праскоўі й трох дзяцей у в. Саснаватка Астроўскага сельскага савету ў месцы дыслякацыі партызанскага атраду БАРЫСАВА брыгады АЛЯКСЕЯ.

Праверкай высьветлена, што 12-ІІ-43 году да грамадзянкі ДЗЕМІДЗЕНКАВАЙ прыбылі тры партызаны з атраду БАРЫСА [sic!], якія, як паказвае грамадзянка ЦЮПЛЕКАВА Ефрасіньня, пачалі браць у яе сена. Апошняя адмовілася яго аддаць, пасьля чаго была арыштаваная. Пратрымаўшы 2 сутак пад арыштам, яе прывялі дахаты, з трыма малымі дзецьмі расстралялі ў кустах і кінулі незарытымі.

Грамадзянка ДЗЕМІДЗЕНКАВА была сястрою паліцыянта. Аднак, мы лічым зусім няправільным, што сама ДЗЕМІДЗЕНКАВА зь ейнымі малымі дзецьмі расстраляная на вачах насельніцтва, і трупы кінутыя ў полі.

Гэткія факты дзеяньняў з боку партызанаў брыгады АЛЯКСЕЯ не адзінкавыя. 8-ІІ-43 г. камандзір атраду БЛАХІН і ягоны намесьнік РАХАНАЎ уначы абрабавалі грамадзянку МЕХАВУ Пелагею ў в. Будзіслава Курынскага сельскага савету, у якой забралі ўсю хатнюю маёмасьць і хлеб, нягледзячы на тое, што тры сыны апошняй знаходзяцца ў РСЧА, а чацьверты – у партызанскім атрадзе ГУРКО.

Аб такіх фактах няправільнага дзеяньня намі ставілася пытаньне перад камандзірам брыгады АЛЯКСЕЕМ, але ніякія меры прынятыя не былі, наадварот, марадзёрства з боку вышэйпазначанае брыгады павялічваецца.

Да дакладной далучаем дакумэнты аб некаторых дзеяньнях партызанаў гэтае брыгады.

Старшыня Сураскага райсавету МІКАНЕНКА
інструктар Сураскага райкаму партыі ШЭРАКОЎ

 

Машынапіс, арыгінал. НАРБ, ф.4, в.25, спр.2145, арк.1.

 

Дакумэнт 2

НАЧАЛЬНІКУ АПЭРГРУПЫ ПРАДСТАЎНІКА
ЦЭНТРАЛЬНАГА ШТАБУ ПАРТЫЗАНСКАГА РУХУ
ПРЫ ВАЕННАЙ РАДЗЕ 4-Е ЎДАРНАЕ АРМІІ
МАЁРУ Тав. ВОЗЧЫКАВУ

 

ДАНЯСЕНЬНЕ

Гэтым даношу пра тое, што пад час знаходжаньня сярод партызанскіх брыгадаў Сакалова й «Аляксея» з 12-га лютага па 7-га сакавіка 1943 г. высьветліў наступнае: «Аляксей», як камандзір брыгады, замест таго, каб выхоўваць падначаленых у духу барацьбы з праціўнікам, расклаў брыгаду. Ягоныя людзі займаюцца марадзёрствам сярод мірнага насельніцтва. Заходзяць у хату і забіраюць ня толькі жывёлу й прадукты харчаваньня, але й разьбіваюць куфры, забіраюць адзеньне, грамадзянаў, якія супраціўляюцца, б’юць прыкладам. Я быў у «Аляксея» на нарадзе каманднага складу ягонае брыгады і ўбачыў наступную карціну: пасярод шалашу пасланы дыван, на дыване – падушка, і на падушцы – «Аляксей», якога падначаленыя завуць «БАЦЯ».

