Паштовая скрынка
Антосю Р. зь Менску. Палемікі з кожнай антыбеларускай фобіяй, прычым нават без надзеі на адказ з другога боку, ужо папярок горла стаяць. Ці ёсьць сэнс без канца даказваць самім сабе, што мы сапраўды існуем? Спрачацца варта ня зь «імі», а між сабою — ужо дзеля таго, што «яны» нашых газэтаў так і так не чытаюць.
Юльлі Ж. зь Менску. Гутарка зь Янкам Брылём друкавалася ў нумары 22 (143) «НН» за 13 верасьня таго году. У ёй Вы знойдзеце адказы на сія-тыя свае пытаньні. Новыя запісы Янкі Брыля друкаваліся ў апошніх нумарах часопіса «Полымя». На гутаркі Янку Брыля ўгаварыць цяжка. А кніжкі купляйце, вартыя.
Сержуку з-пад Менску. Слоўнікі Ластоўскага, Станкевіча, Санька нідзе ў Менску не прадаюцца, апроч букіністычных кнігарняў.
Зьмітру П. з Наваполацку. Любыя інфармацыі лепш дасылаць электроннаю поштаю.
Уладзіславу Ж. зь Менску. В.Шніпу можна пісаць на наш адрас — ён цяпер будзе весьці ў нас у газэце паэтычныя «Варштаты».
Анатолю К. з Гомеля. Перадамо просьбу сп.Брылю і Яновічу.
Ганьне С. з Койданава. Выдаць варта, але цяпер няма за што.