Навіны

 

Пераход у Брузгах закрываецца

З iнiцыятывы Польшчы з 1 жнiўня на тры месяцы будзе зусім закрыты памежны пераход «Кузьнiца—Брузгi» на беларуска-польскай мяжы пад Горадняй. Палякі маюць рэканструяваць ягоную польскую частку. Пад гэты час уся нагрузка прыпадзе на пераход «Бераставiца—Баброўнiкi», піша БелаПАН. У 2000 годзе Эўрасаюз даў Польшчы грошы на рэканструкцыю пераходу. Разам з тым Брусэль адмовiў Беларусi ў дапамозе на правядзеньне такіх сама працаў на ейнай тэрыторыi.

 

БНФ за перанос Усебеларускага зьезду на восень

13 траўня прайшоў Сойм БНФ. Вiнцук Вячорка на ім надта хваліў веснавыя акцыi апазыцыi, якiя, як ён сказаў, пазбавiлi ўлады таго аргумэнту, што iдэi незалежнасьцi ў Беларусi падтрымлiваюцца толькi «кучкай адмарозкаў». Сказаў ён таксама, што, дзякуючы менскім пратэстам, зьмянiлася і стаўленьне да беларускай праблемы на Захадзе, у прыватнасьці, кангрэс ЗША ўпершыню запатрабаваў ад Расеі адмовіцца ад падтрымкі Лукашэнкі.

На Сойме абмяркоўвалі таксама будучы Ўсебеларускі зьезд. Юры Хадыка адзначыў, што такое важнае мерапрыемства патрабуе грунтоўнай падрыхтоўкi, а таму прапанаваў улетку правесьцi пашыранае паседжаньне аргкамiтэту зьезду, а сам зьезд — недзе напачатку восенi. Такую заяву й прынялі.

Б.Т.

 

Няма спакою Сувораву

Якраз напярэдадні Сьвята Перамогі нехта запэцкаў рудою фарбай навюсенькі бюст Суворава ў Віцебску. Толькі-толькі гэты бюст паставілі каля ваенкамату на той самы пастамэнт, адкуль паўтары гады таму быў зьнік ягоны папярэднік «Сувораў-1».

Віцебскія дзяржаўныя газэты шырока спавяшчалі, што новы «Сувораў-2» зь якаснага бэтону ды вагою ў 315 кг быў зроблены на грошы, сабраныя работнікамі таго самага ваенкамату. Але ў горадзе ходзяць чуткі, што ў іх знайшоўся спонсар, які даў на Суваорава грошы, каб «адкасіць»ад войска… Ва ўсялякім выпадку, адмывалі «Суворава-2» сапраўды супрацоўнікі ваенкамату. Ды разважалі, ці не ўсталяваць каля Суворава які «Пост №1» з адборных вайскоўцаў або прыгожых міліцыянтаў у пляміста-блакітнай форме.

А.Т., Віцебск

 

Сьвечкі ў памяць мовы

У Магілёве адбылася акцыя, прысьвечаная гадавіне «моўнага» рэфэрэндуму 1995 году. Актывісты маладзёвых арганізацыяў паставілі сьвечкі памяці ля мэмарыяльнай дошкі Сьпірыдону Собалю.

 

Мазурык Мазурэк

Журналіста газэты «Новэ паньства» Робэрта Мазурэка, які наведваў Шклоў, затрымалі побач з домам, дзе жыве жонка Лукашэнкі Галіна Радзівонаўна. Гэта ўжо традыцыйнае месца затрыманьня замежных грамадзянаў. Усе яны хочуць паглядзець на горад, які лічыцца радзімай Аляксандра Лукашэнкі, і на жытло першай беларускай ледзі, якая працягвае жыць у Шклове. Мазурэка патрымалі дзьве гадзіны ў пастарунку і адпусьцілі.

Сымон Глазштэйн, Магілёў

 

Помнік Карвату ў Берасьці

5 траўня адкрылі ў Берасьці помнік лётчыку Карвату, хто ёсьць першым Героем Рэспублікі Беларусь пасьмяротна. Ён загінуў, адводзячы ад вёскі пад Баранавічамі самалёт, што падаў. Карват выгадаваўся ў берасьцейскай школе нумар 8, якой цяпер надалі ягонае імя. Ягонага ж імя ёсьць вуліцы ў Менску й Берасьці.

Сяржук Пруднікаў, Берасьце

 

ТБМ пікетуе

Віцебская гарадзкая рада ТБМ наладзіла 13 траўня пікет да пятых угодкаў рэфэрэндуму аб мове. 10 пікетоўцаў вырашылі ўскалыхнуць горад, дзе з 3027 першаклясьнікаў усяго 43 навучаюцца па-беларуску. Адстоялі дзьве гадзіны ды наслухаліся ад землякоў усяго — ад шчырых словаў падтрымкі да адкрытых пагрозаў.

А 14 траўня тая ж гарадзкая рада ТБМ разам зь літаратурным музэем ва ўрачыстай абстаноўцы падводзілі вынікі абласнога дзіцячага конкурсу «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай». Дзеля юных літаратараў, мастакоў ды публіцыстаў дарослыя сябры ТБМ правялі экскурсію па горадзе, а пасля дзеткі глядзелі пастаноўку паводле Караткевічавай «Ладзьдзі роспачы».