Нават супраціву праціўніку пры наступе ня твораць. Гэткі прыклад: 26-га лютага «Аляксей» пераходзіў з брыгадаю ў 700 чалавек бальшак Сураж-Віцебскі, і дастаткова было 3-х стрэлаў патрулёў праціўніка, як брыгада ў паніцы пабегла, кідаючы коняў. Я запытаўся, чаму ён ня творыць арганізаванага супраціву, і апошні адказаў: «Я маю загад у бой з праціўнікам не ўваходзіць, а пазьбягаць яго дзеля захаваньня жывое сілы». Гэтым ён дэманструе сваю няздольнасьць і выхоўвае боязь у падначаленых, а праціўнік нахабствуе й сьмяецца, разганяючы партызанаў малымі сіламі.

Лічу дзеяньні партызанаў у адносінах да мірнага насельніцтва недапушчальнымі, бо гэткія дзеяньні ўзьнімаюць насельніцтва супраць партызанаў. Паліцыянтам немцы забараняюць займацца марадзёрствам сярод насельніцтва і гэтым самым вядуць агітацыю сярод насельніцтва, завучы партызанаў бандытамі.

Прашу прыняць адпаведныя захады.

старшы лейтэнант
(ЦЬВЯТКОЎ)
10 сакавіка 1943 г.

Машынапіс, незавераная копія. НАРБ, ф.4, в.25, спр.2145, арк.13-14.

 

Дакумэнт 3

Копія

ТЛУМАЧАЛЬНАЯ ЗАПІСКА

Я, САМАЛЁТАЎ Трафім Васілевіч, 1906 г. нараджэньня, пра брыгаду АЛЯКСЕЯ ведаю наступнае:

У 1942 г. 24 лютага мы разам з АЛЯКСЕЕМ прыбылі з партызанскім атрадам у Беларусь, дзе на загаду Смаленскага «Баці» мусілі аб’яднаць усе партызанскія атрады.

Наш атрад, які прыбыў у в. МАРТЫНАВА Марчанскага сельскага савету, складаўся з 80 чалавек, камандзірам атраду быў ЛАДЫГІН, камісарам атраду быў я.

Аляксей у той час, калі атрад вёў баявыя дзеяньні, у апэрацыях ня ўдзельнічаў, знаходзіўся амаль увесь час у штабе й меў сужыцьцё зь лекаркай атраду Тоняй, прозьвішча якой я ня ведаю. Калі наш атрад узрос да 300 чалавек, Аляксей падзяліў яго на два атрады, у адным атрадзе пакінуў старога камандзіра тав. ЛАДЫГІНА, у другім атрадзе пакінуў мяне камісарам атраду й даў мне новага камандзіра.

Брыгада Аляксея таксама займалася марадзёрствам.

У ліпені месяцы 1942 г. у раёне в. Уласава й Рабцава [Рабава] нямецкае камандаваньне павяло наступ на наш гарнізон, і пасьля ўварваньня ў в. УЛАСАВА немцы частку насельніцтва ўзялі з сабою. У гэты час камандзірам атраду ГЛАДКОЎСКІМ былі адрытыя 2 ямы рэчаў, якія належалі грамадзянам. Мною, як камісарам атраду, было дадзенае распараджэньне ўсе рэчы здаць Марчанскаму сельскаму савету, але камандзір атраду АНТОНАЎ усе рэчы падзяліў паміж сабою й камандзірамі. Тады я пачаў яму казаць, што справа дойдзе да скандалу, і за марадзёрства нас з табою аддадуць пад суд, але ён у п’яным выглядзе кінуўся на мяне з наганам ды мяне ледзь не застрэліў, што можа пацьвердзіць старшыня Марчанскага сельскага савету, а таксама й сакратар. У гэты час Аляксея не было, ён быў у Маскве, але калі Аляксей прыехаў у брыгаду, і я напісаў аб усім рапарт, дык ён у п’яным выглядзе сказаў: «Калі было дадзенае распараджэньне камандзірам атраду, дык адмяняць яго ніхто ня мае права».

