Вас вiтае Масква!

 

Дарагi дружа, ты прыехаў у Маскву — «краiну, дзе ўсё «рэальна». А ў мяне ёсьць файны шанец правесьцi цябе Масквою. I пачнем мы вандроўку па Маскве «ад печкi».

Выходзiш зь цягнiка, якi толькi што даставiў цябе на Беларускi вакзал… Мэталёвы голас дыктаркі вітае цябе на чыстай беларускай мове: «Прыбыў цягнік...» Цябе адразу ж паглынае маскоўскi людзкi натоўп, якi ўмомант прымушае забыцца на ўсё тое, што засталося ззаду, такое роднае й блiзкае. Маскоўскi тлум сваiмi пачварнымi лапамi падхоплiвае і адразу робiць цябе сваёй адзiнкаю, пазбаўленай нейкае асаблiвасьцi — ператварае ў часьцінку шэрай масы…

Але вернемся на Беларускi вакзал. Там цябе сустрэнуць ня толькi родныя ды знаёмыя, але й натоўп тых, хто жадае за кошт тваёй кiшэнi трошкi падзарабiць.

Па-першае, гэта насiльшчыкi, напэўна, самыя шчырыя з гэтае катэгорыi: усё ж у iх ёсьць пэўныя, усталяваныя тарыфы, таму давяраць iм можна сьмела, але толькі да таго часу, як яны пачнуць прапаноўваць паслугi iх знаёмых кiроўцаў таксовак цi танныя кватэры (гэта хутчэй за ўсё будзе падманам).

Па-другое, гэта тыя самыя кiроўцы таксовак, дакладней, так званыя «падсадчыкi» — тыя, хто проста даводзіць да таксоўкi, а потым бярэ за гэтую паслугу грошы, дый таксоўка ня самая танная нават па маскоўскiх мерках (апошнiм часам такiя зьявiлiся і ў Менску). Калi таксоўка сапраўды вельмi неабходная, лепей адысьцi ад будынку вакзалу i лавiць машыну — масквiчы зарабляць любяць, таму праблемаў з гэтым ня будзе. Адзiнае што — нiколi не пытайцеся, колькi гэта будзе каштаваць, кошт лепей назваць самiм (так прынята i таньней).

Па-трэцяе, гэта мiлiцыянты, якiя адразу пачнуць пытацца, што ў торбах i рэгiстрацыю (не павальна, канечне, а на выбар). Таму лепей квiткi не выкiдваць — зь iмi законна ў Маскве можна знаходзiцца да трох дзён (калi няма рэгiстрацыi, канечне).

Яшчэ адной непрыемнасьцю будуць так званыя «лахатроншчыкi» — тыя, хто будуць прапаноўваць бясплатныя прызы i г.д. Гэта, напэўна, самая непрыемная катэгорыя з тых, хто сустрэне цябе ў Маскве.

Вельмi нахабныя, навязьлiвыя, неадчэпныя. Здаецца, пра iх «бiзнэс» ведаюць усе, але ўсё адно яны знаходзяць сабе «клiентаў».

Таксама сустрэнуць цябе трохi наводдаль ад цягнiка гандляры рознаю дробязьзю — кiслым малаком i г.д. — гэта твае суайчыньнiкi, што прыехалi трохi падзарабiць.

Яшчэ сустрэнуць цябе людзi, што жывуць дзесьцi паблiзу вакзалу (туды iх не пускаюць) i прылеглай да яго станцыi мэтро — бамжы i прафэсiйныя жабракi. Пра першых нiчога асаблiва дрэннага, па-за своеасаблiвым пахам, сказаць нельга. Наконт жа прафэсiйных жабракоў — iх шмат, i рана цi позна зьявiцца жаданьне дапамагчы грашыма. Гэта зрабiць можна, але памятай, дружа, што зарабляюць яны, хутчэй за ўсё, больш, чым ты.

Вось што чакае цябе, калi ты прыедзеш у Маскву па справах, у госьцi цi проста так адпачыць...

Дзядзька Антось


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0