спорт

«ДЫНАМА» ПАДАГРЭЮЦЬ

 

Летась, раньняю вясной, калі беларуская футбольная зборная мелася гуляць дома са швэйцарцамі, дык ува ўсіх чыноў пачалі балець галовы ад адной праблемы: дзе гуляць? Ніводзін беларускі стадыён, нават «Дынама», ня мог прыняць такую адказную сустрэчу. На ўсіх без вынятку арэнах панавала такое тыповае беларускае балота, што пускаць туды замежных гасьцей неяк не хацелася. Але набліжаўся канец сакавіка, людзі проста разьмяталі квіткі, ды футбольнаму кіраўніцтву трэ было тэрмінова шукаць выйсьце. Яно было проста геніяльным — вырашылі разумнікі сушыць дынамаўскую гразюку... верталётам... Каля тыдня жыхары навакольных дамоў трывалі фёдараўскую сыстэму добраўпарадкаваньня газону. А колькі было спалена паліва! Гразь, аднак, хоць і падсохла крыху, але не пазелянела.

Што ж, відаць, такія азіяцкія мэтады гаспадараньня адыходзяць у нябыт. У канцы траўня сёлета на менскім 45-тысячніку пачнецца мантаж сыстэмы цеплападагрэву газону. Як думаеце, чыя фірма зоймецца дынамаўскай траўкай? Швэйцарская! Выглядае на тое, што жыхары альпійскай краіны пасьля матчу леташняй вясной на раскіслым беларускім газоне вырашылі даць нам драбнічку эўрапейскай цывілізацыі. Вось дзякуй! А то сарамаціліся б увесну 2001-га перад нарвэжцамі...

Богусь Біятлянёнак


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0