Прыехаўшы з Масквы, Аляксей прывёз сабе яшчэ жонку [Вольгу]. Брыгада ў гэты час стаяла ў в. КУРЭНЫ [Курына]. Ён напіўся п’яным і пайшоў начаваць да былой сваёй жонкі Тоні, а Вольга засталася сама. Яна ўзброілася «Маўзэрам» і пайшла шукаць Аляксея, але дзякуючы таму, што каля кватэры Аляксея стаялі 2 чалавекі вартавых, яе ў кватэру не пусьцілі. Пасьля гэтага Аляксей пабачыў, што справы кепскія, што жыць зь дзьвюма жонкамі немагчыма, і ён пачаў угаворваць Тоню, каб яна ехала ў савецкі тыл на працу, выпісаў ёй добры дакумэнт, і яна паехала.

Аднойчы п’яны Аляксей прыехаў у атрад АХМЕДЧЫКА, расшукаў самога камандзіра, які быў паранены й ляжаў на койцы, і пачаў пытацца гарэлкі. АХМЕДЧЫК сказаў, што няма, тады Аляксей узяў «ППШ» і даў па ім чаргу, але па прычыне ягонага п’янога стану чарга была дадзеная трохі вышэй... На банкеце ў атрадзе Качубея, Аляксей напіўся вельмі п’яным, разьбіў патэфон гаспадара, страляў з «Маўзэра» ў кватэры, шмат каму з хлопцаў пабіў твары. Быў выпадак, калі Аляксей у п’яным выглядзе, падчас майго дзяжурства ў штабе брыгады паставіў мяне да пуні й з «Маўзэра» стрэліў 10 разоў над самаю галавою...

 

Да гэтага – САМАЛЁТАЎ.

копія дакладная

Надрукавана ў 3-х асобніках.

29 сакавіка 1943 г.

 

Машынапіс, копія. НАРБ, ф.4, в.25, спр.2145, арк.4-5.

 

Дакумэнт 4

Віцебскаму Абкаму КП(б)Б

Дакладная

Па пытаньню аб працы партызанскае брыгады Аляксея мне, як камісару партызанскага атраду Іванову Ф.М., вядома наступнае:

Брыгадаю пад час ейнага знаходжаньня на тэрыторыі Лёзьненскага й Сураскага раёнаў праведзеная вялікая палітычная й арганізацыйная праца па ўздыму акупаванага насельніцтва на партызанскую барацьбу зь гітлераўскімі вылюдкамі. Аб гэтым сьведчыць факт, што зь невялікага атраду вырасла вялікая брыгада. Шмат стратаў панесьлі акупанты жывою сілаю й тэхнікаю ад рукі партызанаў гэтае брыгады. Вялікую дапамогу ў справе выгнаньня нямецкіх акупантаў з нашай зямлі зрабілі партызаны Чырвонай Арміі й праз шэраг іншых мерапрыемстваў, пра якія, я лічу, вядома абласному камітэту партыі, і я на іх спыняцца ня буду. Толькі адзначу, што ва ўсім гэтым вялікая заслуга каманднага й палітычнага складу атрадаў брыгады, камандаваньня брыгады й асабіста тав. Аляксея (Данукалава).

Аднак, брыгада ў сваёй працы не пазбаўленая й недахопаў, пралікаў і памылак. Гэткія мне вядомыя наступныя:

1. Пад час арганізацыі брыгады мелі месца выпадкі расстрэлу асобаў, якія ня мелі за сабою правінаў, што цягнулі на гэткае пакараньне. У красавіку месяцы 1942 г. гэтак былі расстраляныя зь в. Уласава Марчанскага сельскага савету Сураскага раёну Маісееў Міхаіл, зь в. Рабава гэтага ж сельскага савету й раёну Тачыленка Іван за тое, што яны ня ў шэрагах арміі (яны прыйшлі з акружэньня ў свае вёскі).

2. Вялікая колькасьць каманднага складу, як пры штабе брыгады, так і ў атрадах, жаніліся, часта маючы законных жонак дома. Гэтыя жонкі, гэтак званыя партызанскія, гультайнічаюць, а лічацца ў гэты час партызанкамі.

