Сяргей АСТРАЎЦОЎ

Лябёдка.
Буслы на даху Іваноўскіх

 

16 гадоў таму, быўшы на 5-м курсе журфаку БДУ, я спрабаваў хоць штосьцi высьветлiць пра Iваноўскiх. Трэ было закончыць дыплёмную працу пра газэту «Свабода». У красавiку 1984 г. з братам Алесем мы паехалi зь Лiды ад бацькоў у Шчучынскi раён, каб убачыць Лябёдку Iваноўскiх, дзе калiсьцi нiбыта быў надрукаваны першы нумар газэты «Свабода».

З 1 лiстапада таго ж года я ў Гораднi пачаў займацца журналiстыкай стала, і пішу да гэтага часу. Працаваў таксама i ў адроджанай «Свабодзе», але ў Лябёдцы болей не бываў 16 гадоў. I вось адзiн з апошнiх дзён мiнулага красавiка. У старэнькiх «жыгулях» дзьвюхмоўнай газэты «Биржа Информации» за Шчучынам збочваем налева — на Гернiкi. Гравейка засталася па-ранейшаму белапыльнай гравейкай, толькi адмежкi яе ў вёсках заасфальтавалi, як калiсьцi загадаў Кебiч.

На вясковых аселiцах стаяць высокiя каталiцкiя крыжы, аздобленыя да нядаўняга Вялiкадня. Яны былi ўжо увесну 84-га — са сьвежага дрэва. Тут тады ўжо не баялiся паставiць крыжы зноў, але баялiся iх яшчэ раз сьпiлаваць зноў — як калiсьцi. Вёскi каталiцкiя, але не выглядаюць заможна. Саўгас мясцовы застаецца саўгасам. Сьцены кароўнiкаў уздоўж дарогi як нежывыя, занядбаныя, зь дзiркамi, пазабiванымi сяк-так дошкамi.

У Галавiчполi, дзе дом Iваноўскiх, крыж надзвычай адмысловы — высокi, цалкам мэталёвы, з аздобамi, абапал на крыжавiне — малаток i абцугi. Зьлева на аўтобусным прыпынку надпiс — Scooter. За вёскай праз дрэвы былога парку праглядаюць чырвоныя муры, на даху — бусел. Як казка. Дом у энцыкляпэдыях падаецца як «Галавiчпольская сядзiба». Што яна называлася Лябёдкай Iваноўскiх, мала хто памятае. У стылi мадэрн з элемэнтамi нэаготыкi. Як кажуць, змуравалi дом з польскай цэглы, як i менскi Чырвоны касьцёл. Будаўнiцтва дому закончана ў 1909 годзе. «Свабода» выйшла на сем гадоў раней. Так што, магчыма, надрукавалi яе Вацлаў Iваноўскi зь сябрамi ў старым доме, якога даўно няма.

Сёньня тут iнтэрнат для дзяцей-iнвалiдаў. Дзеля гэтага i дом захавалi, надта грунтоўна быў зроблены. Але зь левага боку пачала абсыпацца дахоўка, ды па iншым вiдно таксама, што патрэбны рамонт.

Падлеткi паказалi кафляную печку — да столi — сапраўдную, Iваноўскiх. Праўда, у iхных галовах яны ператварылiся ў «Iвановых». Летась прыяжджаў нехта з нашчадкаў, прывёз пакункi з прысмакамi. Асаблiва запомнiлася ім нямецкае печыва.

Парк захаваўся, як выглядае, у даволi значнай ступенi, канечне — занядбаны. Iдзем алеяй: дрэвы абапал старыя, валатоўскiя. Шпацыравалi прысадамi гэтымi Iваноўскiя адназначна. Дзе быў фамiльны склеп, ужо не зразумець. У адным месцы крушня. Уражвае валатоўскi пень, непадалёк — выдзерты зь зямлi вялiзны камель, напалову абцяты пiлой. Каранi роду Iваноўскiх. Наш праважаты зь мясцовых выхаванцаў наiўна абяцае паказаць нейкi магiльны камень, вядзе ў сад. У траве — цэмэнтовая плiта зь ледзь чытэльным надпiсам «50 лет Октября». Пад яблыняй я знаходжу маленькае птушынае яйка, кладу яго блiжэй да камля. Два буслы на даху, стоячы ў гнязьдзе, дбайна чысьцяцца.

Каля вясковай крамы зьбiраюцца мужчыны. Заробкi апошнi раз плацiлi за сьнежань! Студзеньскiя ў некаторых — па 2—3 тысячы ўсяго! I нiхто не абураецца. Людзi моўчкi здаюць малако. За дзень саўгас — 2 тоны, вяскоўцы — 5. Па 63 рублi за лiтар. Сабе слоiка часам не пакiнуць. Успамiнаюць, што ў блiзкай Лiтве заўсёды была лепшая жытка. Цяпер дачыненьнi збольшага такiя: па ўсiм раёне зладзяі крадуць быдла, трактары i перапраўляюць нелегальна празь мяжу ў Лiтву.

На лепшае жыцьцё нiхто не спадзяецца. Што рабiць, каб стала лепей, ня ведаюць. Лукашэнку абараняць стаў толькi адзiн з трох мужчынаў. Прычым не саўгасьнiк, санiтар з дому-iнтэрнату, там заробкi плоцяць. Бацька яму расказваў, што стары Iваноўскi быў пэдантычным панам. Калi асаблiвай працы не было, казаў сялянам пераносiць каменьне, каб не сядзелi. Успомнiў таксама, як годзе ў 47-м разрабавалi пахавальны склеп яго — Леанарда Iваноўскага з жонкай, i ў чыгунных трунах мылi потым iнтэрнацкую бялiзну.

Летась прыяжджалi зь Лiтвы сваякi Тадэвуша Iваноўскага — аднаго з сыноў Леанарда, якiм хочацца лiчыць Лябёдку «гняздом летувiскасьцi». Зь месца, дзе быў магiльны склеп, яны ўзялi пясочак i пайшлi ў бок мяжы пешшу, расьцерусiўшы пясок па дарозе. Каб мясцовыя бачылi. Гэта зрабiла пэўнае ўражаньне.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0