ПОЛАЦАК — КРЫНІЦА МАЕ ВЕРЫ

 

Гэткае прызнаньне Ўладзімера Арлова прагучала ў часе сустрэчы пісьменьніка з чытачамі напярэдадні «Чарнобыльскага шляху»

Імпрэза ў «Беларускім калегіюме» была прысьвечаная кнізе «Таямніцы полацкай гісторыі», трэцяе выданьне якой выйшла нядаўна ў выдавецтве «Полымя».

Да першага выданьня «галоўнае кнігі свайго жыцьця» Ўладзімер Арлоў ішоў доўга й з прыгодамі. Вось як ён сам пра гэта кажа:

«Полацкія лёхі вывелі мяне на гістфак БДУ, дзе на той час анічога беларускага не засталося. Прыкладам, аднойчы ў нашым студэнцкім коле была гэткая гульня. Трэ было напісаць бяз роздуму пяць імёнаў славутых гістарычных дзеячоў. Усе мы рагаталі з таго, што ўсе без вынятку напісалі імёны кітайцаў ды японцаў. Але ніводзін з нас, у тым ліку і я, не напісаў імя беларускага дзеяча. Менавіта тады настаў для мяне момант ісьціны, і я даў зарок вяртаць зь нябыту нашую гісторыю… Трэба ведаць што-небудзь пра ўсё ці ўсё пра што-небудзь. Я вырашыў ведаць усё пра Полацак, і мяне легкаверна цешыць тая думка, што больш за мяне пра Полацак ніхто ня ведае.

Ініцыятыва першага выданьня «Таямніцаў» належала Ўладзімеру Цялежнікаву, дэпутату Вярхоўнага Савету 12 скліканьня. Выбары парлямэнту 13 скліканьня Цялежнікаў прайграў таварышу Шчукіну, які выкрываў Цялежнікава перад выбарцамі, маўляў, той «фінансаваў выданьне нацыяналістычнае кнігі». Ад таго часу, як ведаеце, таварыш Шчукін зьмяніўся. Аднойчы ён нават трапіў у адну каталажку з маім сынам Багданам… Згэтуль я на яго зусім ня маю зла. Ён цяпер пэрыядычна тэлефануе мне з просьбаю даць «первоисточник» слова «спадар». Я прапаноўваў «Баркулабаўскі летапіс», іншыя крыніцы, але таварыш Шчукін чамусьці ня лічыць летапісы першакрыніцамі…»

Што да выданьня кнігі, дык «Таямніцы» выйшлі ня толькі дзякуючы спрыяньню суперніка таварыша Шчукіна ў змаганьні за дэпутацкае крэсла, але й дзякуючы часу, калі рэдактарам выдавецтва «Беларусь», дзе пабачылі сьвет першае й другое (расейскае) выданьні, быў цяперашні дырэктар Беларускае службы радыё «Свабода» Аляксандар Лукашук (ён гэтаксама прысутнічаў на імпрэзе).

Новыя «Таямніцы» напісаныя для чытача з зусім іншым роўнем гістарычнае сьведамасьці ў параўнаньні з тыповым беларусам пяцігадовае даўніны. У новым выданьні аўтар не тлумачыць, што Вялікае Княства Літоўскае было дзяржаваю, дзе жыцьцё адбывалася ў беларускіх формах. Істотна дапоўнены разьдзел, прысьвечаны дахрысьціянскай веры нашых продкаў, што маюць ацаніць беларускія балтафілы й нэапаганцы. За час ад першага выданьня кнігі адроджаны-створаны Полацкі ўнівэрсытэт. У Маскве некалькі гадоў таму былі знойдзеныя арыгінальныя архіўныя матар’ялы пра Ўсяслава Чарадзея, гэтаксама скарыстаныя ў кнізе. Зьменены разьдзел, прысьвечаны дзейнасьці таварыства Ісуса, што пэўны час мела Полацак сваёй сталіцай. Дапоўнена гэтае выданьне паказьнікам імёнаў і бібліяграфіяй, як сказаў сп.Уладзімер: «Досыць кароткай… некалькі сотняў назваў…»

Сустрэча з Уладзімерам Арловым закончылася аўтарскім чытаньнем заўжды актуальнага эсэ «Незалежнасьць — гэта…»

Віктар Мухін


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0