3. Маюць месца выпадкі няправільнага ўзяцьця маёмасьці ў грамадзянаў. Гэтак атрадам «Марака» былі ўзятыя каровы ў грамадзянаў Сураскага раёну в. Лямніца й іншых, атрад Блахіна ўзяў 2 каровы ў сем’яў партызанаў в. Церахава Краўцоўскага сельскага савету. Наконт марадзёрства ў брыгадзе выдаваўся шэраг загадаў, якія папярэджвалі аб прыцягненьні да строгай адказнасьці асобаў, ублытаных у марадзёрства. Аднак, я лічу, што пакараньні не былі жорсткімі ў дастатковай ступені, недастаткова праводзілася палітычная праца ў гэтым накірунку, і праз гэта марадзёрства вельмі марудна зжывалася.

Названыя недахопы зьніжалі заслугі партызанаў і адмоўна ўзьдзейнічалі на мірнае насельніцтва. Трэба ўказаць, што ў брыгадзе не было рэзкага грамадзкага асуджэньня правінаў, якія плямілі гонар партызана, як, напрыклад, п’янства. У гэтых самых адносінах не на дастатковай вышыні стаяла партыйная й палітычная праца. У гэткіх атрадах як Марака й Ахмедчыка амаль не выходзіў з каманднага складу самагон.

18.IV.43 г.

[Подпіс: Іваноў]

 

Рукапіс, арыгінал. НАРБ, ф.4, в.25, спр.2145, арк.19-20.

 

 

Дакумэнт 5

ЗАКЛЮЧЭНЬНЕ

 

У справе ДАНУКАЛАВА Аляксея Фёдаравіча, сябры УКП(б) з 1940 г. партбілет №3362735, працуе камандзірам партызанскае брыгады «АЛЯКСЕЯ».

Праверкай шматлікіх матэрыялаў, якія паступілі ў Абкам КП(б)Б, высьветлена, што ў партызанскай брыгадзе АЛЯКСЕЯ маюць месца шмат выпадкаў марадзёрства, п’янства, бытавога раскладаньня сярод каманднага складу брыгады й парушэньня вайсковае дысцыпліны. Так напрыклад:

28.1.43 г. 5 байцоў партызанскае брыгады АЛЯКСЕЯ, што былі разьмешчаныя ў в. КЛІШАВА, зайшлі ў хату да жонкі інструктара Гарадоцкага РК КП(б)Б ШЫФАЛІНАЙ, пад страхам зброі прымусілі яе маўчаць і не выходзіць з хаты, а самі ў гэты час з сараю забралі 6 шт. курэй і 4 – у суседа, зарэзалі іх і сышлі.

10.ІІ.43 г. камандзір партызанскага атраду брыгады Аляксея БЛАХІН правёў вобыск у грамадзянкі в. Мурашкі Курынскага сельскага савету МЕХАВАЙ Марыі, пад час вобыску забраў – 40 пудоў жыта, 35 мэтраў саматканага сукна, 2 мяхі воўны, 19 аўчынаў. 3 сыны гэтае жанчыны знаходзяцца ў Чырвонай Арміі й адзін – у партызанскім атрадзе ГУРКО. Апрача гэтага, жанчына выхоўвае дзяцей сваіх дочак, чые мужы загінулі пад час фінскіх падзеяў.

19.1.43 г. камандзір партызанскага атраду АХМЕДЧЫК пад час п’янкі з камандзірам партызанскага атраду АНТОНЕНКАМ дамовіліся, каб апошні загадаў партызанцы ЯЎСЕЕВАЙ паехаць з АХМЕДЧЫКАМ, быццам бы ў штаб брыгады ў якасьці сувязной. На шляху АХМЕДЧЫК прапанаваў ЯЎСЕЕВАЙ уступіць зь ім у інтымную сувязь. Але атрымаўшы адмову, ён пагражаў ёй зброяй (даў дзьве чаргі з аўтамата), пасьля гэтага ўжыў сілу і згвалціў ЯЎСЕЕВУ, і шмат іншых фактаў.