А.Т., Віцебск

 

Прамэнад на пантонах

Яшчэ пазалетась у Наваполацку на Дзьвіне зьбіраліся пачаць рамонт адзінага ў горадзе аварыйнага моста. Але з-за браку грошай работы ня раз пераносілі. Толькі напрыканцы мінулага году мост нарэшце зачынілі. Аднак няцяжка ўявіць, колькі з-за гэтага паўстала праблемаў. Асабліва ўскладнілася жыцьцё ў жыхароў пасёлку Баравуха, які летась стаў часткаю гораду. Жыхароў Баравухі транспарт давозіў толькі да берагу Дзьвіны, далей пешшу трэ было перайсьці мост і перасесьці на іншы гарадзкі аўтобус. Праблема яшчэ больш абвастрылася, калі ў красавіку з моста зьнялі ахоўную агароджу: цяпер па ім маглі прайсьці толькі каскадэры.

Дапамаглі спэцыялісты чыгуначыных войскаў. У сьціслыя тэрміны яны наладзілі пантонную пераправу. Пры канцы красавіка першыя ахвотныя перайшлі на левы бераг ракі мэталёвым плывучым мостам. Нечакана новая камунікацыйная артэрыя сталася ўлюбёным месцам для шпацыраў. Машыны па пантоне праяжджаюць у экстраных сытуацыях — хуткая дапамога, пажарныя або міліцыя. Затое людзі ідуць бесьперапынна, асабліва ў выходныя.

Васіль Кроква, Полацак

 

Кормяць быдла раз на тры дні

На прадпрыемстве «Паўднёвае», што ў вёсцы Вулька-Гарадзішчанская ля Пінску, штодзень здыхае некалькі дзясяткаў сьвіней з-за недахопу кармоў.

Гэтае прадпрыемства ў свой час лічылася амаль што ўзорным. Магутнасьці яго разьлічаныя больш чым на 50 тысячаў галоваў. Цяпер жа агульнае пагалоў’е сьвіней на «Паўднёвым» — крыху больш за 30 тысячаў. Цяпер прадпрыемства мае менш за палову ад неабходнай колькасьці кармоў, таму сьвіней кормяць толькі раз на тры дні. У выніку за першыя тры месяцы бягучага году ад голаду памёрла больш за 1600 сьвіней. Сытуацыя будзе пагаршацца, бо кармоў няма дзе ўзяць. Аналягічная сытуацыя склалася і на сьвінагадоўчым комплексе ў вёсцы Плотніца, што на суседняй Століншчыне (у міжрэччы Прыпяці і Стыра, тая, што пры канцы ХVIII ст. карткі час была цэнтрам Пінска-Зарэчненскага павету).

Гэта сапраўдны крызыс у айчыннай жывёлагадоўлі. Кароткатэрміновую выгаду ад гэтага маюць хіба што мясаперапрацоўчыя прадпрыемствы. Аднак цікава, што на Пінскім мясакамбінаце мяса з «Паўднёвага» амаль не атрымліваюць — там сьвіней адразу купляюць камэрцыйныя структуры па больш высокіх цэнах. «Мы нарыхтоўваем сыравіну збольшага ў Лунінецкім і Столінскім раёнах, дзе ў калгасах таксама колюць сьвіньні, але камэрцыйныя структуры ў іх мяса купляць ня хочуць з-за значнай радыяцыйнай забруджанасьці», — паведамілі ў адміністрацыі Пінскага мясакамбінату.

Аляксей Дзікавіцкі, Пінск

 

Забаранілі паэтычныя чытаньні

Традыцыйныя паэтычныя чытаньні, што праводзяцца ўвесну маладзёвай фракцыяй БСДП (Народная Грамада), на гэты раз не адбыліся, бо Менгарвыканкам замест запытанага месца ў сквэры Янкі Купалы прапанаваў арганізатарам перанесьці мерапрыемства на пл.Бангалор. Арганізатары ўсё ж мяркуюць правесьці каля помніка Янку Купалу адно чытаньне. Увогуле ж акцыя задумвалася як сэрыйная: гэта мусілі быць «Тры крокі вясны». Першы крок пад назовам «Нашы крылы» ня ўдаўся, мо атрымаецца наступны.

 

Душаць «Пагоню»

На днях было вынесена другое папярэджаньне гарадзенскай газэце «Пагоня». Рэдакцыя выданьня абвінавачваецца ў тым, што друкуе на сваіх старонках аб’явы незарэгістраваных арганізацыяў. Разам з уладамі на газэту ціснуць і мясцовыя фашысты. Рэдактар газэты Мікола Маркевіч атрымаў у свой адрас пагрозы ад гарадзенскага РНЕ: невядомыя пагражалі «дабрацца» да сям’і журналіста, калі яшчэ раз на старонках выданьня будзе зьмяшчацца інфармацыя, якая абражае РНЕ.

 

КГБ бярэцца за студэнтаў

На мінулым тыдні перад навучэнцамі Аршанскага мэханіка-тэхналягічнага тэхнікуму выступіў супрацоўнік КГБ Сяргей Мацюхін, які распавёў прысутным пра небясьпеку ўдзелу ў няўрадавых арганізацыях, такіх, як Задзіночаньне Беларускіх Студэнтаў, Малады Фронт, «Зьвяз», пагражаў зьніжэньнем адзнак на экзамэнах сябрам НДА. Пры канцы сустрэчы Мацюхін пакінуў усім нумары тэлефонаў, па якіх студэнты могуць зьвяртацца, і параіў не «займацца дурасьцямі». Супрацоўнік КГБ, мяркуе ў сваім бюлетэні Беларуская Асацыяцыя Рэсурсавых Цэнтраў, так адрэагаваў на актывізацыю дзейнасьці няўрадавых арганізацыяў у Воршы, узбуйненьне маладзёвага адраджэнскага руху, развал БПСМ у найбуйнейшым тэхнікуме гораду пад уплывам мясцовай суполкі ЗБС.

Б.Т.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0