менскія нетры

Памяці нерушы

 

Штогод на жыхароў вуліцы Беларускай разам зь вясной навальваецца дзіўнае адчуваньне напружанага радаснага чаканьня — вось-вось, хай толькі крыху пацяплее, хай толькі сонца зьліжа апошнія парэшткі цьвёрдых атмасфэрных ападкаў трохмесячнае даўніны — выбухне яскравым веснавым уборам іх зялёны сябар — неруш, пра якую ўжо калісьці пісала з замілаваньнем «Наша Ніва»: патыхне жарсным цяплом ад мэтровага культурнага слою, зарыпяць-пацягнуцца ўсімі сваімі — шашалем (дакладней, цэлай дынастыяй шашаляў) паточанымі — костачкамі старыя будынкі, выпусьціць насустрач промням першыя нясьмелыя парасткі дзядоўнік.

Аднак сёньня мясцовыя эстэты, замест звычайнага відовішча абуджэньня прыроды ад сну, вымушаныя сузіраць драўляна-бэтонны плот няпэўнага колеру, якім згаданая вышэй неруш яшчэ зь зімы абгароджана «па пэрымэтры». Уласна, адзін пэрымэтар ад яе й застаўся, бо за плотам штодня з самае раніцы пачынае варушыцца сіла-сіленная бульдозэраў, экскаватараў ды самазвалаў, якія ня толькі «зялёнага сябра» зь зямлёй зраўнялі, але й само ўзвышша, на якім ён, бедны, рос і нікога не чапаў, — скапалі дазваньня. Прычым да апошняга часу ніхто ня мог напэўна адказаць, які ж горад-сад будзе на месцы былога напаўлегальнага прыродна-ляндшафтнага запаведніку.

Каб прадухіліць стыхійныя акцыі пратэсту аматараў актыўнага адпачынку, выкліканыя няпэўнасьцю сытуацыі, улады вымушаныя былі прыкрыць гэты згустак пачварнага вандалізму шыльдай «Будаб’ект «Шматкватэрны дом», як заўсёды згасіўшы полымя народнага гневу абяцаньнямі будучых дабротаў. Яшчэ адной прычынай адсутнасьці масавых выступленьняў «зялёных» (маецца на ўвазе сусьветны экалягічны рух, а не спэцназ у камуфляжы) зьяўляецца тое, што за ператварэньнем апошняга куточка дзікай прыроды ў Менску на будаўнічую пляцоўку найзручней назіраць з вокнаў навакольных інтэрнатаў, а ў студэнтаў, якія пасьля разьмеркаваньня дажываюць у сталіцы апошнія месяцы, ніводная цягліца не здрыганецца, нават калі хто і ўсё навакольле скапае — разам з унівэрсытэцкім гарадком і Нацыянальнай бібліятэкай...

Андрэй Скурко


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0