ДАНУКАЛАЎ ня толькі не праводзіў барацьбу з марадзёрствам, п’янствам, бытавым разбэшчаньнем, але й сам садзейнічаў гэтаму й сыстэматычна піў.

Рашэньнем Райкаму КП(б)Б ад 9/ІІ. 43 г. АХМЕДЧЫК за п’янства й згвалтаваньне партызанкі быў выключаны з партыі. Тав. ДАНУКАЛАВУ прапанавана зьняць АХМЕДЧЫКА з працы камандзіра партызанскага атраду. Аднак, ДАНУКАЛАЎ гэтае прапановы ня выканаў і накіраваў АХМЕДЧЫКА на адпачынак у г. Маскву.

Пасьля прыбыцьця з Масквы ў 1942 г., ДАНУКАЛАЎ прывёз сабе жонку, да гэтага ён у брыгадзе жыў зь лекаркай Тоняй. У в. КУРЫНА, напіўшыся п’яным, ён пайшоў начаваць з былою жонкай Тоняй, а Вольга засталася сама. Для таго, каб не пусьціць Вольгу, ён паставіў каля кватэры вартавога й загадаў яе не пускаць, калі палезе – страляць. Тое самае ён вырабляў, калі знаходзіўся з Вольгаю.

Такія адносіны да справы й паводзіны ДАНУКАЛАВА адбіваюцца на дысцыпліне і ўстойлівасьці партызанаў. Толькі за тры месяцы з брыгады АЛЯКСЕЯ дэзэртавалі 101 чалавек.

Зыходзячы з выкладзенага вышэй, лічу, што камандзіра партызанскае брыгады «АЛЯКСЕЯ» ДАНУКАЛАВА А.Ф. за сыстэматычнае п’янства, бытавую разбэшчанасьць, грубае парушэньне партыйнае й вайсковае дысцыпліны з працы зьняць і аб’явіць строгую вымову з папярэджаньнем.

Загадчык аргінструктарскага аддзелу
Віцебскага АК КП(б)Б /Марозаў/.

7 красавіка 1943 г.

Машынапіс, незавераная копія. НАРБ, ф.4, в.25, спр.2145, арк.3.

 

Замест эпілёгу

 

ДАНУКАЛАЎ Аляксей Фёдаравіч (партызанскі псэўданім Аляксей; 29.2.1916, с. Новарасьляеўка Дзергачоўскага р-ну Саратаўскае вобл. – 27.4.1944), адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партызанскага руху на тэрыторыі Віцебскае вобласьці ў Вялікую Айчынную вайну, Герой Савецкага Саюзу (1944). Скончыў Балашоўскі тэхнікум мэханізацыі сельскае гаспадаркі (1936), Іркуцкую вайсковую вучэльню (1941). У Чырвонай Арміі з 1937. З чэрвеня 1941 на фронце, удзельнік абароны Лепелю, Воршы, Смаленску. Трапіўшы ў акружэньне, у жніўні 1941 арганізаваў партызанскі атрад «Радзіма», які дзейнічаў у Смаленскай і Віцебскай абласьцях. У красавіку 1942 атрад рэарганізаваны ў брыгаду «Аляксей», камандзірам якой быў Данукалаў (пазьней партызанская брыгада ягонага імя). Падпалкоўнік Данукалаў загінуў у баі ў час выхаду з блякады. У Лепелі на магіле Данукалава пастаўлены помнік. Ягоным імем названыя вуліцы ў Віцебску, Лепелі, Лёзьне, Ушачах, калгас у Лёзьненскім і саўгас у Сеньненскім, школа ў Віцебскім р-нах; у в. Кавалі Лёзьненскага р-ну мэмарыяльны музэй Данукалава, усталяваны ягоны бюст.

Энцыкляпедыя гісторыі Беларусі. Т.3, Менск, 1996, с.207.

 

Прадмова, пераклад з расейскай і публікацыя Ігара Лялькова


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0