апытаньне «НН»

Ці лёгка быць беларусам?

 

Лічыцца, што расейская мова ў Беларусі «ўнівэрсальная», а беларуская можа ствараць праблемы для яе носьбітаў. Гэтым і тлумачаць выбар большасьці нашага зрусіфікаванага грамадзтва на карысьць расейскай. Ці лічаць гэткае сьцьвярджэньне справядлівым тыя, хто сам гаворыць па-расейску? Пад час праведзенага апытаньня людзі выказвалі свае меркаваньні наконт таго, ці пачуваюцца ў паўсядзённым жыцьці іхныя суайчыньнікі, якія размаўляюць толькі па-беларуску, горш за тых, хто карыстаецца моваю расейскай.

 

Галіна Палейка, прадавец: «Заўсёды разумею»

Пачуваюцца яны гэтаксама як і расейскамоўныя. Мне было б цяжка ўвесь час размаўляць па-беларуску, бо я не дастаткова добра ведаю мову. Але я заўсёды ўсё разумею, калі да мяне зьвяртаюцца па-беларуску, і стаўлюся да гэтага нармальна, мяркую, што астатнія таксама.

 

Дзіма, хлопец з «Панікоўкі»: «На сваёй хвалі»

У мяне ёсьць сябры, якія размаўляюць па-беларуску, і, здаецца, нашае грамадзтва ня вельмі станоўча ўспрымае іх мову — большасьць прызвычаілася да расейскага маўленьня. Але тыя людзі, што карыстаюцца заўсёды толькі беларускім словам, пэўна, не зьвяртаюць на гэта вялікай увагі. Яны «на сваёй хвалі», так што наўрад ці яны пачуваюцца горш за расейскамоўных.

 

 

Ганна Папіна, пэнсіянэрка: «Няма праблемаў»

А якія ў іх могуць быць праблемы? Толькі калі хто прыехаў зь іншай краіны, дык можа не зразумець, пра што ідзе гаворка. А так — людзі вольныя размаўляць на роднай мове.

 

Аляксандар, студэнт БДУ: «Дзівакі»

У некаторых сытуацыях людзям, што размаўляюць толькі па-беларуску, цяжэй. На іх глядзяць, як на дзівакоў, на «белых варонаў». Але ж яны робяць тое, што павінны рабіць і ўсе астатнія.

 

Кастусь Чыжык, выкладчык БДЛУ: «Нездаровая цікаўнасьць»

Беларуская мова можа выклікаць усьмешку на вуснах прадаўца ў краме, калі зьвярнуцца да яго па-беларуску, можа справакаваць нездаровую цікаўнасьць, але гэта ня мусіць стацца прычынай для нейкіх комплексаў, калі чалавек добра валодае беларускай мовай. У прынцыпе, яго заўсёды зразумеюць. Але пэўны дыскамфорт прысутнічае, хутчэй за ўсё з-за таго, што «нормай» у нас паўсюдна лічыцца выкарыстаньне расейскай мовы.

 

Аляксандар, супрацоўнік сілавых структур: «Думаюць, што апазыцыянэр»

Якая розьніца, на якой мове размаўляеш — галоўнае, каб цябе разумелі. Але калі чалавека не давучылі ў школе, ён проста можа не зразумець, пра што ў яго пытаюцца, і з-за гэтага могуць узьнікнуць непаразуменьні. А зь іншага боку, можна гаварыць пра складваньне пэўных стэрэатыпаў, паводле якіх беларуская мова ёсьць сьведчаньнем прыналежнасьці да апазыцыі, і калі чалавек, які размаўляе па-беларуску, трапляе, да прыкладу, у міліцыю — нават не на мітынгу, а зь нейкіх іншых прычынаў — яму будзе значна цяжэй, чым затрыманаму, які гаворыць па-расейску.

Апытвала Ганна Штэйнман


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0