Інаўгурацыя

 

7 траўня. 12:24. У цэнтры расейскай сталіцы спараліжаваны ўвесь рух. Сьцены маскоўскага Крамля скаланаюцца ад гарматных залпаў. Не, гэта ня штурм баевікамі цытадэлі расейскай улады і нават не чарговы тэракт — проста другога прэзыдэнта РФ віншуюць з афіцыйным узыходжаньнем на пасаду.

На вайсковых магерках савецкага ўзору (хіба што крыху вышэйшых) — залатыя двухгаловыя арлы, «традыцыйна савецкая» форма колеру хакі салдатаў прэзыдэнцкага палка кантрастуе зь цёмна-блакітнымі «традыцыйна расейскімі» вайсковымі строямі тых, хто нясе прэзыдэнцкі штандар. Невысокая постаць Пуціна яшчэ меншала на тле вялізнага Ельцына, які зь цяжкасьцю счытваў словы са шкляных экранаў. Тэлевізары, зь якіх тэкст прамовы экс-прэзыдэнта праектаваўся на тыя экраны, былі дэкараваныя белымі, блакітнымі ды чырвонымі кветкамі пад дзьве вялікія груды, у якіх нешта ляжыць. «Расея пра вас памятае», — казаў пераемніку Ельцын, і ад словаў, цягучага голасу ды маўклівых твараў наўкола рабілася крыху вусьцішна. Пуцін, аднак, паабяцаўшы берагчы Расею, жвава пакрочыў, энэргічна гайдаючы ў такт крокаў левай рукой ды трымаючы нерухомай правую, паўз шэрагі гледачоў у крамлеўскіх залях на Саборную плошчу, каб павіншаваць свой полк з 64-мі ўгодкамі. Адказам «таварышу прэзыдэнту Расейскай Фэдэрацыі» было трохразовае «гура». Салдаты прайшлі перад вачыма свайго цяперашняга і былога палкаводцаў. Ельцын змахнуў сьлязіну — ці то ад замілаваньня, ці то ад шкадаваньня, ці то ад ветру, схаваў рукі ў кішэні палітона й адразу ж сьпехам дастаў іх, апусьціў долу. Пуцін быў больш стрыманы ды ўпэўнены ў рухах. Зрэшты, чаго хвалявацца — усё прэзыдэнцтва яшчэ наперадзе, паводле апытаньняў 67% расейцаў ставяцца да яго добра, 77% ухваляюць усе яго дзеяньні, а армія ўпэўнена крочыць наперад.

Праўда, на дарогах Чачэніі ня так упэўнена, як у Крамлі. Толькі за сьвяточную нядзелю ў Чачэніі адшукалі ў схованках: 200 гранатаў да ручнога процітанкавага гранатамёта, больш за 1000 аскялепкавых гранатаў Ф-1, каля 1 тысячы гранатаў РГД, 240 баепрыпасаў да аўтаматычнага стралковага гранатамёта АГС-17, 270 мінаў розных калібраў, 10 снарадаў да артылерыйскай гарматы, 10 мінаў накіраванага дзеяньня, 61 тысячу патронаў да стралковай зброі, 500 кіляграмаў плястыду. А яшчэ адшукалі пяць фугасаў на чыгуначным перагоне Курчалой-Беларэчча ды фугас на аўтатрасе ў раёне Гансал-чу. Па гэтай самай дарозе праз кароткі час павінна была праходзіць калёна расейскіх войскаў.

Наўрад ці такія нечаканасьці напаткаюць навабранцаў, што трапляюць у прэзыдэнцкі полк. Але ж ня ўсім пашчасьціць маршаваць шыхтамі за крамлёўскімі сьценамі, асабліва ўлічваючы пляны Пуціна наконт усталяваньня беспасярэдняга фэдэральнага кіраваньня ў Чачэніі. Гэта ж толькі ў сталіцы страляюць халастымі, а на чачэнскай вайне за адну суботу перад крамлёўскай цырымоніяй самалёты зрабілі 36 баявых вылетаў, а ў нядзелю чачэнцы зьбілі расейскі самалёт СУ. Сытуацыю імкнуцца трымаць пад кантролем — 6 траўня, акурат перад інаўгурацыяй, толькі ў адным Грозным затрымалі 1000 асобаў, якіх падазраюць у спробах тэрактаў, дзесяцём зь іх ужо высунулі абвінавачаньні ва ўдзеле ў вайсковых дзеяньнях супраць Расеі.

На інаўгурацыю Пуцін запрасіў столькі гасьцей, што яны ўсе не змаглі зьмясьціцца ў адну крамлёўскую залю. (А можа таму й не даслалі запрашэньні заходнім лідэрам?) Было вырашана ўсіх наведнікаў падзяліць на тры часткі. Абраныя назіралі за цырымоніяй «ужывую», у Андрэеўскай залі, астатнія засталіся ў Аляксандраўскай і Георгіеўскай ды назіралі за ўсім па маніторах. Але ж была яшчэ й чацьвертая, неймаверна агромністая заля. Тыя, хто ў ёй знаходзіўся, глядзелі на інаўгурацыю па сваіх тэлевізарах. Адно не зразумець ніяк, што мы, беларусы, у той залі рабілі.

Алесь Кудрыцкі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0